«Правоў у нас няма». Курсант прынцыпова сышоў з Акадэміі МУС і расказаў, што там адбываецца

18-гадовы Аляксандр свядома пакінуў другі курс Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Расчараваўся ў сістэме, якая здзекуецца з людзей, замест таго каб іх абараняць, піша Радыё Свабода.
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У гутарцы са Свабодай малады чалавек расказаў, якую няўстойку выставіла яму альма-матэр, хто з калегаў-«акадэмікаў» біў пратэстоўцаў і як распазнаць розных сілавікоў па рыштунку.


«Старшыня камісіі ратаваў сфальсіфікаваныя бюлетэні»

Ён паступіў на факультэт міліцыі Акадэміі МУС, бо збіраўся служыць у праваахоўных структурах. Першы курс прайшоў даволі спакойна. Крыж на далейшых планах паставіў драматычны жнівень 2020-га.

«На першым курсе на ахову парадку нас не прыцягвалі, усё абмяжоўвалася „падсадкай“ на трыбунах: хакей, Еўрапейскія гульні, канцэрты, іншыя дзяржаўныя імпрэзы, — успамінае ён. — А ўжо калі перавяліся на 2 курс, якраз стартавала выбарчая кампанія, паслалі на ахову ўчасткаў. 9 жніўня а 4-й раніцы прачнуліся, памыліся, паелі — дарэчы, больш за суткі не кармілі, некаторыя вярнуліся толькі на наступны дзень апоўдні».

Частку курсантаў у палявым рыштунку накіравалі ў распараджэнне раённых упраўленняў. Аляксандра ж размеркавалі ў школу Кастрычніцкага раёна, дзе месціліся адразу два выбарчыя ўчасткі. Форма адзення парадная — паўваўняны мундзір, белая кашуля. Але пра атмасферу свята гаворкі не было: курсантам адразу далі зразумець, з якой яны тут місіяй.

«Старшыня камісіі не стаў нешта прыдумляць, адвёў нас і сказаў: „Хлопцы, мы не можам нікому паказаць паперы, дадзеныя cфальсіфікаваныя...“ Ніхто гэтага нават не ўтойваў. Зрэшты, нам яшчэ на пачатку дня давялі: Лукашэнка выйграе. То-бок я ўжо раніцай ведаў, якія будуць вынікі... Зачапіла таксама тое, што ў патрулі і на ахову адпраўлялі 17-гадовых. Як можна да такой справы прыцягваць непаўналетніх?» — здзіўляецца ён.

Пасля закрыцця ўчасткаў «ахоўнікі» пераехалі разам з бюлетэнямі ў адміністрацыю таго ж Кастрычніцкага раёна. Падвозілі ўмацаванне з іншых участкаў, сядзелі, дзяліліся, у каго што здарылася цягам дня.

«Зайшоў намеснік начальніка РУУС: маўляў, будзе перадыслакацыя ў цэнтр, не хапае людзей, — працягвае суразмоўца. — Настрой сапсаваўся. Інтэрнэту ўжо не было, але падгружаўся Tut.by, бачылі кадры разгонаў. У выніку да стэлы адправілі 2–3 курсы. Мы праседзелі ў аддзяленні да 4-й раніцы, пакуль не сказалі, што вяртаемся на факультэт. Выйшлі на вуліцу, чакалі аўтобус. І якраз прыехалі два аўтазакі. Бачылі, як людзей выгружалі, прапускалі праз строй, жорстка білі. Жахлівае відовішча...»

Нягледзячы на пагрозы камандзіраў, Аляксандр разам з сябрамі сачылі за пратэстамі яшчэ ад чэрвеньскіх ланцугоў салідарнасці са зняволеным прэтэндэнтам у прэзідэнты Віктарам Бабарыкам. Не было яшчэ татальнага гвалту, сілавікі хапалі нешматлікіх мітынгоўцаў і грузілі ў мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў. Факты збівання калі і фіксаваліся, то адзінкавыя.

«Тады мы яшчэ не разумелі, як можна так абыходзіцца з людзьмі, бо прыйшлі ў акадэмію, каб стаць абаронцамі, а не карнікамі, — гаворыць ён. — Толкам не ведалі, што гэта за людзі ў цывільным, якім усё дазволена. Вядома, у кожнай структуры ёсць не зусім адэкватныя супрацоўнікі, гатовыя выканаць любы загад. Але не думалі, што яны сярод нас».

«Білі курсанты крымінальна-выканаўчага факультэту»

Аказалася, што па прыклады далёка хадзіць не трэба. У Кастрычніцкім РУУС па-садысцку білі затрыманых ягоныя ж саслужыўцы па міліцэйскай акадэміі. У прыватнасці, курсанты крымінальна-выканаўчага факультэту. Некалькі амапаўцаў выступалі «інструктарамі».

«На вялікі жаль, людзей білі хлопцы ў форме з пагонамі 3 курса, — канстатуе Аляксандр. — Таксама наша акадэмія, але не факультэт міліцыі ці следча-экспертны, а тыя, хто потым збіраецца працаваць пры турмах, ізалятарах, са зняволенымі. Фармальна яны адносяцца да ўнутраных войскаў, і вось такім чынам праходзілі „практыку“. Я такога імпэту зразумець не магу...»

Сілавікоў, якія больш як за два месяцы пратэстаў не раз адзначаліся беспрычыннай жорсткасцю, няма як ідэнтыфікаваць. Без знакаў адрознення, у балаклавах — не разумееш, ці вайскоўцы, ці міліцыянты, ці проста бандыты.

У часе першых маршаў мінчукі звярнулі ўвагу на ачапленне вакол стэлы «Мінск — горад-герой». Здалося, што там стаялі перапалоханыя падлеткі.

«Курсанты вайсковай акадэміі, — адразу ідэнтыфікуе Аляксандр. — Шмат сяброў яшчэ са школьных часоў, рэгулярна кантактуем, дагэтуль выганяюць 2–3 курсы. Незразумела чаму, але сапраўды бяруць самых нізкарослых і кідаюць да стэлы, за калючы дрот. Па сутнасці, учорашнія падлеткі, якія да аховы парадку не маюць ніякага дачынення».

Што тычыцца так званых «алівак» — байцоў у балотных камбінезонах, якія сёлета ўзяліся быццам ніадкуль, — суразмоўца вызначае іх як унутраныя войскі МУС.

«У такія камбезы для разгону на акцыях, дзе не патрэбныя шчыты і шаломы, апранаюць унутраныя войскі. Гэта дакладна не АМАП, тыя традыцыйна ў чорным, хоць не выключана, што ў нейкіх выпадках могуць прыкінуцца кім заўгодна. Калі цывільныя, то амаль адназначна групоўка ГУБАЗіК», — кажа Аляксандр.

Акадэмія МУС сваіх выхаванцаў апранае ў іншы колер — у цёмна-сінюю палявую форму.

«Так, наша форма цёмна-сіняя. Пагоны перавернутыя, сваю прыналежнасць нельга нікому паказваць, гэта забаронена... Па сутнасці, сёння супраць пратэстоўцаў кінутыя ўсе наяўныя сілы, уключна з курсантамі», — кажа ён.

«Сістэма падрыхтоўкі праваахоўнікаў — не для сумленных людзей»

Ці ёсць гіпатэтычныя шанцы адмовіцца ад удзелу ў сілавых «зачыстках»? Наколькі рэальна спаслацца на ўнутраны пацыфізм або на тое, што «вера не дазваляе?»

«Правоў у нас няма. Я сышоў паводле ўласнага жадання, каб без праблемаў. Надта марудная працэдура выключэння, а мне трэба было хутка, бо калі ўладкоўвацца на працу, просяць характарыстыку. Ну, і ясна, што дапытваліся: можа, у цябе бацькі „бел-чырвона-белыя“ ці сам такі? Людзі ў адміністрацыі чэрствыя. Калі казаў, што сыходжу праз маці, адкрытым тэкстам заявілі: „Ты сваёй сям’і нахер не патрэбен, аддалі сюды, каб не перашкаджаў“. Дзіўныя рэчы, непрыемна».

Бальшыня афіцэраў да курсантаў ставіцца як да непаўнавартасных, дзеліцца ўласным досведам Аляксандр.

«Ёсць афіцэры нармальныя. Сышоў палкоўнік, начальнік факультэту. Інтэлігентны, разумны, ня вытрымаў беззаконня. Як і некаторыя іншыя. Аднак бальшыня бачыць сваю місію ў тым, каб прыніжаць, абражаць. Як над намі быў кіраўнік, дык чалавекам сябе не адчуваеш. Паршывы сабака, не больш. Не адпускаюць дадому, калі падыходзіць тэрмін. Чапляюцца да прыборкі, каб зняць з нараду і паставіць наноў. Чалавек за суткі паспаў 4 гадзіны, а яго адпраўляюць паўторна. Не ведаю, кім трэба быць, каб так ставіцца да падначаленых».

Думка завязаць з міліцэйскай кар’ерай наведала яго яшчэ да выбараў. Пераломным момантам стала тое, як начальства «змагалася» з каронавірусам. Тая імітацыя раскрыла вочы на рэальныя рэчы: жыццё курсантаў для камандавання нічога не вартае.

«Адчуў на сабе сістэму і зразумеў, што гэта абсалютна не маё. Скажам так, не для сумленных людзей. Усё „заточана“ на тое, каб зрабіць бязвольным, тупым. Паслявыбарны гвалт стаў апошняй кропляй, але думкі з'явіліся яшчэ ў траўні. У нейкі момант у акадэміі захварэлі практычна ўсе. Нас нават не спрабавалі адправіць на дыстанцыйнае. Сядзелі кучай у аўдыторыях, хадзілі строем, спалі ў адным памяшканні. Ніякія маскі не дапамаглі б, хоць асабліва і на іх не настойвалі».

Толькі пасля таго, як у 90% навучэнцаў на ягоным курсе пацвердзіўся каронавірус, факультэт міліцыі выправілі на ізаляцыю — занялі аж два паверхі акадэмічнага інтэрнату.

«Тры тыдні мы там паляжалі, і нас выпусцілі. Ніякіх тэстаў больш не рабілі — маўляў, неабходны тэрмін адбылі, значыць, здаровыя. Гэта пры тым, што былі хлопцы, якія па-ранейшаму не адчувалі ні паху, ні смаку. Усіх зноў адвезлі ў акадэмію, ніхто нават не слухаў, што людзі хворыя і могуць заразіць усіх зноў», — расказвае Аляксандр.

«Няўстойку за звальненне выставілі — як за паўтара года „папіццот“»

«Адказнікам» альма-матэр выстаўляе рахункі, якімі трывала прывязвае да сябе навучэнцаў — каб тыя меней задумваліся пра цывільную альтэрнатыву.

«Хлопцы, якія адлічваліся крыху раней, атрымалі чэк прыкладна на 6,5 тысячы долараў у эквіваленце. Адпаведна, у мяне дзесьці 7 тысяч, гэта пад 18 тысяч рублёў — за адзін курс навучання. Вылічваюць за ўсё: за ежу, форму, падручнікі, навучальны працэс, нават камунальныя паслугі. Ну, і ўсю стыпендыю за гэты час: калі я сыходзіў, на другім курсе яна складала 356 рублёў. Дзяржава мае намер вярнуць усё дарэшты».

Гэта той выпадак, калі судзіцца бессэнсоўна, лічыць былы курсант. Хіба толькі з пацверджаннем хваробаў, атрыманых у сценах акадэміі.

«Абсалютна ва ўсіх пагаршаецца здароўе, — кажа ён. — Многія, хто адлічваўся, ужо непрыдатныя да службы ў войску, хоць год-два таму падыходзілі акадэміі. Я быў абсалютна здаровы, калі паступаў, а цяпер у мяне за 10 дыягназаў. Менавіта за час вучобы з'явіліся, з такім „букетам“ туды не ўзялі б. За месяц, што я дома, так падарваць арганізм немагчыма. Таму некаторыя маюць намер судзіцца: калі акадэмія зрабіла нас „непрыдатнымі“, за што ёй плаціць? Хоць нечага дамагчыся вельмі складана».
Цяпер перад Аляксандрам маячыць войска. Ёсць адтэрміноўка праз стан здароўя, але невядома, як надоўга.

«Атрымаў позву, прайшоў медкамісію. Далі адтэрміноўку, цяпер вось дадатковыя абследаванні. Альтэрнатыўная служба пры цяперашняй уладзе таксама не варыянт: будзе сэнс, калі сістэма зменіцца і падыходы да войска перагледзяць. Можна адслужыць 2 гады паводле кантракту, напрыклад, ва ўпраўленні надзвычайных сітуацый, і тады армія пойдзе ў залік. І варыянт, каб не плаціць доўг акадэміі. Пакуль вымушаная паўза, разглядаю праграму Каліноўскага, каб не спыняць вучобу. Паглядзім...»

«Каб не кабальныя ўмовы, з акадэміі ўсе б даўно паразбягаліся»

Паводле Аляксандра, каб не кабальныя ўмовы, Акадэмія МУС ужо стаяла б напаўпустая. Бальшыня маладых людзей не прымаюць ідэалогіі, якая грунтуецца на голай сіле, хоць і вымушаныя падпарадкоўвацца.

«Выгналі з 4 курса хлопцаў, якія пайшлі на мітынг. Быў разбор, запісалі ледзь не ў здраднікі. Любое выказванне спыняюць адразу ж, пагражаюць адлічэннем, звальненнем з органаў. Маўляў, гэта антыдзяржаўна, сілавікі павінны быць на баку прэзідэнта, а ўсе пратэстоўцы — бандыты. Вядома, трызненне мала хто ўспрымае, але ў бальшыні няма выбару. Прыехалі з вёсак, хацелі служыць, добра вучыліся. І, нават бачачы маразм, не могуць сысці, бо непад’ёмная няўстойка. Каб не гэта, паўцякалі б усе. Пагроза арміі і доўгу спыняе».

Сваіх калегаў, якія засталіся ў акадэміі, Аляксандр называе «закладнікамі сістэмы». Дзядзькі ў пагонах камандуюць, «маладняку» застаецца толькі браць пад казырок. У іншым выпадку размова кароткая — ідзі прэч.

«Няма такога, як у міліцыянтаў на кантракце: сыходзіш — ну і ідзі. А курсанту ў выпадку адлічэння трэба кампенсаваць вялізную суму, і яшчэ забяруць у войска. Многія якраз і прыйшлі ў разліку на стыпендыю. Нямала са шматдзетных сем’яў, дзе няма магчымасці падтрымаць дзяцей. А так разгружаюць бюджэт, бо на забеспячэнні. І ўявіце: у чалавека трое братоў і сясцёр, а яму бац — прыходзіць разліковы ліст з тысячамі долараў доўгу. І застаюцца, хоць унутрана з пазіцыяй начальства не згодныя».

Аляксандр падтрымлівае сувязь з некаторымі былымі аднакурснікамі. Тыя ўсё больш наракаюць на маральную і фізічную стомленасць, не разумеюць, навошта прыцягваць на акцыі непадрыхтаваных дзяцей.

«Курсантаў туды-сюды возяць. А куды падзеліся кантрактнікі з АМАП, унутраных войскаў? Вучобы амаль няма, увесь час на ўзмацненні. Іншага жыцця ў іх няма. Прыйшлі па адукацыю, а сядзяць у засадах. У некаторых, мабыць, пачало крыху „дах“ прыціскаць, кажуць, што трэба пратэстоўцаў адлупцаваць, каб больш не выходзілі. Ня тое каб маргіналы ці „за бацьку“, проста хочуць, каб усё вярнулася ў спакойнае рэчышча. Зрэшты, такіх 10–15%. Астатнія цудоўна разумеюць, што адбываецца. Адпаведна і галасавалі — за Ціханоўскую, за перамены».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: