Правы ці прыгажосць? Пра што забываюць 8 Сакавіка

8 Сакавіка. Міжнародны жаночы дзень. Адзіны ў годзе дзень, калі пра жанчын узгадваюць на ўсіх узроўнях, шырока і публічна.

І ў гэты дзень кожны бок будзе гучна казаць пра галоўныя важныя для жанчын рэчы, у асноўным на літару «п»: феміністычныя рухі нагадаюць пра правы, а прыхільнікі традыцыйных поглядаў — пра прыгажосць. А так хочацца ўзгадаць іншае важнае слова, без якога ці маюць значэнне ўсе гэтыя правы і прыгажосці? Пачуцці.

За святочнымі букетамі, якія часта дораць па інерцыі і традыцыі, за гучнымі і штампаванымі, як пад капірку, віншаваннямі дзяржслужбоўцаў, за агрэсіўнымі феміністычнымі заклікамі змагацца не за кветкі, зусім у ценю застаюцца менавіта пачуцці, якія ёсць у кожнай жанчыны у кожны дзень яе жыцця, ад самага нараджэння: у прыгожых і не вельмі, у прыгнечаных і эмансіпаваных. І вакол гэтых пачуццяў у нас, людзей, звычайна і круціцца ўсё наша існаванне.

Чаго вартае любое змаганне за правы, калі не дасягне сваёй галоўнай мэты — шчаслівага і паўнавартаснага жыцця?

Мне здаецца, сучасныя феміністычныя рухі ў нейкі момант пачынаюць займацца змаганнем дзеля змагання, выроўніваннем жанчын з мужчынамі дзе толькі можна. Але ж ці ў выроўніванні шчасце? Жанчыны дзе перамаглі, дзе актыўна змагаюцца за права кантраляваць свае цела і рэпрадукцыйныя функцыі, але па-ранейшаму ў большасці сваёй абіраюць стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей. Часта ў сённяшнім свеце нават коштам працэдуры ЭКА, якая надзвычай дарагая, пакутлівая і не заўжды заканчваецца паспяхова. За час яе існавання — 40 гадоў — гэтым чынам нарадзілася ўжо 8 мільёнаў дзяцей. Ці не лепшы гэта доказ таму, наколькі, пры ўсіх астатніх даступных жыццёвых сцэнарах, для жанчын найчасцей важней за ўсё застаецца сям’я і тое, што яны атрымліваюць дзякуючы сям’і?

Адна мая сяброўка вельмі ўзрадавалася, калі яе скарацілі за паўгады да пенсіі: нарэшце яна змагла мець вольны час, каб больш адпачываць і быць з роднымі. Бо нават пры некалькіх адмовах ад павышэння па працы яна вельмі стамлялася.

Сёння часта гучаць размовы пра няроўнае размеркаванне матэрыяльных рэсурсаў паміж мужчынамі і жанчынамі: апошнія працуюць на менш аплачваемых працах, не бяруць дадатковыя нагрузкі, не займаюць высокія пасады, некалькі гадоў знаходзяцца ў дэкрэце. Але пры гэтым чамусьці увагай абмінаюцца тыя самыя пачуцці — найважнейшая і зусім не матэрыяльная каштоўнасць, якую маюць жанчыны праз такія паводзіны. Жанчыны праводзяць больш часу з роднымі і дарагімі людзьмі, — а гэта невычэрпны эмацыйны рэсурс, які не кампенсаваць нічым матэрыяльным. Ці разумна тады здзіўляцца, што жанчыны будуць зноў і зноў збольшага выбіраць такі лад жыцця, ці разумна чакаць ад іх іншага, хай сабе і гендарна выраўненага, але не такога выгоднага ім выбару?

Жанчыны маюць права самастойна і без прымусу абірацца шлюбам, але, на жаль, гарантаваць ім узаемнае каханне і шчасце немагчыма ніякімі дэкларацыямі. Жанчыны ўсё часцей маюць права на партнёрскія роды, але ніхто не прымусіць партнёра ў гэтым удзельнічаць, калі той недастаткова эмпатычны. Ці калі яго проста няма. Можна колькі заўгодна прыдумляць механізмаў, што будуць вымушаць мужчын ісці ў адпачынак па дагляду за дзіцём — але якасць гэтага дагляду і глыбіня бацькоўскіх пачуццяў залежыць толькі ад асабістай адказнасці чалавека. Занадта шмат таго, што робіць нас шчаслівымі, усё гэтак жа знаходзіцца ў сферы міжасабовых стасункаў і залежыць не ад правоў ці законаў.

Хаця добрыя законы і правы, канешне, не зашкодзілі б ні ў якім выпадку, але, на жаль, ад нашай дзяржавы пакуль не выпадае чакаць ні таго, ні другога — пры ўсялякіх пафасных віншавальных сакавіцкіх прамовах. Пагатоў, няма сапраўднай ўвагі да жаночых пачуццяў нават там, дзе гэтаму не замінае заканадаўства. Але пра дыскрымінацыйныя нормы хаця б грамадскія арганізацыі ўсё ж кажуць гучна, а тыя «шэрыя зоны», дзе справа тычыцца індывідуальнага падыходу, застаюцца па-за ўвагай.

Іншая мая сяброўка не магла зацяжарыць, выконваючы ўсе неабходныя рэкамендацыі інтэрнэту, перачытаўшы процьму тэматычнай літаратуры. Пасля трэцяй спробы, звярнуўшыся ў паліклініку, нечакана адкрыла для сябе дзіўную норму ў выглядзе «спрабуйце яшчэ, чытайце менш, прыходзьце праз год». Пры усіх закліках дзяржавы нараджаць паболей дзяцей, пры перыядычных абяцаннях рознай фінансавай падтрымкі, акурат дзяржава і не ідзе насустрач людзям, якія так хацелі б нарадзіць дзіця і без усіх гэтых стымуляцый. Не трэба ж нават матываваць там, дзе можна проста дапамагчы!

Ды вось хоць у дактароў і няма наўпроставай забароны праводзіць неабходныя даследаванні, яны карыстаюцца сваімі нарматывамі: парушэння закону няма. Але для жанчыны, якая марыць пра дзіця, якая ўжо выбрала яму імя і раз-пораз ціхенька набывае чарговую цацачку, кніжачку («Раптам ўсё ж зараз?»), для гэтай жанчыны кожны месяц адбываецца такое пакутлівае чаканне, ці надышла жаданая цяжарнасць, потым яшчэ больш пакутлівае развітанне з так і не з’явіўшымся ў яе дзіцём. Бо за нашыя ж падаткі нам кажуць «прыходзіць праз год», — бо прынята так, а не нейкія там пачуцці.

Зрэшты, зусім не заўжды нашае шчасце залежыць ад дзяржавы, і гэта выдатна. Але гэта патрабуе персанальнай чалавечай адказнасці. Няма нічога кепскага ў тым, каб дарыць букеты, кепска, калі гэта — толькі даніна звычаю. Віншуючы матулю з 8 сакавіка, адкажыце сабе: ці часта вы тэлефанавалі ёй, заходзілі ў госці? Набываючы кветкі каханай, задумайцеся: ці верны вы муж, ці надзейны і шчыры партнёр, ці праяўляеце ўвагу і пяшчоту не толькі ў свята? Ці з павагай вы ставіцеся да калегі — вышэйшай, ніжэйшай ці роўнай вам у пасадзе, ці належным чынам цэніце яе працу? Ці спагадлівы вы бацька і брат, ці добры сябар — таму што ўсе кветкі свету не падораць таго шчасця, якое крыецца ў самых бескаштоўных і — адначасова — самых дарагіх рэчах.

А вам, дарагія чытачкі «Новага Часу», мы жадаем шчасця, шчасця і яшчэ раз шчасця. Няхай тыя, хто змагаюцца і за вашыя правы, і за вашую прыгажосць, ніколі не забываюць пра галоўнае і шануюць вашыя пачуцці. Няхай побач з вамі жывуць надзейныя і шчырыя людзі і няхай вашае жыццё будзе прыемным не адзін дзень у год, а кожны дзень.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: