Праз 30 гадоў Беларусь будзе экалагічным ізгоем?

Ці стала экалогія каштоўнасцю для беларусаў і ці можам мы яе адстаяць? Budzma.by паразмаўляла пра гэта з «Экадомам», адной з найстарэйшых экалагічных арганізацый Беларусі.
— Які ў Беларусі экалагічны імідж у свеце?

Марына Дубіна, актывістка: За ўвесь імідж мы адказаць не можам, таму будзем казаць толькі пра наш досвед. 20 гадоў таму ЕЭК ААН прыняла Орхускую канвенцыю для абароны правоў чалавека на спрыяльнае наваколле. Да яе далучыліся больш за 50 краін, у тым ліку Беларусь. «Экадом» якраз займаецца прасоўваннем яе прынцыпаў у нашай краіне. Калі ўзнікаюць праблемы, экалагічныя арганізацыі, актывісты могуць звяртацца са скаргамі ў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі. Ды вось, першы і адзіны прэцэдэнт, калі гэты камітэт прызнаў факт пераследу экалагічных актывістаў з боку дзяржавы, звязаны менавіта з Беларуссю. Антыядзерных актывістаў Таццяну Новікаву, Ірыну Сухій, Андрэя Ажароўскага штрафавалі і арыштоўвалі за тое, што яны спрабавалі пранесці на грамадскія слуханні альтэрнатыўны даклад ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Астравецкай АЭС, за спробу перадаць ліст грамадскасці аб нязгодзе з будаўніцтвам станцыі ў амбасаду РФ падчас візіту прэм’ер-міністра Расіі Мядзведзева, іх прэвентыўна затрымлівалі напярэдадні Чарнобыльскага шляху. Ажароўскага наогул дэпартавалі з забаронай уезду ў Беларусь цягам 10 гадоў. Наўрад ці гэта добра для іміджу Беларусі. Гэтак жа, як і будоўля АЭС.

Але нельга сказаць, што наша краіна сярод адсталых у плане рэалізацыі Орхускай канвенцыі. За апошнія 5 гадоў у нас значна памянялася заканадаўства, у тым ліку дзякуючы рэкамендацыям камітэта. З’явілася Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў экалагічна значных рашэнняў. Сёння людзі атрымалі права ўдзельнічаць у абмеркаванні нарматыўна-прававых актаў з сферы экалогіі. Гэта важны зрух. У 2014 годзе мы рабілі маніторынг сайтаў выканкамаў наконт таго, як яны інфармуюць жыхароў аб грамадскіх абмеркаваннях. Тады гэтую інфармацыю практычна немагчыма было знайсці. Нядаўна мы правялі паўторны маніторынг і бачым вялікае адрозненне: на першых старонках сайтаў з’явіліся асобныя раздзелы па грамадскіх абмеркаваннях, дзе нават размяшчаюцца выніковыя пратаколы слуханняў. Раней, каб пабачыць гэтыя пратаколы, нам даводзілася нават звяртацца ў суд.

У цэлым за гэтыя гады наша арганізацыя стварыла судовую практыку па доступе да правасуддзя па экалагічных справах. Цяпер у нас каля 50 спраў. І мы думаем, што ўжо наспела неабходнасць у абагульненні гэтай практыкі Вярхоўным судом.

«Мы ствараем працоўныя месцы!» і... адходы

— Якая галоўная экалагічная праблема ў Беларусі сёння, на вашу думку?

Таццяна Сініца, юрыст: Будоўля Астравецкай АЭС, а таксама новыя прамысловыя зоны з канцэнтрацыяй так званых «інавацыйных прадпрыемстваў, аналагаў якім не было ў Беларусі». Да прыкладу, Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк пад Мінскам або завод па вытворчасці фанерных пліт «Кронаспан» у Смаргоні. Кожнае прадпрыемства ў такіх зонах праходзіць ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Але паколькі гэтая вытворчасць пастаянна пашыраецца, які будзе сумарны эфект ад дзеяння ўсіх прадпрыемстваў прамзоны на нацбліжэйшыя населеныя пункты, незразумела. Гэта хвалюе людзей, яны звяртаюцца да нас па дапамогу. І праблема ў тым, што ў большасці выпадкаў людзі звяртаюцца постфактум, калі праекты ўжо прайшлі ўсе этапы ўзгаднення. Грамадзянам прапануюць абмеркаваць толькі іх уплыў на наваколле, але забываюць запытацца, ці хочуць грамадзяне гэтыя прадпрыемствы і тэхнапаркі ў прынцыпе. На гэтай стадыі паўплываць на нешта складана.

Да прыкладу, у раёне Нарачы збіраліся пабудаваць кароўнік у водаахоўнай зоне. Людзей не запыталіся, ці патрэбны ён увогуле, а адразу прапанавалі абмеркаваць яго ўплыў на экалогію. «Экадом» дапамог тады мясцовым жыхарам абараніць тэрыторыю — кароўнік будаваць не сталі. Іншы прыклад: жыхароў Маладзечна паставілі перад фактам, што за 3 і 18 кіламетраў ад горада збіраюцца пабудаваць два гіганцкія свінакомплексы на 100 тысяч галоваў на год. Гэта пры тым, што ў самім Маладзечне жыве каля 100 тысяч жыхароў. Улады шмат казалі пра новыя працоўныя месцы, але не распавядалі, колькі будзе адходаў. «Экадом» таксама ўдзельнічаў у гэтай справе, і ў выніку адзін свінакомплекс перанеслі далей ад Маладзечна, а праект другога быў дапрацаваны з улікам грамадскай экспертызы.

Але такое ўдаецца не заўсёды. На стадыі ўзгодненага праекта дамагчыся яго адмены можна альбо масавымі пратэстамі, альбо знайшоўшы сур’ёзныя парушэнні, для чаго трэба мець спецыяльныя веды. Але жыхары не павінныя быць экспертамі, з імі трэба лічыцца з самага пачатку.

Пра «спермакультуру» і бязатамную Беларусь

— «Экадом» ініцыяваў даследаванні «Энергетычная (р)эвалюцыя: перспектывы ўстойлівага развіцця энергетычнага сектара Беларусі». Там зробленая выснова, што калі мы пойдзем па новым сцэнары, то да 2050 года 92% электраэнергіі ў Беларусі будзе вырабляцца ветракамі, сонцам і іншымі аднаўляльнымі крыніцамі. Якая галоўная перашкода для выканання гэтага сцэнару?

Ірына Сухій, суаснавальніца арганізацыі, сябра праўлення: Адзіная перашкода — палітычная воля. Тэхналогіі гэта дазваляюць. Фінансы таксама знайсці можна. Нядаўна Кансорцыум сусветных банкаў з сукупным крэдытным партфелем у 2,4 трлн даляраў анансаваў перанакіраванне грашовых патокаў на аднаўляльныя тэхналогіі ў падтрымку Парыжскага пагаднення, якое рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы. Вядома, ёсць фактар ўплыву Расіі. Яна не зацікаўленая, каб наша краіна брала грошы на развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі ў еўрапейскіх банках. Але нават «Расатам» ужо заняўся вытворчасцю ветракоў. Таму што яны бачаць, як развіваецца гэты рынак і што сёння рэальна прыносіць прыбытак.

Увесь свет адмаўляецца ад выкапнёвага паліва і плануе праз 30 гадоў цалкам перайсці на аднаўляльную энергетыку. Калі Беларусь будзе жыць у сённяшняй парадыгме, то да 2050 года мы будзем з атамам і прыродным газам, але ў ізгоях. Так, некаторыя ківаюць на Трампа, які выйшаў з Парыжскага пагаднення. Але Амерыка — не Беларусь, Штаты праводзяць сваю экалагічную палітыку, незалежна ад слоў прэзідэнта.

У апошнім дакладзе Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату зроблены прагноз, што калі тэмпература на планеце павысіцца на 2 градусы, змены клімату будуць каштаваць у мільёны разоў даражэй, чым калі цяпер укладаць грошы ў альтэрнатыўную энергетыку.

— У гэтым годзе ў нас нарэшце быў прыняты закон аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі. Ці ўнесла ваша арганізацыя ўклад у гэта?

Ірына Сухій: «Экадом» займаўся экалагічнай сельскай гаспадаркай яшчэ да рэгістрацыі арганізацыі. У 1994 годзе я ўпершыню трапіла на курс па пермакультуры да Біла Морысана, які перавярнуў мой мозг. Мы першымі выдалі яго кнігу «Уводзіны ў пермакультуру» на рускай мове, прывезлі ў Мінск яго партнёра Скота Пітмана з лекцыямі. Пермакультура — гэта больш складаны ўзровень арганізацыі арганічнай сельскай гаспадаркі. У той час, вядома, гэта было вельмі экзатычным паняццем. «Якая спермакультура, вы што?» — казалі нам. І мы пачалі прасоўваць больш зразумелую ідэю арганічнай сельскай гаспадаркі, якая ўжо была сусветным трэндам. Пачалі з Міністэрства сельскай гаспадаркі. Напісалі ім ліст пра сучасныя падыходы, спыталі, ці бачаць яны перспектывы, запэўнілі, што гатовыя дапамагаць развіваць гэты кірунак. Але Мінсяльгас не выказаў цікавасці, маўляў, гэта падыходзіць толькі для лецішчаў ды асабістых падворкаў. І тады мы пачалі працаваць са СМІ — правялі некалькі буйных канферэнцый, аграфэстаў, і з фермерамі — навучалі іх прынцыпам арганічнай гаспадаркі, уручалі заахвочвальныя знакі «ў гармоніі з прыродай» тым, хто іх укараняў. Гэтую ідэю актыўна прасоўвалі і іншыя арганізацыі, напрыклад, Цэнтр экалагічных рашэнняў, Аграэкакультура. У выніку прыняты закон. Але гэта толькі першы крок.

Ці вырасла пакаленне, для якога экалогія стала каштоўнасцю?

Марына Дубіна: Калі яшчэ 5 гадоў таму на грамадскіх слуханнях было два мясцовыя жыхары, два журналісты і пара экспертаў, дык цяпер набіваюцца поўныя залы. Гэта сведчыць пра тое, што ў людзей прачнулася цікавасць да тэмы экалогіі. Іншае пытанне, што яны пакуль не разумеюць, як эфектыўна вырашаць пытанні. Але экалагізацыя свядомасці адбываецца паступова. Пакуль, напэўна, беларусаў больш хвалюе веласіпедны рух, экапрыязны лад жыцця і высечка дрэў у двары, а не атамная энергетыка або беларуска-кітайскі парк. Гэта ўжо іншы ўзровень адказнасці.

Ганна Кручкова

Дарэчы

У «Экадоме» сумесна з экалагічным таварыствам «Зялёная сетка» працуе «зялёны тэлефон» — «лінія для тых, хто гатовы вырашаць экалагічныя праблемы». Як распавяла менеджарка праекта Алена Дубовік, самыя частыя звароты датычацца высечкі і абрэзкі дрэў, стыхійных звалак. Ёсць скаргі на забруджванне паветра выкідамі з вялікіх прадпрыемстваў. У такіх выпадках мы рэкамендуем звярнуцца ў санслужбы, каб яны замералі фон, — кажа актывістка. — Гэта здаецца малаэфектыўным — прадпрыемства не спыніць сваю дзейнасць у выніку такіх званкоў. Але гэтыя выпадкі ўсё роўна важна фіксаваць, таму што, калі яны накопліваюцца і агучваюцца, у нейкі момант гэта ўжо становіцца відавочнай праблемай, і ўладам давядзецца вырашаць пытанне — аж да вынасу прадпрыемства за горад.

«Экадом» рэкамендуе

5 фільмаў, якія мяняюць экасвядомасць: «Выдатнае зялёнае», «Калі дрэва ўпадзе», «Чалавек», «Эрын Брокавіч», «Гісторыя рэчаў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: