«Праз гадзіну мы прыедзем з органамі». Кардыёлага з 25-гадовым стажам звольнілі з РНПЦ за фразу пра АМАП

Учора раніцай праўладныя тэлеграм-каналы зладзілі цкаванне лекара-кардыёлага з РНПЦ «Маці і дзіця» Алены Баранавай праз яе каментар у Facebook аб тым, што яна не хацела б лячыць сілавікоў і цёплых пачуццяў да іх не адчувае. Ужо праз некалькі гадзін Алена, якая прапрацавала ў РНПЦ 25 гадоў, была звольненая.

The Village Беларусь высветліў у яе падрабязнасці гэтай гісторыі.

— Учора днём я, як звычайна, вяла прыём у сваім кабінеце. Раптам мне патэлефанавалі рэгістратары і сказалі, што ў рэгістратуру патэлефанавала жанчына і спытала, ці ёсць у вас доктар Алена Белая. Белая — гэта маё дзявочае прозвішча, пад ім я і зарэгістраваная ў Facebook.

Паколькі я пачынала працаваць пад гэтым прозвішчам, многія мае даўнія пацыенты так мяне і пытаюцца, калі тэлефануюць запісацца на прыём, таму рэгістратары не адчулі ніякага падвоху і адказалі, што такі доктар сапраўды ёсць.

Тады гэтая невядомая жанчына сказала ў трубку: «А вы ведаеце, што гэтая доктар напісала пост, што яна ўсіх ненавідзіць і нікому нічога не даруе. Перадайце ёй, што працаваць яна тут больш не будзе. Праз гадзіну мы прыедзем з органамі».

Я імгненна ўспомніла гэты свой каментар, але не надала гэтаму званку вялікага значэння, унутрана ўсміхнулася. Падумала, напэўна, хтосьці проста палохае, як, бывае, робяць незадаволеныя пацыенты. Хоць незадаволеных пацыентаў, якія б пагражалі папрацаваць над маім звальненнем, у мяне ніколі не было. Я заўсёды ўмела знаходзіць агульную мову нават з самымі скандальнымі мамамі.

Алену выклікаў дырэктар РНПЦ.

— Калі я прыйшла, дырэктар трымаў перад сабой тэлефон, спытаў, ці ведаю я, чаму ён мяне выклікаў, я адказала, што не ведаю, ён удакладніў, пад якім прозвішчам я зарэгістраваная ў сацсетках і сказаў, што гаворка ідзе пра мой «выступ» у сацсетках — зачытаў услых мой каментар.

Далей ён сказаў: «Я не хачу нічога ведаць і слухаць. Лекар павінен быць па-за палітыкай. Мяне не цікавяць вашы эмоцыі і перажыванні, каго вы любіце ці ненавідзіце. Такі лекар у цэнтры мне не патрэбны. Вашы маральна-этычныя якасці не дазваляюць вам тут далей заставацца. Вы тут больш не працуеце. Пішыце заяву па пагадненні бакоў».

Я спрабавала нешта адказаць, сказала, што кожны чалавек мае права кагосьці любіць, а кагосьці ненавідзець. Паспрабавала растлумачыць, што напісала каментар на эмоцыях, таму што гэтая тэма мне блізкая, майго сына таксама затрымлівалі.

Ён сказаў, што не хоча нічога чуць, удавацца ў дэталі гэтай гісторыі не будзе, «вы самі ўсё разумееце», працаваць тут вы больш не будзеце. «Ручку і паперу даць?» — спытаў. «Не, дзякуй, у мяне знойдзецца», — адказала я і выйшла. Адтуль я адразу пайшла да загадчыцы аддзялення, сказала, што буду пісаць заяву. Яна нават не спытала, што здарылася — проста спакойна дала паперу. Адзінай яе просьбай было адпрацаваць да канца дня, а не адразу ісці дадому.

Праз пару гадзін я вярнулася да загадчыцы і папрасіла вярнуць заяву, таму што я хачу яшчэ падумаць — паслухала калег, якія ўгаворвалі не сыходзіць так адразу добраахвотна, бо ў мяне яшчэ не скончыўся кантракт. Але загадчыца сказала, што гэта немагчыма — загад аб звальненні ўжо гатовы і нават бухгалтэрыя ўжо разлічыла. Такая хуткасць мяне здзівіла, бо ў звычайны час звольніцца ў нас вельмі няпроста. Памятаю, калі некалькі дактароў спрабавалі сысці, іх пагражалі звольніць па артыкуле.

Алена Баранава была адным з першых дактароў-валанцёраў на Акрэсціна. Яна ўспамінае ноч, калі пачалі выпускаць першых затрыманых пасля выбараў.

— Тады я наглядзелася на гэтых знявечаных хлопцаў з сінімі попамі і выбітымі дубінкамі на целе крыжамі. Перш за ўсё мы іх адпойвалі і адкормлівалі, а калі хлопцы ўжо прыходзілі ў сябе і маглі гаварыць, то распавядалі, што іх не кармілі і не паілі, трымалі на каленях на бетоннай падлозе, праводзілі праз строй, збівалі і катавалі электрашокерам.

Адзін хлопец з хворым сэрцам распавядаў мне, што, калі яго збіраліся біць электрашокерам, ён паведаміў сілавікам пра сваё хворае сэрца. Яны сказалі: «Калі ў цябе хворае сэрца, мы цябе па старынцы». У яго быў выбіты сіні крыж на спіне і наперадзе. Усё гэта да гэтага часу выклікае ўва мне моцныя эмоцыі, гэта немагчыма забыць.

Лекарка ўзгадвае пра свой допіс у сацсетках, праз які яе звольнілі.

— Быў пост-разважанне доктара Андрэя Любецкага пра АМАП, апублікаваны 12 лютага. Ён там задаваўся пытаннем, маўляў, пра што думаюць гэтыя сілавікі, якія б'юць усіх запар, раптам ім пад дубінку трапіцца доктар, да якога яны потым прыйдуць, або дзіця гэтага доктара? Мне гэтая тэма блізкая — у мяне затрымлівалі сына, таму я адрэагавала эмацыйна і пакінула такі каментар. Калі ўдумацца, то ён сапраўды чыста эмацыйны і гіпатэтычны, бо я працую з дзецьмі — амапавец да мяне на прыём у прынцыпе не прыйдзе.

З чыёй падачы зладзілі гэтае цкаванне ў праўладных тэлеграм-каналах, я не ведаю, але, па-мойму, першай скрын майго каментара апублікавала ў сваім тэлеграм-канале Святлана Жыгімонт (мастачка з актыўнай праўладнай пазіцыяй, малюе карціны, якія высмейваюць пратэстоўцаў. — Заўв. рэд.). Я не ведаю, ці ўзаемазвязаныя гэтыя падзеі, але не так даўно мы абмяняліся думкамі з яе мужам Паўлам Жыгімонтам у каментарах пад пастом. Ён апублікаваў новую працу сваёй жонкі «Жаночы марш» са словамі «Таленавіта, прафесійна, проста геніяльна», а «дэбілаў ад рэвалюцыі прашу не каментаваць». Я ўсё ж дазволіла сабе пракаментаваць і дала прафесійную рэкамендацыю аўтару працы пракансультавацца ў лекара. Пад маім каментаром здарылася невялікая слоўная сварка, але мой каментар быў адным з многіх, прычым вельмі спакойным, я нікога не абражала, іншыя каментатары былі нашмат больш рэзкія. Чаму зацікавіліся менавіта мной, незразумела.

Распавяла Алена Баранава і пра затрыманне сына.

— На шчасце, з маім сынам не адбылося нічога вельмі жудаснага. Яго затрымалі на адным з маршаў, усю ноч я не магла знайсці, дзе менавіта ён знаходзіцца, а 6:30 раніцы знайшла ў Жодзіне, пасля суда праз пару дзён яго выпусцілі.

— Якая наогул атмасфера была ўвесь гэты час у вашым РНПЦ? Супрацоўнікі заяўлялі аб сваёй грамадзянскай пазіцыі? Кіраўніцтва з вамі праводзіла гутаркі пра «патрыятызм?

— Наш РНПЦ не выходзіў у ланцужкі салідарнасці, як гэта рабілі іншыя, але супрацоўнікі досыць аднадушныя ў сваёй грамадзянскай пазіцыі і рознымі спосабамі яе выказваюць. Прынамсі, у нашым аддзяленні ёсць усяго некалькі чалавек, якія трымаюць нейтралітэт або прыхільнікі рэжыму. Пры гэтым з настойлівым ціскам з боку кіраўніцтва мы не сутыкаліся.

Пасля таго, як лекараў пачалі затрымліваць і кідаць на «суткі», многія дактары нашага цэнтра выйшлі з дзяржаўнага прафсаюза. Нас ніхто не ўгаворваў адумацца і не ціснуў.

Нашы лекары масава падпісаліся пад зваротам супраць звальнення Андрэя Вітушкі (Андрэй Вітушка працаваў у РНПЦ «Маці і дзіця» рэаніматолагам, усю яго сям'ю затрымалі ў жніўні, пасля гэтага Андрэя хацелі адразу ж звольніць, але калегі масава заступіліся за яго. У лістападзе з ім не працягнулі кантракт — Заўв. рэд.). Подпісаў было вельмі шмат, Вітушку сапраўды тады не звольнілі, але сталі хадзіць чуткі, што прозвішчы ўсіх, хто падпісаўся ў яго абарону, ляжаць у дырэктара і ў органах, і пры найменшай магчымасці гэтых людзей будуць звальняць. Але падпісантаў было так шмат, што тады давялося б звольніць палову цэнтра.

Яшчэ мы любім паэксперыментаваць з формай — некаторыя пад белы медыцынскі жакет апранаюць чырвоныя майкі. У спалучэнні з белымі штанамі самі разумееце, як гэта глядзіцца. Кіраўніцтва з гэтай нагоды перыядычна рабіла заўвагі. Яшчэ мы сабе замовілі новыя бэйджыкі на беларускай мове, расфарбоўка ў іх таксама чырвона-белая, але такімі ў дактароў яны былі даўно. Нейкі час насілі бэйджы з «0 праміле» ў падтрымку Арцёма Сарокіна — заўваг з гэтай нагоды нам ніхто не рабіў.

Хтосьці з дактароў пачаў размаўляць на беларускай мове, што спалохала кіраўніцтва, яму сказалі: «Не смейце! Вы што, рэвалюцыянер і хочаце рэвалюцыю?».

Пару разоў летам я прыходзіла на працу з бранзалетам «Жыве Беларусь». Старшая медсястра прыходзіла да мяне з патрабаваннем зняць яго, на што я проста ўсміхалася і казала, што вельмі вас паважаю, але здымаць бранзалет не буду, таму што не раблю нічога супрацьзаконнага.

Чула, што ўчора пасля майго звальнення, калег, разам з якімі мы выйшлі з прафсаюза, выклікалі на прафілактычную гутарку.

— Якія ў вас цяпер планы, ці вы пакуль не паспелі пра гэта падумаць?

— Паспрабую шукаць працу, я вельмі люблю медыцыну і на працу заўсёды хадзіла з задавальненнем. Вельмі не хацелася б з'язджаць з краіны, мне падабаецца Беларусь, але думка аб пераездзе, вядома, круціцца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: