«Праз імглу апошняй ночы, крочыць Белы Легіён…» (фота, відэа)

У сталічнай кнігарні Логвінаў прайшоў інтэлектуальны марафон салідарнасці з усімі затрыманымі ды пацярпеўшымі ад рэпрэсіяў цягам сакавіцкіх падзеяў. Удзел прынялі вядомыя паэты, празаікі, філосафы ды музыкі.


Паэт Андрэй Хадановіч, які выступіў у якасці нефармальнага вядучага імпрэзы, абвесціў, што арганізатарамі з’яўляюцца ўсе тыя, хто ані хвіліны не думаючы пагадзіўся ўдзельнічаць у марафоне. Склад удзельнікаў атрымаўся сапраўды зорны: ад Уладзіміра Мацкевіча да Лявона Вольскага, вяршкі беларускай інтэлектуальнай ды творчай эліты.


Сам Хадановіч пасля чытання вершаў Чэслава Мілаша ўзяў гітару ды праспяваў “Муры” Яцэка Качмарскага — легендарную песню з часоў супрацьстаяння з прасавецкім рэжымам у Польшчы. Выступоўцы яшчэ неаднаразова на працягу вечару будуць звяртацца да класікаў мінулых гадоў (Коласа, Гавэла, Сыса…), якія супрацьстаялі аўтарытарызмам рознага кшталту: у Беларусі, нажаль, ізноў гэта актуальна.


“Я ведаў шмат каго з тых, хто зараз праходзіць па “Справе патрыётаў”, — кажа кіраўнік Саюза пісьменнікаў Барыс Пятровіч, — Гэта сапраўдныя патрыёты, на такіх людзях трымаецца Беларусь. Зараз іх трэба ўсялякім чынам падтрымліваць. Патрыёт не злачынца!”

Алесь Мікус і Ніна Шыдлоўская

Нечаканасцю для некаторых стаў выступ Алеся Мікуса, які на дудзе зайграў гімн “Белага легіёну”. Прысутным раздалі раздрукаваныя словы, таму падпявалі нават маладзёны, якія ў часы дзейнасці арганізацыі яшчэ хадзілі ў дзіцячы садок ці школу: “Праз імглу апошняй ночы, крочыць Белы легіён…”, — з кожным куплетам гучала ўсё больш упэўнена.

Да месца аказаліся і песні Лявона Вольскага, які заўжды спалучаў тэму кахання і гумару з патрыятызмам і геройкай: “Роля героя” ды “Ламай сцэнар” прайшлі на “ура”.


Агулам у марафоне прынялі ўдзел дзесяткі творцаў: Валянціна Аксак, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Жыбуль, Андрусь Такінданг, Аксана Шэлест, Вера Бурлак, Сабіна Брыло ды шмат хто іншы.

Фота Уладзіслава Рубанава

Відэа Уладзіслава Рубанава


Відэа Анатоля Мяльгуя


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-04-19 11:14:36
"Усё пераацэнена, / Усё агнём гары! / Бандзюкі ўсе пісьменнікі, А з імі й кнігары." (Зміцер Дзядзенка; цалкам верш можна прачытаць тут: http://belisrael.info/?p=10248 )

Каментаваць