Праз удзел у страйку звальняюць слесара-рамонтніка, які 20 гадоў адпрацаваў на БМЗ

29 верасня Віталь Савельеў атрымаў апавяшчэнне, што з ім не будзе працягнуты працоўны дагавор з 4 лістапада.
Паўтара месяца таму, 17 жніўня, работнікі Беларускага металургічнага завода заявілі пра страйк і прыпынілі працу ўсіх трох даменных печаў. Такім чынам яны выказвалі пратэст супраць несправядлівых выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

Да работнікаў выходзіла адміністрацыя. У прыватнасці, намеснік генеральнага дырэктара Мікалай Анелькін абяцаў, што нікога за страйк караць не будуць. Аднак у верасні на заводзе выйшла распараджэнне аб поўным пазбаўленні стымулюючых выплат 12 чалавек, якія ўдзельнічалі ў спробе забастоўкі.

Міліцыя расцаніла сход з кіраўніцтвам завода як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і склала пратаколы. У прыватнасці, ужо як мінімум два работнікі завода — Віталь Савельеў і Сяргей Кураленя — арыштаваныя на 12 сутак.



29 верасня слесар-рамонтнік Савельеў атрымаў апавяшчэнне, што з ім не будзе працягнуты працоўны дагавор з 4 лістапада. Працоўны паведаміў БелаПАН, што на заводзе працуе 20 гадоў, дзякуючы яму на прадпрыемстве ўкаранілі рацыяналізатарскую прапанову, якая дапамагла зэканоміць значныя грошы. «На завод мяне ўзяла камісія з дваццаці чалавек. Мяне прымалі, таму што мой айчым загінуў на гэтым заводзе. Я дваццаць гадоў тут працую, а зараз такое... І ніхто не хоча мяне слухаць. Я з 2015-га па 2019 год бегаў за кіраўніцтвам з рацыяналізатарскай прапановай. Мне павінны былі даплаціць за яе, але выйшла ў выніку смешная сума...» — сказаў слесар.

Савельеў не знаходзіцца ў праўладным прафсаюзе і спадзяецца на прававую дапамогу незалежнага прафсаюза.

gomel.today

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: