Прэйгерман патрабуе ад «Белсата» афіцыйных выбачэнняў за неаб’ектыўнае асвятленне «Мінскага дыялогу»

Арганізатары Форума «Мінскі дыялог» патрабуюць ад кіраўніцтва тэлеканала «Белсат» афіцыйных выбачэнняў «за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста». У адваротным выпадку пагражаюць «спыніць любую супрацу з тэлеканалам «Белсат», а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства».
Фота minskdialogue.by

Фота minskdialogue.by

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце за подпісам кіраўніка экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўгена Прэйгермана на імя кіраўніцы “Белсата” Агнешкі Рамашэўская-Гузы.

Арганізатарам форума з’яўляецца экспертная ініцыятыва “Мінскі дыялог”.

Па стане на 11 чэрвеня на тэлеканале выйшла больш за 10 матэрыялаў, якія асвятлялі працу форума ці выкарыстоўвалі запісаныя на форуме інтэрв’ю з яго ўдзельнікамі. Прытым некаторыя з гэтых матэрыялаў не даюць спасылкі на форум. …Агулам пры азнаямленні з прысвечанымі форуму матэрыяламі “Белсат” цяжка не заўважыць тэндэнцыёзнасць рэдакцыйнай палітыкі”, — гаворыцца ў лісце да Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

Мы пакідаем спадзеў, што ўзгаданыя і іншыя матэрыялы адлюстроўваюць непрафесіяналізм і тэндэнцыёзнасць асобных журналістаў і рэдактараў “Белсат”, але не пазіцыю кіраўніцтва тэлеканала. Таму мы звяртаемся да Вас з прапановай зрабіць афіцыйную заяву з прабачэннямі на адрас арганізатараў і партнёраў Форума “Мінскага дыялогу” за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста.

Калі да 25 чэрвеня 2018 г. у эфіры і на сайце тэлеканала “Белсат” такая заява не будзе зроблена, мы будзем лічыць, што кіраўніцтва тэлеканала афіцыйна падпісваецца пад усімі словамі сваіх журналістаў.

 У такім выпадку “Мінскі дыялог” са свайго боку будзе вымушаны цалкам спыніць любую супрацу з тэлеканалам “Белсат”, а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства”.

Гэты ліст быў адпраўлены на адрасы аднаго з супрацоўнікаў тэлеканала "Белсат" і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік Belsat TV у Беларусі, падкрэслівае, што арганізатары Форуму першапачаткова былі негатыўна настроеныя да журналістаў "Белсата":

"Спадар Прэйгерман, відаць, вырашыў, што лепшая стратэгія абароны — гэта напад. Мы дагэтуль не атрымалі ад яго тлумачэнняў у сувязі з адмоваю ў акрэдытацыі журналістаў "Белсату" для працы на "Мінскім дыялогу". Кіраўнік Форуму сцвяржае, што напярэдадні мерапрыемства ён накіраваў каналу ліст, у якім дазволіў акрэдытаваць нашых журналістаў для працы на "Менскім дыялогу", а таксама кажа, што арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб нашыя калегі маглі паўнавартасна працаваць у гатэлі "Mariott".

Па-першае, ні я, прадстаўнік "Белсату" у Беларусі, ні хто-кольвек з дырэкцыі каналу, гэтага ліста не атрымлівалі. Па-другое, рашэнне пра акрэдытацыю нашых журналістаў на "Мінскі дыялог" было прынятае Яўгенам Прэйгерманам толькі пасля ўмяшання ў справу намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага ды прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Да гэтага, за дзень да сканчэння працэдуры акрэдытацыі ў працы на форуме нам было адмоўлена без тлумачэння прычынаў. На мае шматлікія тэлефанаванні Яўген Прэйгерман не адказваў, іншыя прадстаўнікі дырэкцыі "Менскага дыялогу" дапамагчы ў развязанні праблемы не змаглі.

Таксама выклікае здзіўленне той факт, што свой ліст да спадарыні дырэктар Агнешкі Рамашэўскай-Гузы спадар Прэйгерман накіраваў не асабіста, а праз калегаў. Нагадаю спадару Яўгену, што спадарыня Агнешка даступная для кантакту ў Facebook ды праз асабісты email, знайсці які кіраўніку "Мінскага дыялогу", упэўнены, зусім не складана.

Спадарыня дырэктар прасіла перадаць, што адказ на свой ліст Яўген Прэйгерман атрымае ў акрэслены ім тэрмін. Дадам таксама, што з апісанымі закідамі да нашых журналістаў мы не згаджаемся".

23-25 траўня 2018 г. адбыўся першы Форум “Мінскага дыялогу”, які сабраў у беларускай сталіцы каля 500 удзельнікаў з 59 краін. Сярод іх — прадстаўнікі аналітычных цэнтраў і акадэмічных устаноў з краін ЕС, Расіі, ЗША, краін “Усходняга партнёрства”, Кітаю і іншых краін.


Паводле baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-06-12 14:57:45
Ніхто не забароніць мне лічыць, што "Белсат" - малапрафесійны канал, які часта пакутуе на тэндэнцыйнасць (гл., напрыклад, тут: http://belisrael.info/?p=4311 - тэкст 2015 г., які ўскосна тычыцца і "Новага часу").
Да "Мінскага дыялога" таксама стаўлюся скептычна, у прыватнасці і праз ліст Я. П., дзе нямала памылак.
Так лепей? :)
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-12 15:16:30
Мяркую тут праблема ў БЕЛАРУСКАЙ свабодзе слова. Шмат хто з чытачоў і прадстаўнікоў сучасных незалежных СМІ меня терпеть ненавидят, хоць ніколі не сустракаў, не бачыў. Апошнім часам не друкуюць. І ўсё ж пара, людцы, займацца не б-ч-б справамі, не справамі б-ч-б зя-ідэалогіі, а свабодай слова ды свабодай іншай думкі ў СМІ на Беларусі. Мо тады праз свабоду слова калі-небудзь й да дэмакратыі - ўлады падкантрольнай народу - дойдзем. Бо ці наўрад беларуская дэмакратыя зваліцца нам на галаву сама, як некалі ў снежні 1991 у Віскулях звалілася на наш карак незалежнасць. Да таго ж незалежныя СМІ мелі амаль трыццаць гадоў, каб аснову будучай беларускай дэмакратыі, якой ёсць свабода слова=свабода іншадумства, змайстраваць. Але не да яе было. Зя-ідалапакланеннем займаліся. Хопіць бальшавізму!

Сённяшні прыклад: да аднаго і таго ж артыкула таго самага аўтара пакінуў адзін і той жа камент на Беларускім партызане і БелРынку, але з Рынку ён знік. І каментар і артыкул датычныя Форума «Мінскі дыялог».