Прэмію імя Сахарава атрымала дэмакратычная апазіцыя Беларусі

Прэстыжную прэмію імя Сахарава сёлета атрымала дэмакратычная апазіцыя ў Беларусі ў асобе Каардынацыйнай рады, ініцыятывы смелых жанчын, палітычных дзеячаў і дзеячаў грамадзянскай супольнасці.


Лаўрэата прэміі абраў прэзідыюм Еўрапарламенту, у які ўваходзяць спікер і старшыні ўсіх сямі фракцыяў. Дэмакратычная апазіцыя ў Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай Радай, ініцыятывай смелых жанчын — асноўным кандыдатам ад апазіцыі Святланай Ціханоўскай; лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч; музыкам і палітычным дзеячам Марыяй Калеснікавай; палітычнымі актывісткамі Вольгай Кавальковай і Веранікай Цапкала, а таксама палітычнымі дзеячамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці — відэаблогерам і палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім; Алесем Бяляцкім, заснавальнікам беларускай праваабарончай арганізацыі "Вясна"; Сяргеем Дылеўскім; Сцяпанам Пуцілам, заснавальнікам Telegram-канала NEXTA; і Мікалаем Статкевічам, палітвязнем, кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года.

Цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў Страсбургу 16 снежня.

Прэмія "За свабоду думкі", названая ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, была заснавана ў Еўрапейскім парламенце ў 1988 годзе, яе прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, якія вызначыліся ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў. Памер прэміі складае 50 тысяч еўра. У 2018 годзе лаўрэатам прэміі стаў ўкраінскі кінарэжысёр Алег Сянцоў, які ў той час знаходзіўся ў расійскай турме. У 2019 годзе ёй быў уганараваны кітайска-уйгурскі эканаміст і праваабаронца Ільхам Тохці, які адбывае пажыццёвае зняволенне.

Сёлета ў канчатковы спіс, акрамя беларускай апазіцыі, увайшлі архіепіскап іракскага горада Масул Наджыб Міхаэль Муса, а таксама група экалагічных актывістаў з Гандураса.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: