Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Прэмію «За свабоду думкі» атрымаў Зміцер Дашкевіч

На радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёна, 17 чэрвеня прайшлі ўрачыстасці да 93-х угодкаў пісьменніка, у тым ліку была ўручана прэмія «За свабоду думкі».
Фота Элы Дзвінскай

Фота Элы Дзвінскай


Гэтым разам прэмію атрымаў лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Палітык адзначаны за кампанію абароны Курапатаў, узнагароду ён атрымаў з рук краязнаўцы Ады Райчонак.
Прэмія «За свабоду думкі» існуе з 2008 году, за гэты час яе атрымлівалі славутыя паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратары і палітыкі Ўладзімер Някляеў і Павал Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыка Лявон Вольскі, спевакі-барды Зміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч. Рэжысэр Валер Мазынскі атрымаў дыплом лаўрэата летась.

Чытайце таксама: Свабоды не бывае без свабоды думкі (фотарэпартаж) 


Сёлетняя прэмія юбілейная, яна ўручаецца дзясяты раз.

Паводле традыцыі, лаўрэаты атрымалі памятны дыплом і скульптуру аўтарства Віктара Копача.
Ляўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» абірае адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы, уганараваныя гэтым званнем у мінулыя гады. У лік намінантаў трапляюць тыя, хто найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадскай, прафесійнай альбо творчай дзейнасці на карысць Беларусі і свабоды.
Фота Аксаны Колб

Як і ў мінулыя гады, сёлетнія ўрачыстасці на радзіме Васіля Быкава традыцыйна ладзілі віцебская абласная філія Таварыства беларускай мовы і рух «За свабоду».





Каментаваць