
«Збіццё, раненні, затрыманні. Ператрусы, арышты, суды. Блакаванні сайтаў, адмова ў друку, пазбаўленне статуса СМІ, — адзначаецца на тытульнай старонцы рэсурса. — Беларускіх незалежных журналістаў і медыя больш не абараняюць ні закон, ні камізэлькі з надпісам «Прэса», ні пасведчанні.
Ужо некалькі месяцаў, са жніўня 2020 года, журналісты, рэдактары, фотакарэспандэнты працуюць без нармальнага адпачынку, на адрэналіне. А яшчэ яны начуюць ля РУУС і ізалятараў часовага ўтрымання, куды адпраўляюць іх калегаў, праводзяць акцыі салідарнасці, патрабуюць сустрэч з кіраўніцтвам МУС... І працягваюць рабіць сваю працу: знаходзіць і распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі тут і цяпер.
Мы вымушаныя канстатаваць, што на момант апублікавання праект «Прэса пад прэсам» не можа лічыцца завершаным: колькасць пацярпелых журналістаў павялічваецца, гісторый становіцца ўсё больш, яны знаходзяць працяг. Так, на галоўрэда «Нашай Нівы» ўжо пасля запісу падкаста з ім завялі крымінальную справу «за паклёп». Многіх журналістаў затрымліваюць і саджаюць у другі, трэці раз — лёгка збіцца з рахунку. Таму мы будзем працягваць запісваць гісторыі журналістаў і рэдактараў, іх апавяданні пра тое, што адбываецца і якое працаваць у такіх умовах. Паслухайце галасы беларускіх журналістаў і рэдактараў, прачытайце іх гісторыі, паглядзіце ў іх вочы. Каб зразумець, чаго ім варта захоўваць вернасць прафесіі і рабіць сваю справу, нягледзячы ні на што».