«Прэсбол», які ў нас адабралі. Як знішчаюць галоўнае спартыўнае выданне Беларусі

На рынку беларускіх СМІ «Прэсбол» — форма жыцця амаль унікальная. Па-першае, прыватная. Па-другое, на сваю рызыку транслюе асабістае, некантралюемае меркаванне пра навакольную рэчаіснасць. Па-трэцяе, зарабляе выключна ўласным розумам, прэпаруючы беларускі і сусветны спорт. Без дзяржпадтрымкі, даната, іншага бізнесу. Проста праверце, якая газета ў найбліжэйшым кіёску «Белсаюздруку» самая дарагая з адрывам.
Праз усе агучаныя прычыны лёс не раз біў «Прэсбол» пад дых — прычым у прысутнасці адваката, пракурора і пазоўніка. Калючае выданне выйгравала суды ў высокапастаўленых апанентаў, цярпела паразы, заставалася без грошай, а аднойчы нават спыніла выпуск газеты на паўгода па абставінах, якія не залежалі ад рэдакцыі. Увогуле, бывала ўсялякае, але адрознівала «Прэсбол» тое, што за сваю 30-гадовую гісторыю ён губляў што заўгодна, акрамя твару. Сабе даражэй. Урэшце, рэпутацыя — ці не галоўнае, што выданне магло прапанаваць чытачам за такую высокую цану.

Аднак у перадюбілейны, 2020-ы, год рэдакцыйная палітыка пачала мутаваць: чым мацней напальвалася палітычнае становішча ў краіне, тым цішэй станавіўся «Прэсбол». Пры тым, што пазбягаць вострых тэм, спасылаючыся на профільны ўхіл газеты, беларуская спартыўная супольнасць не пакідала ні шанцу. Стыхійна ўзніклае Свабоднае аб'яднанне спартсменаў Беларусі — SOS-BY — аказалася на перадавой у барацьбе з рэжымам; алімпійская медалістка Аляксандра Герасіменя ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці; адна з найлепшых баскетбалістак у гісторыі краіны Алена Леўчанка стала тварам пратэсту і трапіла за краты на 15 сутак; актыўную пазіцыю заняла алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна; больш за дзве тысячы спартсменаў і работнікаў галіны падпісалі адкрыты ліст з патрабаваннямі да ўлады…

На многія інфанагоды «Прэсбол» рэагаваў скупа, калі рэагаваў наогул. А максімальна ёміста бягучую пазіцыю выдання выказаў у інтэрв'ю Tribuna.com дырэктар «ПБ» Юрый Арлоў: «Каб захаваць “Прэсбол” у новай эры, яму трэба проста затупіцца. Калі штыкі, вілы ўсюды ўстаўляць — гэта значыць, “Прэсбол” знішчаць».

Засталося разабрацца, што менавіта, акрамя юрыдычнай асобы, збіраецца захаваць дырэктар. Бо за паўгода ў «ПБ» змяніліся два галоўныя рэдактары (столькі ж, колькі за папярэднія 29 гадоў), пакінулі пасады ўсе чатыры намеснікі галоўнага рэдактара, а таксама напісалі «па ўласным» каля дзясятка вядучых журналістаў і работнікаў вёрсткі. Адно з найстарэйшых выданняў суверэннай Беларусі развальваецца проста на нашых вачах.

Лета: непажаданы рэдактар

Першы непрыемны званок празвінеў яшчэ ў ліпені: без бачных на тое прычын «Прэсбол» развітаўся з галоўным рэдактарам Сяргеем Кайко, які паспяхова кіраваў газетай больш за шэсць гадоў. Фармальна: па пагадненні бакоў. Нефармальна…

Тут трэба трохі адысці ў бок і пагрузіцца ў кантэкст. Да 2014 года «Прэсбол» з'яўляўся ўласнасцю пяці чалавек, якія там жа займалі кіруючыя пасады і былі ўцягнутыя ў працэс. Аднак, аказаўшыся на фінансавым піку, газета была вымушаная прадаць 50 адсоткаў акцый. Пакупніком стала Беларуская федэрацыя футбола, якой на той момант кіраваў Сяргей Румас. Дамова была складзеная такім чынам, што БФФ, нягледзячы на значную вагу сваёй долі, ніяк не магла ўплываць на рэдакцыйную і кадравую палітыку. Да пэўнага моманту федэрацыя і не рабіла крокаў у гэтым кірунку. Тым не менш палова правоў на «Прэсбол» асела ў яе засеках, а рэдакцыя змяніла прапіску, перабраўшыся ў Дом футбола і зэканоміўшы на арэндзе плошчаў. А заадно — апынуўшыся бліжэй, чым трэба было, да герояў сваіх публікацый.

У поўнай меры наступствы той здзелкі выявіліся праз шэсць гадоў, калі ўжо Румаса ў федэрацыі і след прастыў, а яго месца заняў Уладзімір Базанаў, за плячыма якога мелася больш ваеннага досведу, чым футбольнага. Калектыў «ПБ» востра адрэагаваў на тое, як абышліся з галоўным рэдактарам, і тады з чацвёртага паверха на размову спусціўся першы намеснік старшыні БФФ Юрый Вяргейчык — растлумачыць, чаму без Кайко газеце будзе лепш. Бакі не прынялі аргументы адзін аднаго, і неўзабаве менавіта Вяргейчык прадставіў новага галоўрэда ― Дзмітрыя Герчыкава.


У Герчыкава меўся 9-гадовы стаж працы ў «Прэсболе», ён ведаў калектыў, і яго ведалі ў калектыве. Тым не менш да новага прызначэння ён з'яўляўся супрацоўнікам федэрацыі футбола і, калі зусім па-простаму, яе стаўленікам. Усё гэта выглядала як спроба БФФ узяць пад кантроль выданне, ад якога незразумела чаго чакаць. Намякаў на гэта і галоўны пасыл Герчыкава: «Працуем у звычайным рэжыме, адна просьба — без палітыкі».

Зусім без палітыкі не атрымалася. Пры Герчыкаве на першую паласу «Прэсбола» трапілі і мірны 200-тысячны пратэст ля стэлы, і Алена Леўчанка, якой заляпілі 15 сутак, і Сяргей Шчурко — вядомы журналіст «Прэсбола», які ацаніў знутры антураж і ЦІП на Акрэсціна, і жодзінскага ІЧУ. Распавядаў, што ў Жодзіна душэўней…

Восень: цэнзура

Тым не менш «праціскаць» падобныя тэмы на старонкі газеты станавілася ўсё цяжэй. З'явіўся жорсткі фільтр: пра што можна і пра што лепш не варта. У палітычным плане больш жывым арганізмам сябе праявіў сайт pressball.by. Рэзанансныя інтэрв'ю Алены Леўчанка, Надзеі Скардзіна, Мікалая Казекі і Дзмітрыя Дашчынскага з асуджэннем гвалту з боку сілавікоў не патрапілі ў друк, затое выйшлі на інтэрнэт-пляцоўцы. Рэакцыя рушыла ўслед аператыўна: кіраўнік праекта Юрый Доўнар пазбавіўся пасады, а рэдактар сайта Арцём Фандо атрымаў на руки працоўную кніжку.

З гэтага моманта з сайта пачалі знікаць цалкам бяскрыўдныя навіны з палітычнай афарбоўкай. Самая сюррэалістычная сітуацыя склалася вакол кароткай нататкі пра выхад на свабоду Вольгі Хіжынковай пасля 42 сутак арышту. Як пазней высветлілася, Юрый Арлоў яе здымаў, а адміністратар форуму Сяргей Южык вяртаў з прыпіскамі накшталт «той, хто зноў здыме або сатрэ гэтую навіну — чалавек без сумлення». Гэта заўважылі іншыя медыя, размясцілі ў сябе, і на цэлы дзень чахарда з навіной пра Хіжынкову весяліла ўвесь байнэт. «Прэсбол» ператварыўся ў анекдот.

Але галоўнае — летняя змена галоўнага рэдактара быццам стала выпрабавальным шарам. Чацвёрты паверх дома футбола атрымаў адказы на ўсе актуальныя пытанні. Наколькі далёка можна зайсці? Далёка. Ці будзе бунтаваць калектыў? Будзе, але без незваротных наступстваў. Ці выкліча тое, што адбываецца ў «Прэсболе», шырокі рэзананс, з-за чаго магчымыя праблемы? Не надта. Ці будзе магутнае супрацьдзеянне? Не будзе.

У выніку федэрацыя (або тыя, хто спускаў у БФФ устаноўкі) вырашыла, што няма ніякай неабходнасці дамаўляцца з бокам насупраць — можна проста дыктаваць сваю волю. Тым больш знайшліся пераканаўчыя аргументы, каб патрэбны бок заняў дырэктар «Прэсбола» Арлоў, а гэта ўжо 80 адсоткаў галасоў. На гэтай стадыі разумення сітуацыі не ўседзеў у крэсле галоўнага рэдактара і Герчыкаў. Відаць, яго кіраванне газетай было прызнана самым буйным акцыянерам залішне ліберальным, і праз пяць месяцаў з ім развіталіся. Зразумела, па пагадненні бакоў.

Зіма: зыход

На вакантнае месца прэсболаўцы хацелі паставіць каго-небудзь з калектыву — ім не дазволілі. Сама федэрацыя прапанавала пасаду цэламу шэрагу кандыдатаў збоку — ніхто не хацеў брацца. У нейкі момант на гарызонце ўзнікла постаць Сяргея Лісічкіна. Супрацоўнік АНТ, аўтар спартыўных праграм, адзін са стваральнікаў фільма пра легендарнага беларускага футбаліста Аляксандра Пракапенку. Амаль без досведу ў сферы друкаваных СМІ, але гэта аказалася самым нязначным з патрабаванняў пры прыёме на пазіцыю галоўнага рэдактара газеты.

Між тым, і Лісічкін некалькі разоў адмаўляўся ад працы ў «Прэсболе», асабліва пасля гутаркі з калектывам, які яго зусім не прыняў. Аднак прадстаўнікі федэрацыі футбола былі настойлівымі. У снежні ён заняў пасаду, і з тых часоў у газету не прапаўзае аніводная крамольная думка. Кажуць, пры разглядзе самых прынцыповых сітуацый Лісічкін падымаецца на чацвёрты паверх — параіцца з кім-небудзь з кіраўніцтва БФФ. Як правіла, вяртаецца адтуль з сумным тварам і разводзіць рукамі: я зрабіў усё, што мог.

Адна з такіх складанасцей паўстала пад Новы год, калі «Прэсбол» традыцыйна абірае ўсёй рэдакцыяй Чалавека года. Гэтым разам такіх аказалася адразу тры: Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка і Вольга Хіжынкова. Пасля нарады наверсе Лісічкін прадказальна абвясціў, што ў 2020-м «Прэсбол» абыдзецца без гэтай намінацыі. Арлоў яго падтрымаў.

Насуперак цэнзуры, журналісты «Прэсбола» вызначылі Чалавека года і стварылі альтэрнатыўную вокладку навагодняга нумару. Пабачыць свет ёй дапамаглі калегі з  SPORT.TUT.BY

Насуперак цэнзуры, журналісты «Прэсбола» вызначылі Чалавека года і стварылі альтэрнатыўную вокладку навагодняга нумару. Пабачыць свет ёй дапамаглі калегі з  SPORT.TUT.BY

Падобна на тое, менавіта пасля гэтага рашэння многія зразумелі, што далейшая барацьба з акцыянерамі бессэнсоўная. Тады, па-першае, журналісты зладзілі прыгожае развітанне з ранейшым «Прэсболам»: усё-ткі выпусцілі першую паласу з трыма гераінямі 2020 года і інтэрв'ю з імі, апублікаваўшы і тое, і іншае на tut.by. А, па-другое, пачалі масава звальняцца. У снежні-студзені рэдакцыю пакінулі дванаццаць чалавек: ад журналістаў да вярстальнікаў. Якасна папоўніць страты нерэальна, колькасна, каб запаўняць газету, — таксама атрымліваецца з цяжкасцю.

Надоечы на сайце pressball.by вышла аб'ява адчаю пад загалоўкам «“Прэсбол” шукае работнікаў» з лаканічным тэкстам: «Газета “Прэсбол”, а таксама pressball.by запрашаюць да супрацоўніцтва і працы на пастаяннай аснове ўсіх жадаючых, хто ўмее пісаць пра спорт. Узрост значэння не мае. Прыярытэт — гульнявыя віды».

Пад навіной набегла шэсць старонак каментароў — у асноўным, вядома, здзеклівых. Самы дакладны аказаўся на другой: «Наступная навіна будзе: «“Прэсбол” шукае чытачоў».

Усё да таго ідзе…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: