Прыгоды «моўнага тэрарыста»

У рэдакцыю НЧ звярнуўся наш чытач Зміцер Дзмітрыеў — яго несправядліва абвінавацілі ў абразе... беларускай мовы. Падставай стаў каментар у сацыяльнай сетцы (які, як высветлілася, пісаў зусім іншы чалавек). А разбірацца і караць даручылі ўпраўленню адукацыі.  



Падаем гэтую гісторыю цалкам з мінімальнымі рэдактарскімі праўкамі.

«Раніцай 5 студзеня, калі ўся краіна рыхтавалася ці працягвала святкаваць усе магчымыя святы, я атрымаў суворую паперу з выклікам ва Упраўленне па адукацыі аднаго з раёнаў нашай сталіцы. «Лицо, в отношении которого ведется административный процесс по ст. 9. 22 КоАП РБ» — такое пра сябе я мог пачуць толькі ў жудасным сне. Калі прасцей — артыкул 9.22 КоАп прадугледжвае адміністрацыйнае пакаранне за публічную абразу нацыянальнай ці іншай мовы і іншыя незаконныя дзеянні ў гэтым накірунку.

Адразу пачаў меркаваць наконт апошніх зносінаў у інтэрнэце. Я з'яўляюся актыўным карыстальнікам розных інтэрнет-суполак, у тым ліку і ў сацыяльных сетках і, як мне меркавалася, нешта «пайшло не так». Таксама мне не вельмі было зразумела дачыненне да адміністрацыйных працэсаў упраулення па адукацыі, адсутнасць гербавай пячаткі, памылка у даце і сёе тое іншае. Адразу адзначу, што я былы супрацоўнік МУС і нават вельмі нядрэнна ведаю тонкасці вядзення адміністрацыйнага і крымінальнага працэсаў.

А 10 гадзіне 9 студзеня, як і было пазначана ў павестцы, я быў на месцы. Трое сумнаафіцыйных жанчын абвесцілі мне, што грамадзянін з Салігорску падаў зварот у Салігорскі РАУС з патрабаваннем прыцягнуць мяне да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з абразай беларускай мовы сваім каментаром у інтэрнэце. Сказаць, што я быў уражаны — не сказаць нічога. На маё пытанне аб удакладненні сітуацыі жанчыны паказалі мне раздрукоўку скрыншота, на якім бачна, што нейкі карыстальнік сацсеткі з падобнымі на мае дадзенымі (імя ды прозвішча) сапраўды вельмі дрэнна (ужывалася нецэнзурная лаянка) піша пра беларускаю мову. Склад правапарушэння прысутнічае, лінгвістычная экспертыза нават не патрэбна. Я адразу спытаўся, чаму яны вырашылі, што гэта справа маіх рук і галавы. На што атрымаў дзівосны адказ: «А это сотрудники Солигорского РОВД установили!». На мае пытанне, як яны гэта здолелі зрабіць, мне, зразумела, ніхто не адказаў. Так, па законе, я не маю права знаёміцца з усімі матэрыяламі справы да яе заканчэння.

Зрабілі пратакол апытання, напісаў зварот аб вяртанні справы для дапрацоўкі і прыцягненні да адказнасці супрацоўнікаў МУС, якія мяне «идентифицировали». Паглядзім далей, чым скончыцца.

Але ёсць некалькі пытанняў.

1. Чаму супрацоўнікі МУС не могуць выканаць элементарныя дзеянні па індэнтыфікацыі правапарушальніка па алгарытме, які ведаюць зараз нават школьнікі? Адсочване па IP — гэта вельмі проста і дае вынік.

2. Няўжо для тых жа супрацоўнікаў невядома, што ў інтэрнэце людзі могуць называцца не сваімі імёнамі? Ідэнтыфікаваць па супадзенні імені і прозвішча з «нікнэймам» — з гэтага будуць смяяцца нават у Паўночнай Карэі!

3. Чаму па прыходзе матэрыялаў па месцы майго жыхарства супрацоўнікі мясцовага РАУС не здолелі хаця б апытаць мяне па абставінах правапарушэння? Менавіта МУС павінен ідэнтыфікаваць правапарушальніка і выключыць любыя памылкі на гэтым этапе працэсу.

4. Не вельмі хочацца абмяркоўваць мэтазгоднасць дачынення ўпраўлення па адукацыі раёна да адміністрацыйных працэсаў як гэты, але, на маю думку, у іх і так хапае працы. Асабліва, калі меркаваць пра сённяшняе становішча адукацыі і выкладчыкаў.

Мы можам яшчэ шмат разважаць пра дзіўнае становішча нашай праваахоўнай і адукацыйнай сістэм, але зразумела адно — трэба нешта рабіць ужо зараз. Потым будзе позна.

Я абавязкова буду трымаць Вас у курсе падзей».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!