«Прыйшлі з ператрусам, нібыта яны гоняць самагонку і прадаюць»

Як затрымалі сям’ю ўдзельніцы страйкаму БДУ, распавядае Алесь Дашчынскі Радыё Свабода.

Святлана і Міхаіл Волчак. Фота з фб Міхаіла

Святлана і Міхаіл Волчак. Фота з фб Міхаіла

Выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Святлана Воўчак, якая брала ўдзел у стварэнні страйкаму БДУ, і яе муж Міхаіл адбываюць 15-дзённыя арышты ў ізалятары гораду Іванава Берасцейскай вобласці. Свабода высвятляла падрабязнасці.

31 жніўня Іванаўскі раённы суд разгледзеў справу выкладчыцы фізікі БДУ Святланы Волчак, якая ўдзельнічала ў стварэнні страйкавага камітэту ва ўніверсітэце. Ёй прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Гэтаксама пакаралі і ейнага мужа Міхаіла.

Мужа і жонку затрымалі ўвечары 28 жніўня ў вёсцы Застружжа Іванаўскага раёну ва ўласным прыватным доме, дзе яны рабілі рамонт. Пра гэта Свабодзе расказала сястра Міхаіла Вольга.

«Яны паехалі з Менску адпачываць у вёску, дзе ёсць дом нашых продкаў, які яны аднаўляюць. Яны там тыдзень былі, перакладалі падлогу. І якраз у гэты момант да іх прыйшлі з вобшукам з санкцыяй пракурора, нібыта ў іх там нейкі самагонны апарат, яны гоняць самагонку і прадаюць. Гэта наогул са сфэры нейкай ненармальнасці, такога, зразумела, не было. Але пад гэтай маркай яны канфіскавалі ўсю тэхніку (ноўтбукі, тэлефоны, пляншэты і дрон), а іх затрымалі».

Міхаілу 36 гадоў, ён выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, скончыў ангельскі ўніверсітэт у Эсэксе, юрыдычны факультэт БДУ, займаўся рыторыкай, пытаннямі кіравання ў бізнэсе і Вікіпедыяй, адзін са стваральнікаў моладзевага грамадзкага аб’яднання «Фалянстэр», сацыятэхнік.

«Ён браў удзел у грамадзкіх ініцыятывах адукацыйнага кірунку. Гэта ўсё было па-за палітыкай», — кажа Вольга.

Святлана скончыла БДУ і працавала старшым выкладчыкам фізікі. Захапляецца жывапісам.

«Як звычайны чалавек яна разумела, што ў краіне творыцца бязладздзе, і яна не магла проста пайсці на працу і далей выкладаць. Яна выказала сваю салідарнасць. Я думаю, за гэта іх і затрымалі. Святлана сказала, што яна збірала подпісы нязгодных з тым, што адбываецца ў краіне, і адносіла іх рэктару, але рэктар уцёк. Петыцыю з палітычнымі патрабаваннямі ўсё ж перадалі», — кажа Вольга.

Пра затрыманне ў вёсцы мужа і жонкі Воўчакаў мясцовыя жыхары паведамілі Вользе.

«Мы адразу выехалі. Зайшлі ў дом, зразумелі, што там праводзіўся ператрус. Там усюды ляжалі толькі будматэрыялы для рамонту. Потым паехалі ў Іванаўскі РАУС, дзе яны знаходзіліся. Потым зноў вырашылі вярнуцца ў вёску і ўбачылі, што ля братавага аўтамабіля стаяў сам Міхаіл і яшчэ некалькі супрацоўнікаў міліцыі, людзі ў цывільным. Нас не падпусцілі да Міхаіла, нам пагражалі і здымалі на відэакамэру. Яны спрабавалі прыдумаць гісторыю пра перабітыя нумары, і Міхаіл успрыняў гэта як ціск на яго».

Паводле Вольгі, аўтамабіль таксама забралі і цяпер невядома, дзе ён знаходзіцца.

«31 жніўня мы зноў прыехалі з Менску ў Іванава, нанялі адваката. Суды нідзе не анансаваліся, мы сядзелі ў памяшканні суду і ад раніцы чакалі. У 17 гадзін пачаліся працэсы, спачатку Святланы, ёй далі 15 сутак. Матывавалі тым, што яна ў чаце ў Telegram нібыта напісала паведамленне з заклікам на мітынг 23 жніўня. Насамрэч гэта быў рэпост. Яна сказала, што гэта быў не заклік, а запрашэнне».

Міхаілу інкрымінавалі тое, што ён пад нейкім нікам, які яму прыпісваюць, таксама некалькі разоў наведваў гэты чат і нешта там пісаў 29, 30, 31 жніўня. Паводле Вольгі, такое было немагчыма, бо 28 жніўня Міхаіла і Святлану ўжо затрымалі і ў іх не было доступу да тэхнікі.

«Гэта абсурд, і яму, атрымліваецца, далі 15 сутак проста ні за што. Міхаіл падаваў скаргу на прысуд. Канфіскавалі тэхніку, фактычна іх працоўны інструмэнт. Матывавалі гэта тым, што там былі іх тэлеграм-каналы. Але ж на дроне Telegram не можа быць, таму дзіўна. І з аўтамабілем проста поўная сваволя.

Вольга спадзяецца, што Міхаіла і Святлану выпусцяць 12 верасня на волю, у іх канчаецца тэрмін арышту.

«Бацькі перажываюць, але мы ўсе салідарныя з Міхаілам і Святланай і падтрымліваем іх у змаганні за іхныя базавыя правы. А тое што адбываецца, гэта беззаконне».

У Іванаве ў Святланы і Міхаіла няма сваякоў, але перадачы ім прыносяць мясцовыя жыхары.

«Людзі вельмі спагадлівыя, часта туды ходзяць, супрацоўнікі міліцыі сказалі, што ўжо няма куды класці перадачы. Калі людзі даведаліся, што Святлана і Міхаіл любяць сала, то самі яго прыгатавалі. Салідарнасць ёсць нават у невялікіх гарадах».

19 жніўня каля БДУ ў Менску каля 300 студэнтаў і выкладчыкаў універсітэту ўзялі ўдзел у ланцугу салідарнасці. Падчас акцыі страйкам ВНУ правёў збор подпісаў пад петыцыяй з палітычнымі патрабаваннямі на імя рэктара. Аўтары петыцыі запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту, неадкладнага вызвалення палітвязняў, адстаўкі Цэнтарвыбаркаму і правядзення паўторных выбараў. У выпадку невыканання патрабаванняў яны абяцалі пачаць страйк.

Пад аналагічнымі петыцыямі збіралі подпісы і ў іншых ВНУ.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: