Прымусовая беларусіфікацыя

Блогер Глеб Лабадзенка выйграў справу ў судзе Фрунзенскага раёна. За адмову адказваць па-беларуску дырэктара ЖЭСа аштрафавалі на 500 тысяч.



Глеб Лабадзенка


Гісторыя пачалася, як кажуць, на пустым месцы – на справе побытавага канфлікту. Сусед Глеба Лабадзенкі напісаў скаргу, што той робіць у кватэры незаконную перапланіроўку (пачуўшы шум ад укладкі кафлі на кухні). ЖЭС вынес папярэджанне  не прыходзіўшы ў кватэру і нават не тэлефанаваўшы. Лабадзенка напісаў пратэст па-беларуску  а яму адказалі па-руску.
 
 
«Прычым не проста па-руску! — кажа Лабадзенка. — Дырэктар ЖЭСа ў канцы ліста напісаў, што ў нас, паводле Канстытуцыі дзве дзяржаўныя мовы. Чым груба парушыў артыкул 18.1 Закона аб зваротах грамадзян. Там пішацца: абавязаны адказваць у залежнасці ад мовы звароту  на беларускай ці рускай».
 
 
Блогер звярнуўся ў Генпракуратуру, адтуль справу перанакіравалі ў Фрунзенскую пракуратуру, адтуль  у Адміністрацыю Фрунзенскага раёна.
 
 
Глеб Лабадзенка: «Мяне выклікалі, апыталі як пацярпелага, вельмі карэктна. Выбачаліся нават, што няма беларускамоўных бланкаў. І накіравалі справу ў суд».
 
 
Суд абдыўся раніцай 3 верасня. З боку ЖЭСу ніхто не з’явіўся: даслалі факс, што просяць разглядаць справу ў іх адсутнасць.
 
 
Глеб Лабадзенка: «Суддзя перагледзела мой ліст, адказ з ЖЭСу  і адзначыла, што парушаны п. 9.13 КаАП Рэспублікі Беларусь. Вердыкт – штраф дырэктару ЖЭСа 5 базавых велічыняў, 500 тысяч рублёў».
 
 
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу  ЖЭСу даецца паводле закона 10 дзён на абскарджанне. Але Лабадзенка кажа, што задаволены ў кожным выпадку.
 
 
Глеб Лабадзенка: «Я не прагнуў крыві дырэктара ЖЭСу, мяне б здаволіла б проста прызнанне яго віны і якое-небудзь папярэджанне ці вымова. Проста па гэтым артыкуле менш за 400 тысяч яму даць не маглі. Самае галоўнае тут: стварэнне прэцэдэнту. Не проста махаць кулакамі, што мову крыўдзяць — а адстаяць сваё права на мову законнымі сродкамі, у судзе».
 
 
На працэсе прысутнічала юрыст Дар’я Каткоўская, эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
 
 
«Суддзя паставілася вельмі прыязна, пацьвердзіла, што Закон быў парушаны кажа Каткоўская. Разглядалася нават пытанне аб прыцягненні да адказнасці па артыкуле 9.22  стварэнне перашкодаў у карыстанні дзяржаўный мовай. Аднак прысуд быў вынесены па артыкуле 9.13  парушэнне працы па зваротах грамадзян».
Адразу пасля пасяджэння Дар’я Каткоўская накіравалася ў… прыёмную суда і папрасіла Кнігу заўвагаў і прапановаў!
 
 
Дар’я Каткоўская: «Падчас пасяджэння высветлілася, што ў судзе Фрунзенскага раёна, самага буйнога раёна горада Менска, няма сакратара, які быў бы здольны весці пратакол судовага пасяджэння па-беларуску. Таму я пакінула ў Кнізе прапанову, што працу суду трэба ўдаскнааліць: альбо наняць хоць бы аднаго сакратара, які мог бы задаволіць гэтае канстытуцыйнае права грамадзян, альбо падвысіць кваліфікацыю існуючага корпусу судовых сакратароў».  
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: