«Прымушаюць людзей маліцца і малоцяць дручкамі». Аповед расійскага журналіста, якога затрымалі ў Мінску

"Там былі людзі з пашкоджаным хрыбетнікам, з разбітымі рукамі і нагамі, страсеннем. Нічога нікому не далі. Максімум — могуць кагосьці вынесці на насілках цішком, пакуль ты не бачыш. Жывы чалавек ці мёртвы – ты нават не даведаешся. Калі, не дай бог, ты падняў галаву — табе адразу прылятае", —  распавёў затрыманы расійскі журналіст, паведамляе «Свабода» .
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Карэспандэнт расійскага выдання Znak.com Мікіта Целяжэнка быў затрыманы беларускімі сілавікамі 10 жніўня каля 19.00 у цэнтры Мінска на вуліцы Няміга.

У той момант там пачыналася маштабная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Целяжэнку збілі і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіне, дзе журналіст знаходзіўся амаль суткі. Калі ён паспрабаваў паказаць рэдакцыйнае пасведчанне, сілавікі заявілі, што яно падробленае.

Як распавёў Целяжэнка тэлеканалу «Настоящее время», яго білі, часта для забавы, і ўтрымлівалі ў камеры на дваіх чалавек разам з яшчэ 20–30 затрыманымі. Вызваліць журналіста ўдалося толькі пры садзейнічанні пасольства РФ у Беларусі: пасля гэтага Мікіту ў суправаджэнні супрацоўнікаў консульства давезлі да расійскага Смаленска.


Целяжэнка распавёў, што яго арыштавалі, калі ён пісаў СМС у рэдакцыю аб тым, што адбывалася ў цэнтры Менска.

— Да мяне пад'язджае мінівэн, з мінівэна выходзяць цалкам экіпіяваныя байцы. Яны бачаць, што я проста пішу нешта ў тэлефоне. Пісаў я СМС. Але яны палічылі, што гэта тэлеграм, і што мяне ёсць доступ да інтэрнэту. І ўсіх людзей, хто калупаецца ў Беларусі ў тэлефоне ў працэсе паходаў, яны ўсіх абвяшчаюць, як я разумею, патэнцыйнымі каардынатарамі ўсіх гэтых пратэстаў.

Мяне даставілі ў РУУС «Маскоўскі». Там сіла ўжывалася да ўсіх без выключэння: любое пытанне, якое не задавальняла супрацоўнікаў беларускай міліцыі, тут жа сканчалася збіццём. Людзі крычалі, людзі ад болю хадзілі пад сябе.

І ўсё гэта праходзіла пры поўным спакоі ўсіх астатніх супрацоўнікаў міліцыі, якія, па сутнасці, павінны абараняць людзей. Яны смакуюць [гэта]. Яны прымушаюць людзей маліцца, калі пачынаюць іх біць. Кажуць: «Чытай» Ойча наш»! І малоцяць дручкамі, нагамі і ўсім астатнім. Білі па галаве, білі па нагах. Чалавека, якога вялі перада мной, з усяго размаху дзеля жарту дзюбанулі аб дзвярны вушак.

Усіх звальваюць разам у актавую залу. Першае, што ты бачыш, — гэта людзі, па якіх ходзяць як самі супрацоўнікі міліцыі, так і тыя самыя затрыманыя: яны таксама вымушаныя ісці па людзях. Таму што наступіць няма куды.

Усе ляжаць пад нагамі, усе крычаць, просяць дапамогі. Дапамога не аказваецца. У лепшым выпадку табе не прыляціць па галаве.

Калі ты заходзіш, цябе кладуць тварам на падлогу.Ты павінен глядзець у падлогу. Мяне гэта, балазе, абмінула. Але таварыш ляжаў побач, пазбавіўся, хіба што, зубоў.

Блізу 16 гадзін ляжыш у становішчы, дзе ў цябе галава за спіной, разагнуцца нельга, галаву падняць нельга, перасесці нельга. У прыбіральню па дазволе. Калі ўсё нармальна – то дазволяць, калі не – хадзі пад сябе, і многія так і робяць. Пры мне было каля 150 чалавек затрыманых, толькі ў адным Маскоўскім РУУС. Людзей збівалі як мінімум на двух ці трох паверхах, мяркуючы па крыках, якія стаялі. Ваду не атрымаць, а калі атрымаць, то толькі ў парадку чаргі. І не факт, што табе дастанецца тое, што ты хацеў.

Усіх людзей, якія раніцай яшчэ застаюцца ў РУУС, спускаюць уніз на першы паверх, дзе знаходзяцца камеры, разлічаныя на два-тры чалавекі. У іх загружаюць 20–30 чалавек, а там няма абсалютна ніякай вентыляцыі. Людзям забараняюць сядаць, людзям забараняюць паварочвацца. Усё роўна, які ўзрост, які пол. Проста людзі стаяць і марынуюцца.

Кандэнсат ад дыхання з’яўляецца на сценах, на столі. Цячэ па столі. Ты рэальна стаіш у вадзе, не ведаеш, чым дыхаць. Людзі трацяць прытомнасць праз тое, што дыхаць няма чым. Але нікому ніякай справы няма. Калі ты, не дай бог, нешта прасіў, гэта можа кепска скончыцца, табе ж і прыляціць.

Там былі людзі з пашкоджаным хрыбетнікам, з разбітымі рукамі і нагамі, страсеннем. Нічога нікому не далі. Максімум – могуць кагосьці вынесці на насілках цішком, пакуль ты не бачыш. Жывы чалавек ці мёртвы – ты нават не даведаешся. Калі, не дай бог, ты падняў галаву – табе адразу прылятае.

Калі ты прасядзеў недзе дзве гадзіны ў гэтай камэры, прыязджаюць супрацоўнікі спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, грузяць чалавека ў аўтазак. Прычым грузяць такім чынам, што людзі ляжаць штабялямі, адзін на адным. І дыхаць тым, хто апынуўся ніжэй, проста становіцца няма чым. Таму атрымліваецца, што калі вы выязджаеце, людзі з перабітымі канечнасцямі проста крычаць ад болю.

У момант, калі машына паехала, нам усім сказалі ўстаць на кукішкі, рукі за галаву, сагнуць шыю. Проста, атрымліваецца, калі ты едзеш, ты не можаш апусціцца, на нешта абаперціся. Толькі ты апускаеш галаву ніжэй, падымаеш яе вышэй – табе тут жа пачынаюць прылятаць пабоі. Табе абсалютна забаронена на нешта абапірацца. І калі канваірам становіцца сумна, яны проста, гэта самае жудаснае відовішча, калі людзі сядзяць, не могуць падняць галаву, ім кажуць: «Спявайце гімн Беларусі» і вязуць праз увесь горад.

Дапусцім, калі хтосьці ўстаў камусьці на руку, то чалавек просіць устаць: «Прыбяры нагу з маёй рукі». Калі ён гэта робіць без дазволу канваіраў, чалавека зноў збіваюць.

Ехалі мы нейкімі прасёлкамі, мяркуючы па трасяніне. І ў момант, калі даехалі, некаторым людзям стала фізічна дрэнна. І іх, па сутнасці, выкідалі з аўтазака ў турму. Гэта называецца ІЧУ, але наогул, па сутнасці, гэта турма. Жодзіна, па-мойму, называецца. Ты абсалютна не ведаеш, куды ты едзеш, табе не тлумачаць, што табе прадʼяўляецца. На пытанне, што ты парушыў, зноў жа, ідуць пабоі па печані, па нырках, па спіне, па галаве. Цябе заводзяць, пагражаюць табе: «Вы цяпер прыедзеце на хату, вас там «петушыць» будуць па чарзе, мы ўжо дамовіліся».

Змясцілі ў нейкі дворык для шпацыру, і ў гэтым шпацырным дворыку мы і чакалі моманту, калі нас расселяць. Але праблема ў тым, што разам з намі прыехалі яшчэ восем аўтазакаў — мы былі сёмымі, — і чарга была вельмі вялікая. Ты стаіш на вуліцы. А ўжо не травень месяц. Людзі сядзяць, чакаюць, але многія цешацца, што хоць бы іх не бʼюць у гэты момант. То-бок, людзі рэальна радуюцца турме, што там іх не малоцяць.

Уражанне такое, што ніякай скідкі на тое, што ты — грамадзянін Расеі, на тое, што ты — журналіст, не робіцца. Калі ты трапіў, усё роўна, праз што ты ішоў, ты атрымаеш.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: