Прыспеў час адпусціць вайну

Галоўнае дасягненне Беларусі за апошнія 23 гады — перамога ў Другой сусветнай вайне. Здаецца, што на планеце захавалася адно месца, у якім гэта вайна яшчэ не скончылася — грамадская свядомасць беларусаў. Але, каб адбудаваць сваю краіну, трэба нарэшце вярнуцца з вайны.


"Калі краіне няма чым ганарыцца ў сённяшнім дні, яна пачынае ганарыцца сваім мінулым". Сённяшняя Беларусь — ідэальная ілюстрацыя да гэтых слоў. Калі раптам у нашай краіне ў гэтыя дні выпадкова апынецца іншаземец, зусім не дасведчаны ў гісторыі, то дадому ён з'едзе, цвёрда ўпэўнены ў тым, што менавіта Рэспубліка Беларусь выйграла Другую сусветную — і з гэтага пачала сваю гісторыю. Ды што там іншаземец — мой пляменнік, вучань 8 класа, упэўнены, што гісторыя Беларусі пачалася 3 ліпеня 1944 года, з перамогі вялікага беларускага народа над нямецка-фашысцкімі акупантамі, якія спрабавалі насадзіць у нашай краіне ліберальныя каштоўнасці. Яму так у школе растлумачылі. 

Памяць маёй сям'і

9 мая зноў павязуць па праспекце Незалежнасці на плошчу Перамогі ветэранаў. Якіх з кожным годам усё менш сапраўдных, усё больш — фальшывых.

А я ўспамінаю сваю бабулю, якая памерла ў 1991 годзе. Яна вельмі не любіла ветэранаў, якіх якраз у апошнія гады існавання СССР раптам стала неяк вельмі многа. Чарговага 9 мая, бачачы іх, што звінелі бясконцымі медалямі, яна адварочвалася і казала: "Гэта не ветэраны. Тыя, хто ваяваў, — яны ў палях непахаваныя ляжаць. А гэтыя пры штабах ад'ядаліся альбо ў заградатрадах сваім у спіну стралялі".

У бабулі была свая праўда пра вайну, пра немцаў і рускіх. Калі пачалася вайна, яна паспрабавала сысці з Мінска, да якога падступалі немцы. Пешшу, вядучы за руку старэйшую 4-гадовую дачку (мая цётка) і нясучы на руках малодшую, якой яшчэ не было і года (мая маці). Потым бабуля ўспамінала: "Мы ідзем па маскоўскай шашы, пешшу, а міма нас толькі праносяцца — шшшух, шшшух, — чорныя машыны, у якіх дахі валізкамі забітыя. Гэта партыйныя ў Маскву драпалі".

Далёка бабуля са сваімі дочкамі не адышла — на ўсход ад Мінска немцы высадзілі парашутны дэсант і загарнулі ўсіх уцекачоў назад. Давялося жыць пад акупацыяй. Бабуля супрацоўнічала з падпольшчыкамі. Яна працавала ў друкарні — і крала адтуль шрыфты, хавала, а потым перадавала іх падпольшчыкам для друку ўлётак. Яе за вайну два разы ледзь не павесілі на варотах яе ўласнага дому. Першы раз — немцы, калі западозрылі (цалкам абгрунтавана) у сувязях з падполлем. Другі раз — рускія, калі ў 1944-м яна не захацела пускаць у дом кодлу п'яных пяхотнікаў, якія рабавалі ўсіх запар.

Гэта бабуля мне распавядала, што першым заводам, які адразу пасля 3 ліпеня 1944-га савецкая ўлада запусціла ў Мінску, быў спіртзавод. А ўжо праз некалькі дзён гэты спіртзавод з боем захапілі ўчорашнія чырвоныя партызаны — і перапіліся наўпрост там, на месцы.

"Той час, калі Мінск быў пад немцамі, — гэта быў адзіны час, калі мы сытна елі", — успамінала бабуля.

Гісторыя зрабіла кола?

Тое, як сёння ў Беларусі абстаўляецца перамога над фашызмам (на самай справе — над нацызмам, але нашым ідэолагам не да такіх "тонкасцяў"), як святкуецца гераічнае мінулае, часцей за ўсё гэткае ж фальшывае, як "Лінія Сталіна", — прымушае задумацца. Задумацца пра тое, што нашчадкі "барацьбітоў з нацызмам" і "ўнукі пераможцаў" у сваім "победобесии" (цудоўнае рускае слова, якое не трэба перакладаць на беларускую мову) ужо самі ў поўнай ступені прыпадобніліся фашысцкім рэжымам. Але не бачаць гэтага: узровень адукацыі і культуры не дазваляе ім убачыць штосьці за межамі набору ідэалагічных штампаў.

Замест напаміну пра тое, што вайна — гэта вялікая трагедыя, нам падсоўваюць зусім іншую гісторыю: вайна — гэта слава, вайна — гэта подзвіг, вайна — гэта гераічнасць, вакол нас — ворагі, якія толькі і мараць пра тое, каб учапіцца нам у глотку.

19 лютага 2016 года ў 84 гады памёр сусветна вядомы італьянскі навуковец і пісьменнік Умберта Эка. Ён нарадзіўся і вырас у перыяд росквіту і краху італьянскага фашызму, бачыў усе сучасныя праявы фашызму і нацызму. Умберта Эка вядомы як аўтар аднаго з самых аўтарытэтных азначэнняў фашызму, яго асноў і прыкмет. У сваім артыкуле 1995 году "Ur-Fascism" Эка сфармуляваў 14 уласцівасцяў, характэрных для фашызму. Як піша аўтар, "гэтыя ўласцівасці не з'яўляюцца агульнай сістэмай. Шмат якія з іх супярэчаць адна адной, а таксама могуць быць уласцівыя іншым формам дэспатызму і фанатызму. Аднак ужо наяўнасці адной з гэтых уласцівасцяў дастаткова для пачатку фармавання фашызму".

Калі мы паглядзім на спіс Умберта Эка, дык убачым там рэчы, характэрныя для сённяшняй Беларусі.

Ідэі змовы

У аснове фашызму — апанаванасць ідэяй змовы. Людзі павінны адчуваць, што яны знаходзяцца ў варожым асяроддзі. Пры гэтым людзі з асаблівым запалам вераць у заганнасць усіх, хто ім і так не падабаецца. Змова можа быць міжнароднай (разбэшчаная геямі Еўропа, падступнае NАТО, якое падпаўзае да нашых межаў), але таксама і ўнутранай (здраднікі, пятая калона, дармаеды, "Белы Легіён", лагеры нацыяналістаў).

Культ вайны і фізічнай культуры

Мірны фашызм — немагчымы. Мілітарызм назіраўся ва ўсіх сферах жыцця фашысцкіх рэжымаў — праходзілі пафасныя ваенныя парады, будаваліся помнікі салдатам-героям, квітнела ваенная прамысловасць, паўсюдная ваенная атрыбутыка і мода на ваенную адзежу. Дзяцей і моладзь рыхтавалі да вайны: Гітлерюгенд, ДОСААФ, нормы ГТО… Падтрымка спорту на дзяржаўным узроўні, спартоўцы — вышэйшыя чыноўнікі, грандыёзныя спартовыя святы. Пазнаеце?

Выступаць ад імя абстрактнага народа

Узяўшы на сябе ролю голасу народа, фашысты імкнуцца дыскрэдытаваць любых супернікаў як здраднікаў і антынародных наймітаў знешніх ворагаў. Менавіта з дапамогай такой рыторыкі фашысты пераконваюць масы ў тым, што дэмакратычныя інстытуты, парламент, не ў стане выконваць волю народа, і таму асноўную ўладу трэба даверыць "голасу народа". "Я — усенародна абраны прэзідэнт!"

Вайна як рытуал

Адно пакаленне змяняе другое, але намаганнямі дзяржаўнай ідэалагічнай машыны новаму пакаленню зноў дастаюцца тыя самыя культурныя коды, той самы падзел свету на чорнае і белае, на абсалютнае зло (нямецкі нацызм) і абсалютнае дабро (савецкі рэжым). Зноў дзеці ў гульнях дзеляцца на "нашых" і "немцаў", зноў на тэлеэкранах поўзаюць нямецкія "Тыгры" і савецкія Т-34, зноў шэсці з вянкамі да манументаў перамогі. Прычым вянкі нясуць прамыя ідэйныя спадкаемцы тых партыйцаў, што ў чэрвені 1941-га беглі з Мінска, кінуўшы "падведамаснае насельніцтва".

Багацце звязаных з Другой сусветнай рытуалаў і культурных кодаў, характэрнае для беларускага грамадства, не гаворыць аб развітой культуры памяці, яна паказвае на яе кансервацыйную мадэль. Сэнс фіксуецца на падзеях мінулага, але не пераносіцца ў сучасны кантэкст: цяперашнія школьнікі чытаюць тыя ж тэксты пра партызан, што і іх бацькі.

У такой мадэлі стаўлення да гісторыі ствараецца рытуал, у якім губляецца сэнс. Гісторыя становіцца музейным экспанатам — але не матэрыялам для сённяшніх дзеянняў. У тым ліку таму ў Беларусі так мала ўвагі надаюць ахвярам палітычных рэпрэсій: з савецкай гісторыяй у нас разабраліся, злачынцаў і герояў-пераможцаў вызначылі. Да яе вяртаюцца не для перагляду, а толькі падчас чарговых угодак Перамогі — якія ўжо тут Курапаты?

Замест эпілогу

Сёння для большасці шараговых грамадзян 9 мая — проста выходны дзень, а заадно — падстава выпіць. Для чыноўнікаў — магчымасць выдаткаваць дзяржаўныя грошы, паказаўшы ўяўную веліч, якой насамрэч ніколі не было. І занадта мала пакуль у нашым грамадстве тых, хто шчыра не разумее: як можна святкаваць нешта, звязанае з вайной? Гэты жудасны час, калі адны людзі забіваюць іншых толькі таму, што некалькі маральных вырадкаў — кіраўнікоў іх краін — не змаглі дамовіцца.

Але большасць, на жаль, лічаць, што людзі ў Другой сусветнай забівалі адзін аднаго для таго, каб мы сёння праводзілі парады і радаваліся, як ідыёты, дадатковаму выходнаму дню ў календары…

Тая вайна засталася не толькі ў мінулым стагоддзі, але і ў мінулым свеце. Свет сёння глабальна іншы, і толькі ў Беларусі вайна застаецца — у розумах людзей. А з розумаў яна мудрагелістым чынам выплюхваецца зваротна ў рэальнасць. Здавалася б, проста ўборка збожжавых на палях. Але ж не — "бітва за ўраджай". І "штаб па кіраўніцтве ўборкай" у кожнай вобласці. І зноў "мы ў коле ворагаў". І зноў ветэраны ў гасцях у школьнікаў. І зноў знешнепалітычная дактрына фармуецца на падзеях 70-гадовай даўніны.

Беларусы стануць жыць нармальна, калі пачнуць збіраць ураджай мірным шляхам. Прыспеў час адпусціць вайну — хай яна сыдзе з нашага жыцця.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • таня
  • 2017-05-09 12:02:24
Как все это верно!

Больш цікавага на «Новым Часе»: