Прысуд па самай таямнічай справе: жыхар Ждановічаў атрымаў 3,5 года за ўдзел у акцыі пратэсту

Да трох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прыгаварыў суд Савецкага раёна Мінска 17 лютага жыхара Ждановічаў Аляксея Бярэзінскага. Як паведамляе пазбаўленай рэгістрацыі ПЦ "Вясна", пра абставіны справы практычна нічога не вядома — сваякі мужчыны былі супраць выдавання матэрыялаў справы і прысутнасці валанцёраў на працэсе.
Вядома, што Аляксея Бярэзінскага прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках) КК РБ.

Яго затрымалі 11 кастрычніка на адным з маршаў пратэсту ў Мінску, некалькі сутак мужчына правёў у ІЧУ, а ўжо 16-га кастрычніка ягонага затрымалі ў рамках крымінальнай справы.

Абвінавачванне прасіла прызнаць Бярэзінскага вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якое праявілася ў здзяйсненні пагромаў.

З матэрыяльнымі прэтэнзіямі выступіў «Мінсктранс», але пазоў па рашэнні суда будзе вырашаны ў грамадзянскім парадку.

Прысуд Бярэзінскаму - тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму - вынес суддзя Сяргей Шаціла.

Пад арыштам застанецца і ўласнасць Бярэзінскага - тэлефон, флэш-карты, ноўтбук, аўтамабіль Volkswagen Crafter і грашовыя сродкі на рахунках у банках.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: