Прысуд віцебскаму смяротніку пакінулі ў сіле

Сёння, 12 лістапада, Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Віцебшчыны Віктара Паўлава.
Смяротны прысуд віцябляніну быў вынесены 30 ліпеня 2019 года Віцебскім абласным судом, абвінаваціўшы яго ў забойстве дзвюх пенсіянерак.

Прадстаўнікі пацярпелых у суд не прыйшлі. На судзе прысутнічала сястра Раіса Анатольеўна. Падчас разгляду апеляцыйнай скаргі прысутнічалі каля дзесятка чалавек: журналісты і праваабаронцы. Сярод іх каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, праваабаронцы “Вясны” Валянцін Стэфановіч і Паліна Сцепаненка, а таксама віцебскі праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Павел Левінаў.

Апеляцыйную скаргу разглядаў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Міцкевіч і судовая калегія па крымінальных справах. У разглядзе скаргі таксама ўдзельнічаў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.

У скарзе Віктар Паўлаў прасіў змякчыць прысуд і прызначыць альтэрнатыўнае пакаранне ў межах санкцыі, па якой прызнаны вінаватым (ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса).

Адразу ў судзе зачыталі апеляцыйную скаргу Віктара Паўлава, дзе ставіцца пад сумнеў выкананне прынцыпу справядлівага судовага разбору суда пры разглядзе яго справы. Так, у прысудзе не адлюстраваны станоўчыя характарыстыкі яго асобы, не ў поўнай меры ўлічаны факт яўкі з павіннай, поўнае прызнанне віны Паўлава, актыўнае супрацоўніцтва падчас следства.

У апеляцыйнай скарзе адзначаецца, што парушэнне гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва пацягнула парушэнне яго права на жыццё. Таксама ў скарзе асуджанага да смяротнага пакарання пазначаецца, што быў парушаны шэраг іншых правоў. Напрыклад, права на абарону, паколькі ён змог выбраць адваката толькі пасля прысуду суда. Былі парушаныя і іншыя правы як падазраванага.

Вынясення смяротнага прысуду парушае яго права не падвяргацца катаванням і жорсткаму бесчалавечнаму, зневажальнаму годнасць абыходжанню. Паўлаў раскайваецца і просіць змяніць прысуд з прызначэннем больш мяккага пакарання з улікам прынцыпу гуманнасці.

У разглядзе апеляцыйнай скаргі ўдзельнічалі дзве адвакаткі.

Адвакатка Паўлава звярнула ўвагу суддзяў Вярхоўнага суда на тое, што справа рэзанансная і за ёй назірае не толькі беларускае грамадства, але і міжнародная супольнасць. Наяўнасць смяротнага прысуду ў краіне ўплывае на ўзровень павагі і захавання правоў чалавека. Сапраўды, з асуджэннем вынясення смяротных прысудаў у Беларусі выступілі Савет Еўропы і Еўрасаюз.

Адвакатка падчас прамовы абаронцы звярнула ўвагу, што Віцебскі абласны суд пры вынясенні прысуду заняў аднабаковую, перадузятую абвінаваўчую пазіцыю пры апісанні асобы Паўлава. На яе думку, гэта адзін з істотных фактараў, які паўплываў на вынясенне празмерна суровага і жорсткага прысуду.

Яна звярнула ўвагу суддзяў Вярхоўнага суда, што па Канстытуцыі смяротнае пакаранне носіць выключны і часовы характар. Таксама адвакатка апелявала міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і адзначала, што смяротнае пакаранне не адпавядае Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Нагадала, што шэраг міжнародных арганізацый з 90-х гадоў актыўна заклікаюць Беларусь накласці мараторый на вынясенне смяротных прысудаў.

Іншая адвакатка таксама звярнула ўвагу суддзяў Вярхоўнага суда на суровы і негуманны прысуд.

Як яна адзначыла, у прысудзе Віцебскага абласнога суда былі адлюстраваны толькі два змякчальныя факты:

яўка з павіннай;
актыўнае спрыянне раскрыццю злачынства.

Адвакатка падкрэсліла, што на момант затрымання толькі яўка з павіннай, а значыць паказанні Віктара Паўлава, з'яўляліся адзінай крыніцай інфармацыі.

«Ён сам прадаставіў усё, каб прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці», — выказвае здзіўленне адвакатка з нагоды прызначэння вышэйшай меры пакарання.

Адвакаткі звярталі ўвагу на шэраг недахопаў, якія былі дапушчаныя падчас следства, і ў наступстве пакладзеныя судом у аснову смяротнага прысуду.

На думку абароны Паўлава, у дадзеным выпадку не было падстаў для вынясення вышэйшай меры пакарання. Яны прасілі суддзяў Вярхоўнага суда змяніць прысуд Віцебскага абласнога суда і прызначыць іншае альтэрнатыўнае пакаранне, прадугледжанае ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса.

У судзе прысуджаны да смяротнага пакарання па сутнасці прысуду не даў ніякіх паказанняў. Ён сказаў, што перажывае з таго, што здарылася.

«Я ўсё страціў у сваім жыцці: і сям'ю, і дзяцей ...» — сказаў праз слёзы Віктар Паўлаў.

Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры цалкам падтрымаў пазіцыю Віцебскага абласнога суда, і не ўбачыў падстаў для змены прысуду. На яго думку, абласны суд правільна кваліфікаваў дзеянні Паўлава, а таксама поўна і ўсебакова вывучаны матэрыялы справы. Ён лічыць, што пакаранне прызначанае суразмерна здзейсненаму злачынству.

«Ён прадэманстраваў грэбаванне да жыцця», — сказаў напрыканцы пракурор.

Вярхоўны суд выдаліўся ў дарадчы пакой да 13:00 для вынясення рашэння.

Пасля перапынку было прынята рашэнне пакінуць апеляцыйную скаргу Віктара Паўлава без задавальнення, а смяротны прысуд Віцебскага абласнога суда ў сіле. Прысуд уступіў у законную сілу.

dp.spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!