Прыватны прытулак Шчадрова ратуе бяздомных

У закінутых хатах у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну знайшлі дах над галавой і міску гарачай стравы 9 бяздомных. Інваліды, паралізаваныя, калекі. Людзей, якія страцілі ўсё, сабраў Аляксей Шчадроў, арганізаваўшы ў вёсцы прыватны прытулак для знядоленых.



Аляксей Шчадроў


Дабрачыннасць каштуе дорага. Летась супраць Аляксандра Шчадрова завялі крымінальную справу, яму пагражалі 2 гады калоніі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. Насамрэч жа Шчадроў толькі даваў прытулак бяздомным і маліўся разам з імі.



Журналісты, якія летам пісалі пра гэты выпадак, фактычна адбілі Шчадрова ад крымінальнага пераследу.



Справу закрылі «за адсутнасцю складу злачынства».



Пазней Шчадрову ўдалося зарэгістравацца — фармальна заснаваць прыватную сацыяльна-прафілактычную ўстанову «Павер у сябе». У прытулку па-ранейшаму моляцца. Кожную нядзелю з суседняе вёскі прыязджае святар і адпраўляе службу

Брат Фаўстын, памочнік і сябра Шчадрова, у кухні, дзе гатуецца ежа для бяздомных

Брат Фаўстын, памочнік і сябра Шчадрова, у кухні, дзе гатуецца ежа для бяздомных

Але рэгістрацыя не вырашыла ўсіх праблемаў. Аляксей Шчадроў хоча дапамогі ад уладаў і мясцовага духавенства, бо трэба знайсці больш прыдатнае для жылля памяшканне. Пакуль безвынікова. Прытулак па-ранейшаму месціцца ў трох закінутых вясковых хатах.



Аляксандраўка — невялічкая вёсачка з вузенькай дарогай, хаты адна пры адной, але пераважна пустыя. Напрыканцы вёскі насустрач бягуць козы, у двары аднаго з дамоў гуляе сабака, на падворку скульптурка святой... Тут і месціцца прытулак для бяздомных і былых алкаголікаў.



За два гады ў прытулку пажылі больш за 90 чалавек. Яшчэ летась зімой у 4 дамах прытулку жыло 27 чалавек, а цяпер толькі дзевяць, кажа Аляксей Шчадроў:



«Цяпер у нас 9 чалавек. Людзі з вуліцы, усімі пакінутыя, бадзягі, якія валяюцца на вуліцы і нікому не патрэбныя, інваліды, паралізаваныя, калекі. Да іх ніхто не падыходзіць, бо яны брудныя, з вошамі, хворыя і заразныя».



Шчадроў праводзіць па невялічкіх пакойчыках, паказвае, дзе жывуць жанчыны, дзе моляцца і там жа спяць на матрацах, разасланых на падлозе.



Вось невялічкая сталоўка, дзе гатуецца ежа. Сюды самі падвялі ваду, зрабілі лазенку, ёсьць нават парылка. Але печы — старэнькія, вокны — малыя, трэба мяняць падлогу... Умовы жыцця — як у пазамінулым стагоддзі.

Лазенка ў прыватным прытулку для бяздомных

Лазенка ў прыватным прытулку для бяздомных



А вось пакой, дзе жывуць бяздомныя. Пяць чалавек ляжачых, але яны ўжо не выглядаюць бруднымі і заразнымі. Нехта чытае, нехта глядзіць тэлевізар, іншыя размаўляюць... Ігар Яўсееў — без аднае нагі. Кажа, што лёс свой шмат у чым вызначыў сам, але ніколі не думаў, што адвернуцца ад яго не толькі блізкія, але і дзяржава.

Ігар Яўсееў, бяздомны інвалід без нагі

Ігар Яўсееў, бяздомны інвалід без нагі


Яўсееў: «Я быў распрацоўшчыкам ядзернай зброі і прымаў удзел у яе выпрабаваннях у Сяміпалацінску. Быў таксама ў Аўгане і там выпрабоўваў новае ўзбраенне. А мае родныя папросту збеглі і ўсё пазабіралі».



Карэспандэнт: «А тут як вам жывецца?»


Яўсееў: «А тут добрыя хлопцы, яны нам вельмі дапамагаюць. Мы ж нікому не патрэбныя: ні дзяржаве, нікому. Так, я і іншыя аддалі сваё здароўе нашай дзяржаве, працавалі. А здарылася бяда з намі — і мы адразу сталі непатрэбнымі. Атрымліваецца, што толькі гэтыя людзі намі апякуюцца».



Валер Варановіч — былы будаўнік, праз гарэлку таксама страціў сям’ю і жыллё. Таксама кажа, што крыўдна ў жыцці застацца нікому не патрэбным:



«Такое ня можа прысніцца нават у страшным сне, бо ўсё некалі было: і сям’я, і кватэра, і машына, і вышэйшая адукацыя. Магчыма, і я шмат у чым вінаваты...»

Валер Варановіч

Валер Варановіч



Спадар Варановіч кажа пра свае жыццёвыя высновы:



Варановіч: «Трэба трымацца за жыццё да апошняга, не апускаць рукі, вось і ўсё...»



Аляксей Шчадроў кажа, што стаўленне да бадзягаў і бяздомных у беларускім грамадстве негатыўнае, людзі не ўспрымаюць іх як роўных. Каб не добраахвотныя арганізацыі, святары і іхняя помач, то ўтрымаць такі прытулак наўрад ці ўдалося б. Дзяржаўныя структуры не рэагуюць на просьбы палепшыць умовы жылля для бяздомных:


 

«Да Новага году 4 разы прыязджалі, глядзелі, якія тут людзі і колькі. Як у нас тут 10 чалавек, то яшчэ нічога. А калі б я сказаў, што будзе 20, то яны будуць ездзіць штодня, бо баяцца, калі шмат людзей. Іх гэта вельмі палохае. Кажуць, каб я выязджаў са Шчучынскага раёну. Вось такая ў чыноўнікаў пазіцыя».

У пакоі для ляжачых бяздомных

У пакоі для ляжачых бяздомных

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: