Прыватныя медцэнтры не гатовыя з 1 лютага выдаваць бальнічныя

Медыцынскія цэнтры, якія з 1 лютага атрымалі права выдаваць лісткі часовай непрацаздольнасці, пакуль не гатовыя гэтага рабіць.



Каб выдаваць бальнічныя, медцэнтры павінны стварыць у сябе доктарска-кансультацыйныя камісіі (ДКК) мінімум з трох чалавек на чале са старшынёй, якія маюць адпаведную адукацыю па экспертызе. Гэта значыць, для працы з бальнічнымі супрацоўнікі медцэнтраў павінны будуць прайсці адпаведнае навучанне. Як паведамілі kp.by ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, менавіта з 1 лютага ў іх прыступае да заняткаў толькі першая група супрацоўнікаў медыцынскіх цэнтраў. Заканчваюцца заняткі 12 лютага.

Пра колькасць медыцынскіх цэнтраў, якія даслалі сваіх супрацоўнікаў на навучанне, журналістам не сказалі. Самі медцэнтры таксама не асабліва ахвотна размаўляюць на гэтую тэму.

«Будзем выдаваць бальнічныя ў лютым. Дату не скажу», — паведамілі ў адным буйным медцэнтры.

У іншым лаканічна адказалі: «З 1-га лютага не будзем». Яшчэ ў двух сказалі, што ніякіх распараджэнняў ад кіраўніцтва наконт бальнічных не паступала.

Інфармацыяй, якая ў нейкай ступені адлюстроўвае сітуацыю ў цэлым, падзяліўся толькі медыцынскі цэнтр «ЛАДЭ».

«У цяперашні час у медыцынскім цэнтры «ЛАДЭ» вядзецца папярэдняя праца, — распавёў Уладзімір Гарбачоў, заснавальнік гэтага медыцынскага цэнтра. — Зараз у нас пераходны перыяд. Рыхтуем дакументы. Падалі заяўкі ў БелМАПА на навучанне 7 чалавек, яшчэ 5-6 чалавек плануем навучыць другім этапам, шукаем намесніка галоўнага ўрача па экспертызе. Як толькі ў нас будзе ўсё гатова да выдачы бальнічных лістоў — адразу пачнем выдаваць».

Па словах Уладзіміра Гарбачова, «ЛАДЭ» гатовы выдаваць бальнічныя ў першую чаргу тым людзям, якія абслугоўваюцца ў цэнтры шмат гадоў запар, з якімі заключаны дамовы («асабісты тэрапеўт», «асабісты педыятр», вядзенне цяжарнасці), таму што лекары добра ведаюць гісторыю хваробы гэтых пацыентаў, а таксама людзям, якія прыходзяць у цэнтр «ЛАДЭ» на аперацыю (тут аперуюць гінеколагі, флеболагі, практолагі, оталарынголагі, пластычныя хірургі, стаматолагі-хірургі).

«Што тычыцца іншых момантаў, то мы яшчэ два гады таму заяўлялі, што для выдачы бальнічных лістоў нам усім — і прыватным цэнтрам, і дзяржаўным установам аховы здароўя — патрэбная агульная база медыцынскіх дадзеных, — кажа Уладзімір Гарбачоў. — Каб лекар, упершыню бачачы пацыента, мог паглядзець яго гісторыю хваробы, з чым раней звяртаўся, якія прызначэнні яму рабіліся. Акрамя таго, неабходная адзіная база бальнічных лістоў, каб лекары бачылі, калі, кім і на якія тэрміны раней былі выдадзены лісткі часовай непрацаздольнасці. Без адзіных базаў медыцынскай дакументацыі і бальнічных лістоў працэс выдачы лістоў часовай непрацаздольнасці становіцца непразрыстым і цяжка кантраляваным».

Нельга скінуць з рахункаў і высокую верагоднасць канфліктных сітуацый. Не выключана што хто-небудзь з пацыентаў будзе спрабаваць атрымаць бальнічны без дастатковых на тое падстаў, у адваротным выпадку пагражаючы скаргамі ў вышэйшыя інстанцыі і патрабуючы вярнуць грошы. Бо яго мэта — атрыманне бальнічнага — не дасягнутая, нягледзячы на тое, што лекар надаў яму 30 хвілін часу на прыём.

Калі пацыент звернецца ў платны цэнтр, і бальнічны яму не выдадуць, а ў паліклініцы выдадуць (ці наадварот) — зноў магчымыя канфлікты і скаргі.

Ёсць маса іншых нюансаў. Але несправядліва пазбаўляць большасць добрапрыстойных пацыентаў патрэбнай паслугі толькі з-за таго, што хтосьці захоча скарыстацца гэтым незаконна.

Напярэдадні на сайце Міністэрства аховы здароўя быў размешчаны тлумачальны ліст за подпісам міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Асаблівую ўвагу ён звяртае на выпадкі, калі бальнічныя выдаюцца па догляду за хворым дзіцем. А менавіта: маці з хворым дзіцем можа звярнуцца па бальнічны ў прыватны медыцынскі цэнтр, а тата (ці бабуля, дзядуля) з тым жа дзіцём — у паліклініку. Гэта значыць сям’я можа атрымаць некалькі бальнічных на адно дзіця.

«З мэтай недапушчэння названых выпадкаў неабходна забяспечыць аператыўны абмен адпаведнай інфармацыяй паміж дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя па месцы яго жыхарства (месцы медыцынскага назірання) і арганізацыяй аховы здароўя недзяржаўнай формы ўласнасці, якая аказвае дадзеным пацыенту медыцынскую дапамогу», — завяршаецца тлумачальны ліст. Уласна гаворка ідзе ўсё пра тую ж агульную базу дадзеных.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!