«Прызнаць вінаватай»: суд над Дзіянай Серадзюк

Журналістка «Новага Часу» пакараная вялізным штрафам за  ўдзел у акцыі супраць «паглыбленай інтэграцыі» 20 снежня.
Нагадаем, гэта ўжо другі суд над нашай калегай. Па выніку першага пасяджэння суд вярнуў матэрыялы справы на дапрацоўку.

Суд над журналісткай НЧ: справу вярнулі на дапрацоўку


На сённяшнім паседжанні Дзіяна адмовілася сведчыць супраць сябе.

Першы сведка Астаф'еў Сяргей паведаміў, што несанкцыянаванае мерапрыемства 20 снежня (пратэст супраць "паглыбленай інтэграцыі" — заўв. рэд.) ішло доўгі час, і ўвечары каля парку Купалы ён убачыў Дзіяну і сфатаграваў яе на мабільны тэлефон. Па словах Астаф'ева, Дзіяну ён ведае "па працы", на акцыі яна, нібыта, не была пазначаная як журналістка, а таксама выкрыквала лозунг "Жыве Беларусь". 

Вышэйпрыгаданае фота па словах сведкі, было зроблена на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы, а ў парку Астаф'еў "не змог зняць Серадзюк, бо яна адвярнулася".

Сведка Івашкоў мінулым разам упэўнена сцвярджаў, што дакладна бачыў Дзіяну ў 18.00 — 18:30 на Кастрычніцкай плошчы. Але на сённяшнім пасяджэнні Івашкоў сказаў, што, даючы тыя паказанні, памыліўся і што тады не бачыў гэтую грамадзянку, а бачыў пры іншых абставінах. 

Дзіяна Серадзюк звярнула ўвагу, што здымак з тэлефона Астаф'ева — відавочна той жа, што раней быў у справе, толькі каляровы. Але пры гэтым раней сцвярджалася, што здымак зроблены з камеры відэаназірання. Таксама наша калега звярнула ўвагу суда, што недапушчальна такім карэнным чынам змяняць паказанні, калі міліцыянт так "памыляецца" — ўзнікае пытанне наконт яго прафпрыдатнасці. 

Таксама Серадзюк заўважыла, што яшчэ адзін сведка Шайко ўвесь час у судзе не з'яўляецца, а яго паказанні ў справе дублююць словы Івашкова і першы раз, і другі раз слова ў слова — нават памыляюцца супрацоўнікі міліцыі аднолькава. 

Дзіяна Серадзюк папрасіла далучыць да справы сваю прамову пра міжнароднае і беларускае заканадаўства, якое гарантуе кожнаму грамадзяніну права ўдзелу ў мірных сходах. 

Але нягледзячы на гэтую прамову, а таксама на недастатковую доказную базу, памылкі ў паказаннях сведкаў і іншыя недарэчнасці суд прызнаў Дзіяну вінаватай паводле ч 3 арт. 23.34 КаАП і пакараў яе штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: