Прызначана апеляцыя па справе Касінерава

Разгляд крымінальнай справы Вячаслава Касінерава ў Мінскім гарадскім судзе будзе праходзіць па скарзе самога актывіста.  

Слуханні справы ў апеляцыйнай інстанцыі распачнуцца а 10-й гадзіне 16 чэрвеня (адрас Мінгарсуда: вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1). Пра гэта актывіста апавясціў суд Маскоўскага раёна Мінска, піша spring96.org.

Вячаслаў Касінераў абскардзіў прысуд суда Маскоўскага раёна ад 27 красавіка гэтага года, паводле якога ён па артыкуле "Хуліганства" пакараны штрафам у пяць базавых велічынь — 115 рублёў.

Актывіст лічыць гэты прысуд незаконным і неабгрунтаваным. Звяртаючыся ў апеляцыйную інстанцыю, ён прыводзіць довады на карысць адсутнасці хуліганскага матыву ў сваіх дзеяннях і неабходных кваліфікацыйных прыкметаў злачынства, у якім яго абвінавацілі, пры гэтым падкрэслівае, што кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання.

"Прыцягненне мяне да крымінальнай адказнасці за мірнае выказванне свайго меркавання, якое не ўчыніла шкоды ні іншым грамадзянам, ні грамадству ў цэлым, ні чужой маёмасці, з'яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежавання свабодаў і скіраванае не на абарону грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкодаў у ажыццяўленні мною сваіх канстытуцыйных правоў", — гаворыцца ў скарзе.

Касінераў просіць Мінгарсуд адмяніць прысуд суда Маскоўскага раёна і спыніць крымінальную справу праз адсутнасць складу крымінальнага злачынства.

Нагадаем, крымінальная справа супраць актывіста анархісцкага руху была ўзбуджаная па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 года каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла, што расцэньвае крымінальны пераслед Касінерава як непрапарцыйна жорсткую рэакцыю ўладаў на яго ўчынак, абумоўленую помстай органаў міліцыі, і падчас утрымання пад вартай да суда прызнала актывіста палітычным зняволеным.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: