Прызначаны суд над партнёрам Чыжа Япрынцавым і ягоным сынам

Былога намесніка кіраўніка групы кампаній «Трайпл» Уладзімера Япрынцава і ягонага сына Казбэка абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва вялікім памеры, якое здзейснена арганізаванай групай.

Разам з бацькам і сынам Япрынцавымі на лаве падсудных апынецца былы супрацоўнік групы кампаній «Трайпл» Аляксандар Арабян. Працэс пачнецца 4 ліпеня ў Цэнтральным раённым судзе Мінска.

Першыя звесткі пра арышт саўладальніка «Трайпла» Уладзімера Япрынацава з'явіліся ў 19 жніўня 2015 году. Распавядалася, што Япрынацава-старэйшага затрымалі пасля прылёту з Масквы, аперацыя праходзіла з удзелам«маскі-шоў» — гэта значыць спецназу. На наступны дзень крыніцы ў інтэрнэце паведамілі пра затрыманне таксама і сына Япрынацава Казбэка, менеджэра кампаніі «Трайпл», які таксама з'яўляецца сузаснавальнікам IT-кампаніі. Сцьвярджалася, што яго падазраюць у фінансавых злачынствах на мільёны долараў.

У снежні 2015 году старшыня КДБ пацвердзіў арышт Уладізмера Япрынцава і паведаміў, што вядомага бізнэсоўцу абвінавачваюць у махлярстве.

Ужо пасля арышту ў сакавіку 2016 года асноўнага ўладальніка «Трайпла» мільярдэра Юрыя Чыжа стала вядома, што гэта ён разам з двума партнёрамі звярнуўся ў праваахоўныя органы з заявай на дзеянні Уладізімера Япрынцава. Пра гэта мэдыям таксама паведаміў старшыня КБД.

Назіральнікі не выключаюць, што арышт Юрыя Чыжа мог быць звязаны з той роллю, якую ён выканаў у затрыманні Уладзімера Япрынцава.

Уладзімер Япрынцаў вядомы таксама як спартовец. Ён трохразовы чэмпіён свету па самба, трохразовы чэмпіён Еўропы па самба. Быў віцэ-прэзыдэнтам Еўрапейскай асацыяцыі самба, старшынём Беларускай фэдэрацыі самба і Беларускай фэдэрацыі дзюдо.

Імя Казбэка Япрынцава ў беларускіх і ўкраінскіх мэдыях згадвалася летась у сувязі са скандалам вакол угоды з закупкай нафты ва ўкраінскай фірмы, пасля чаго зьніклі вялікія грошы.

Ці будзе гэты эпізод фігураваць у справе, якую пачнуць разглядаць 4 ліпеня ў Цэнтральным судзе Мінска, невядома. Працэс будзе адкрытым.

Паводле «Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: