Псіхолаг: людзі прыходзяць і расказваюць, як у начных кашмарах бегаюць ад АМАПа

За час пратэстаў у жніўні — верасні 2020 года толькі ў Мінску не менш за 1376 чалавек сутыкнуліся з гвалтам з боку сілавікоў, піша "Медиазона". Кожны трэці з іх атрымаў траўмы сярэдняй цяжкасці і калецтва. Больш за 600 чалавек былі збітыя не падчас мітынгаў, а пасля затрымання ў аддзелах міліцыі і ў ізалятарах. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, з чым прыходзяць беларусы да псіхолагаў. 
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Гэта не навуковае даследаванне, а проста расказ трох розных псіхолагаў, якія цяпер займаюцца практыкай і працуюць валанцёрамі, што аказваюць падтрымку беларусам.

Аліна Воўчанка, кандыдат медыцынскіх навук, псіхолаг, валанцёр 3-га ўзроўню ByHelp: "Сінусоіда ад "мы пераможам" да "ўсё прапала" сапраўды існуе"

Цяпер вялікая колькасць людзей з псіхічнымі траўмамі пасля затрыманняў, пасля маршаў. Але ў гэтым можна ўбачыць і станоўчае. Людзі прыходзяць і кажуць: "Мне сняцца кашмары, я бегаюць ад АМАПа" — гэта жахліва. Але я, як спецыяліст, радуюся, што яны не варацца ва ўласным соку, а як мінімум прагаворваюць гэта.

Цяпер тры месяцы пратэстаў, людзі стамляюцца. Сінусоіда ад "мы пераможам" да "ўсё прапала" сапраўды існуе. Таксама існуе стомленасць, існуе назапашаны стрэс, бяссілле і знямога ад працяглага чакання, калі чакаеш: "Вось-вось" — а замест "вось-вось" накрывае хваляй бяссілля. І мы адчуваем вялікую стрэсавую нагрузку. Раніцай у панядзелак залезеш у "Тэлеграм", і неяк на тыдзень зараджаны картызолам, стрэсам. А гэта ўжо вялікія рызыкі сардэчна-сасудзістых катастроф і захворванняў. Таму звяртацца па псіхалагічную падтрымку — важна.

За апошні час я ўбачыла прыклады асабістага праламлення кожнага беларуса. У іх адбывалася свая ўласная рэвалюцыя. Я назірала за тым, што вельмі многіх людзей перастала задавальняць тое, як уладкавана іх жыццё. Калі яны сталі заўважаць, што як было раней — ужо не хочацца. Гэта датычылася не толькі палітычнай абстаноўкі, але і простых рэчаў. Таму колькасць зваротаў значна павялічылася.

Раней звярнуцца да псіхолага здавалася сорамным. Гэта ўспрымалася як нешта незразумелае. Людзі настройвалі сябе: "Я сам спраўляюся, я не псіх, я здаровы". А цяпер яны разумеюць: калі ты быў затрыманы, калі ты бачыў гвалт пры затрыманнях, то лепш за ўсё адразу ісці да псіхолага. Я б сказала пра дэстыгматызацыю псіхалагічнай дапамогі. Беларусы зразумелі, што гэта людзі, якія сапраўды хочуць і могуць ім дапамагчы. Дрэнна толькі, што гэта было зразумета такой цаной.
 
Ганна Татарыцкая, практыкуючы псіхолаг, валанцёр ByHelp: "Людзі, якія ходзяць на праўладныя мітынгі, таксама ў вялікай траўме. Гэта называецца "стакгольмскі сіндром"  

Павялічылася колькасць кліентаў, якія звяртаюцца не толькі як удзельнікі падзей, якія адбываюцца: затрыманыя, мітынгоўцы. Але і як простыя назіральнікі таго, што адбываецца. Сімптомы ва ўсіх аднолькавыя — трывога.

Здавалася б, сітуацыя адна, а рэагуе кожны чымсьці сваім. У кагосьці пачуццё віны ўключаецца, што кагосьці білі, а яму дасталося мала. Кагосьці затрымалі, а мяне не затрымалі. З такімі вось праблемамі прыходзяць. Пераважная большасць — начныя кашмары.

Калі гаварыць пра такія крызісныя часы, у нас цяпер ва ўсіх такое абвастрэнне. У цэлым з пункту гледжання псіхалогіі гэта добра. Раней, каб з'явіўся запыт, трэба было гадамі шукаць праблему, а цяпер — усё на сподачку ляжыць, проста бяры і рабі з гэтым што-небудзь.

Тое, што цяпер адбываецца з беларусамі, — актыўная фаза канфлікту. У гэты момант у арганізма задача — выжыць любой цаной. Ён гатовы ўжыць сцэнары, якія склаліся эвалюцыйна. І мы да гэтага гатовыя, таму што на вайне расслабляцца нельга. І цяпер арганізм мабілізуе ўсе свае сілы, каб выжыць. І калі ўсё скончыцца, калі мы выйдзем з канфлікту, цела расслабіцца і вось тады трэба будзе нешта зрабіць, каб яму расслабіцца. І вось гэта панічная атака — усяго толькі скід напружання. І калі цела расслабіцца, калі яму трэба будзе аднавіцца — тады будзе, мне здаецца, яшчэ адзін усплёск. І дзесьці праз месяцы тры. Цяпер беларусы атрымліваюць вельмі расцягнутую калектыўную траўму.

Дапамога псіхолага на самай справе патрэбна ўсім. Можна сказаць, што нават абодвум "бакам канфлікту". Бо людзі, якія ходзяць на праўладныя мітынгі і падтрымліваюць уладу, — яны таксама ў вялікай траўме. Гэта называецца "стакгольмскі сіндром". Яны як дзеці, прывязаныя да мамы, якія знаходзяць нейкія бонусы, якія яны атрымліваюць, і ім гэтага дастаткова.
 
Лізавета Дунаева, клінічны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, валанцёр: "Нават на разовых кансультацыях людзі гавораць пра страту сэнсу жыцця, пра апатыю, пра дэпрэсіўныя сімптомы"

За час маёй працы да мяне прыходзяць людзі з цяжкімі псіхаэмацыйнымі праблемамі: трывога, дэпрэсіўныя перажыванні, перажыванні страты, панічная атака. Гэта ўсё, што суправаджаецца непрыемнымі сімптомамі. Наогул такіх людзей шмат заўсёды, але цяпер стала значна больш людзей, чым было да падзей, звязаных з палітычнай сітуацыяй у краіне, з парушэннямі сну.

Узрасла колькасць людзей, якія перажылі гвалт. У іх вельмі часты сімптом — трывога, страх выходзіць з дому. Страх нейкіх пэўных аб'ектаў або людзей. Гэта фобіі, якія фармуюцца, падвышаная эмацыйная напружанасць, выпадкі панікі, якія пачасціліся. Несумненна, можна гаварыць пра тое, што павялічылася колькасць людзей з сімптомамі ПТСР [посттраўматычнае стрэсавае расстройства].

Я сутыкаюся з тым, што нават на разовых кансультацыях людзі гавораць пра страту сэнсу жыцця, пра апатыю, пра дэпрэсіўныя сімптомы. І вельмі часта гэта эмацыйная дэзарганізацыя. У людзей эмацыйныя імпульсы перастаюць быць кантраляванымі: чалавек упадае то ў гнеў, то ў эйфарыю. На фоне гэтага эмацыйнага разгойдвання ідзе моцнае псіхаэмацыйнае знясіленне. Людзі не звяртаюцца па дапамогу і атрымліваюць знясіленне ўнутраных органаў, за якім ідзе атрыманне непрыемных сімптомаў — патлівасць, галавакружэнне, трэмар у руках, падвышанае сэрцабіцце.

Нават калі чалавек прыняў рашэнне адмовіцца ад актыўных пратэставых дзеянняў, засяродзіцца на ўласнай бяспецы, — гэта не азначае, што ён не адчувае траўмавальных абставін. Траўматычная сітуацыя не скончылася дагэтуль. Нават тыя людзі, якія ніколі не бралі ўдзелу ў пратэставым руху, аказваюцца ўцягнутыя, што называецца, у "траўматычнае поле". Адчуванне бяспекі ў Беларусі на сёння разбурана амаль дашчэнту. Ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Нават тыя людзі, якія адмаўляюць рэальнасць і кажуць, што ў нас усё добра, проста відавочна псіхалагічна выцясняюць гэта. Усё гэта як хаваць галаву ў пясок. І гэта немінуча вядзе да псіхалагічных расстройстваў.

Пры гэтым самыя асноўныя складанасці чакаюць нас наперадзе: колькасць посттраўматычных расстройстваў будзе расці. У асноўным гэта наступае праз месяц, два, тры. Гэта тое, што будзе зноў, зноў і зноў спасцігаць нас. І таму людзей, якія маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, пазней будзе ўсё больш і больш.
 
Куды звяртацца па дапамогу?

На Pronobo.by можна знайсці спіс бясплатных ініцыятыў дапамогі пацярпелым. Тэлефон гарачай лініі Probono +375447097911. Таксама каардынатаркі руху "Псіхолагі за правы чалавека" Ганна Край і Вольга Размахава гатовыя аказаць дапамогу любому чалавеку, для запісу можаце пісаць @_to_the_edge_ у "Інстаграме" ці @funambulist_ak, @olga_raz у "Тэлеграме". Форма на атрыманне псіхалагічнай дапамогі затрыманым, пацярпелым і іх блізкім ад ініцыятывы #СалідарныЯ.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: