Рабочага «Гродна Азоту», члена незалежнага прафсаюза, звольнілі, а потым паклікалі назад

На ААТ «Гродна Азот» пачалі запрашаць на працу работнікаў, якім некалькі месяцаў таму без тлумачэння прычын не працягнулі працоўныя кантракты. Як правіла, рабочыя былі членамі Беларускага незалежнага прафсаюза, распавядае «Народная Воля».

Некалькі месяцаў таму…

Рабочы ААТ «Гродна Азот» Андрэй Піліпенка адпрацаваў на прадпрыемстве 12 гадоў, быў апаратчыкам падрыхтоўкі сыравіны паўфабрыкатаў, і кіраўніцтва рэкамендавала яго на больш кваліфікаваную працу — апаратчыкам грануляцыі. Толькі вось усе яго прафесійныя і чалавечыя якасці не пераважылі той факт, што ён быў сябрам Беларускага незалежнага прафсаюза. Увесну яму, як і яшчэ каля дзесяці працаўнікам, якія ўваходзілі ў незалежны прафсаюз, не працягнулі кантракт.

Намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы і кадрах Алег Жывушка так патлумачыў Піліпенку адмову ў працягненні кантракта: «Адмовілі на падставе таго, што маем права…»

Піліпенка распавядаў, што члены афіцыйнага прафсаюза з яго цэха раілі яму пакінуць шэрагі незалежнага, напісаць заяву на ўступленне ў іх арганізацыю, і, маўляў, тады праблема з працягненнем кантракта вырашыцца. Аднак Піліпенка, нягледзячы на тое, што ў яго двое непаўнагадовых дзяцей, крэдыты, адмовіўся гэта рабіць.

Нечаканае тэлефанаванне

І вось днямі, распавёў Піліпенка, яму патэлефанаваў начальнік цэха і прапанаваў вярнуцца ў калектыў. Праўда, патлумачыў, што трэба будзе напісаць заяву на выхад з незалежнага прафсаюза, схадзіць на прыём да намесніка генеральнага дырэктара па бяспецы і кадрах. Ад былых калег спадар Андрэй ведае, што ў цэху быў сход, на якім прысутнічалі супрацоўнікі аддзела кадраў, і ім было зададзена пытанне адносна непрацягнення кантрактаў высакакласным спецыялістам. Прагучала, што, магчыма, у дачыненні да некаторых работнікаў зрабілі памылку, а таму ім варта прыйсці для размовы, і іх, маўляў, могуць прыняць на былое месца працы.

— З павагі да свайго былога начальніка цэха я сказаў, што падумаю над прапановай, — кажа Піліпенка. — Але ісці туды не збіраюся.

Атрымліваецца, звяртае ўвагу Піліпенка, што загад аб непрацягненні кантракта падпісвае адзін чалавек, а сутыкацца з тым, што ў цэху не стае кваліфікаваных спецыялістаў, даводзіцца другому:

— І, на жаль, у першага паўнамоцтваў больш, чым у другога. Але тэхналагічны працэс не падпарадкоўваецца загадам «без тлумачэнняў». На «Азоце» сур’ёзная вытворчасць.

Акрамя ўмовы напісаць заяву на выхад з незалежнага прафсаюза, ёсць другая акалічнасць. Адзін з былых калег, расказвае спадар Андрэй, напісаў заяву на выхад з незалежнага прафсаюза, яго прынялі на працу, але не аднавілі, а залічылі ў штат нанова. У выніку ў яго перарваўся стаж, ён згубіў усе даплаты.

— І потым, я ж не сам звольніўся — мне не працягнулі кантракт. І цяпер трэба ісці на прыём да таго самага Жывушкі?! — задаецца пытаннем спадар Андрэй.

«Прафсаюз мяне не кінуў»

За тры месяцы пасля звальнення Піліпенка так і не знайшоў сталую працу, хаця прапановы ёсць. Але пакуль у сілу абставін займаецца толькі падпрацоўкамі.

— Дзякуй нашаму незалежнаму прафсаюзу: на працягу трох месяцаў такім, як я, аказваецца аднаразовая дапамога ў памеры 700 рублёў, — распавядае мой суразмоўца.

Страху перад будучыняй у спадара Андрэя няма, ён перакананы, што працу, якую хоча, абавязкова знойдзе і на сям’ю заўсёды заробіць. Кажа, што не асуджае людзей, якія вяртаюцца на прадпрыемства:

— Можна зразумець чалавека, які пасля школы скончыў хіміка-тэхналагічны тэхнікум, амаль 20 гадоў аддаў заводу і ў свае 50 раптам апынуўся без працы. У яго ж няма іншай прафесіі, куды яму ісці ў такім узросце?

З аднаго боку, Піліпенка не хавае шкадавання, што страціў стабільную працу, але, з іншага, упэўнены, што ў жыцці трэба час ад часу многае мяняць, у тым ліку і прафесію.

— Я нават чытаў, што калі чалавек вельмі доўга працуе на адным месцы, то ён губляе свае прафесійныя якасці.

Практыка непрацягнення кантрактаў членам незалежнага прафсаюза спынілася

Старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч пацвердзіў, што сапраўды былі выпадкі, калі члены іх арганізацыі, якім не працягвалі кантракт без тлумачэння прычын, атрымлівалі лісты з прапановай вярнуцца на працу.

Ён распавёў пра выпадак, калі член іх прафсаюза напісаў заяву аб выхадзе з арганізацыі, бо такой была ўмова яго вяртання на працу.

— Мы чалавека не адгаворвалі, паколькі ён мае права сам вырашаць, дзе яму быць, — гаворыць спадар Ханевіч. — Вось Андрэй Піліпенка застаўся членам нашага прафсаюза і не пагадзіўся вярнуцца на працу. Яго мы таксама не ўгаворвалі.

Не ўсе, з кім не працягнулі кантракт, прыходзяць да іх, кажа старшыня пярвічкі, а таму больш інфармацыі аб тым, ці атрымліваў яшчэ нехта падобныя лісты з запрашэннем вярнуцца на працу, у іх няма.

— Праўда, што вельмі істотна, апошнім часам спынілася практыка непрацягнення працоўных кантрактаў членам нашага прафсаюза, — канстатуе Ханевіч.

Губляць падрыхтаванага спецыяліста з досведам для іх прадпрыемства дорага і неразумна, упэўнены прафсаюзны лідар. Нават калі ў цэх прыйдзе чалавек з вышэйшай адукацыяй, усё роўна самастойна, без практыкі і кантролю адразу добра працаваць ён не здолее — такая спецыфіка вытворчасці. І гэта, падобна, пачалі разумець і тыя, хто прымаў няслушныя рашэнні.

Дарэчы, падчас нашай размовы ў офіс прыйшоў адзін з членаў прафсаюза і папрасіў ліст паперы, каб напісаць заяву на выхад з арганізацыі. Прадстаўляцца не захацеў. Патлумачыў, што робіць гэта таму, што сітуацыя няпэўная. Ад начальства адчуваецца непрыязнасць да сябраў незалежнага прафсаюза. А ў яго, маўляў, дрэннае здароўе, сям’я, крэдыты, і жонцы, якая працуе на ААТ «Молочный мир», за тое, што проста выйшла з афіцыйнага прафсаюза, могуць не працягнуць кантракт. Адным словам, прызнаўся, што страшнавата яму стала.

— І такое бывае, — кажа Ханевіч. — І гэта, у прынцыпе, ужо не здзіўляе. Хутчэй здзіўляешся, калі зараз прыходзяць і пішуць заяву на ўступленне ў наш прафсаюз. І гэта не адзінкавыя выпадкі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: