Работнікаў слонімскага малаказавода прымушаюць "зліваць" калегаў

«Хто дэстабілізуе абстаноўку на слонімскім малаказаводзе?» — такое пытанне змяшчаецца ў анкеце, якую прымушаюць запаўняць работнікаў слонімскага малаказавода.



Нядаўна сярод работнікаў вытворчага цэха «Слонім», які ўваходзіць у склад ААТ «Шчучынскі масласырзавод», кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла правесці сацыялагічнае апытанне.

Работнікаў папрасілі выказаць сваё меркаванне па пытаннях, што тычацца жыцця прадпрыемства, адказаўшы на пытанні анкеты.

У анкеце ўтрымліваецца такое пытанне: «Ці ёсць у Вашым калектыве работнікі, якія дэстабілізуюць абстаноўку на прадпрыемстве (негатыўна настройваюць работнікаў у адносінах да прадпрыемства, кіраўніцтва і да т.п.)». Яшчэ адно цікавае пытанне гучыць так: «Ці ёсць у Вашым падраздзяленні работнікі, якія нядобрасумленна ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў, можаце назваць іх?».

Работнікі не разумеюць, з якой мэтай і для чаго было задумана гэта анкетаванне і чаму сярод розных падраздзяленняў вытворчага цэха раздаваліся розныя па афармленні анкеты.

Некаторыя работнікі лічаць, што праз гэта анкетаванне кіраўніцтва прадпрыемства хоча ўнесці разлад у працоўны калектыў. Хоча выявіць «ненадзейных» работнікаў, якія шмат выступаюць, а пасля звольніць іх.

Цяпер атрымліваецца, калі ты будзеш адстойваць свае працоўныя правы і выказваць незадаволенасць, цябе могуць абвінаваціць у тым, што ты дестабілізуеш абстаноўку. «Так, ці што?» — задаюцца пытаннем рабочыя.

Не выключаюць рабочыя і таго, што гэта анкетаванне можа быць звязана з тым, што ў канцы 2014 года на работнікаў вытворчага цэха «Слонім», "павесілі" нястачу на суму, роўную амаль 300 мільёнам рублёў. І кожны работнік павінен быў заплаціць заводу ад 3 да 6 мільёнаў рублёў.

Работнікі з такім стнам спраў мірыцца не сталі і, ня гледзячы на ​​пагрозы звальнення, пачалі дамагацца праўды. Інфармацыя была апублікаваная ў СМІ. Пасля чаго пачалося разбіральніцтва, якое да гэтага часу яшчэ не скончана.

slonimby.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!