Рада беларускай інтэлігенцыі: вызваліць палітвязняў і адкласці выбары

Вечарам 22 ліпеня ў Мінску на пасяджэнні грамадзянскай ініцыятывы «Рада беларускай інтэлігенцыі» (РБІ) быў прыняты зварот у сувязі з выбарамі кіраўніка дзяржавы.

Уладзімір Колас. Фота ucpb.org

У інтэрв’ю НЧ старшыня рады, вядомы беларускі кінарэжысер і педагог Уладзімір Колас зазначыў, што цяперашняя выбарчая кампанія пацвердзіла схільнасць першай асобы краіны ставіцца да апанентаў як да асабістых ворагаў і ўжываць супраць іх сілавыя структуры, судовую сістэму і дзяржаўныя СМІ. Такія захады лічацца незаконнымі згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародным правам і трактуюцца як узурпацыя ўлады, падкрэсліў спадар Колас.

На думку сяброў рады, у адрозненне ад папярэдніх выбараў кіраўніка дзяржавы, калі асноўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва былі тыя, хто разумеў важнасць нацыянальных каштоўнасцяў для захавання незалежнасці і існавання беларусаў як самабытнай еўрапейскай нацыі, гэтым разам рэй вядуць тыя, хто ігнаруе беларускую мову ў выбарчай кампаніі. «Сумна і тое, што шмат грамадзянаў Беларусі, якія выступаюць за дэмакратычныя перамены, не звяртаюць увагу на гэтую акалічнасць. Да такога стану беларускае грамадства давяла ўладная палітыка выціскання беларускай мовы з усіх сфераў жыцця, у тым ліку з адукацыі, СМІ і дзейнасці дзяржструктур», — адзначаецца ў звароце.

Яго аўтары падтрымалі ідэю вядомага беларускага даследчыка айчыннага мінулага, доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука, які прапанаваў носьбітам беларушчыны актыўней далучацца да выбараў кіраўніка дзяржавы.

Старшыня РБІ згадаў, што першая асоба краіны скардзіцца на ўмяшальніцтва ў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі «лялькаводаў з Усходу», але менавіта гэтая асоба мусіць узяць на сябе адказнасць за цяперашнюю ступень палітычнай і эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі, якая пагражае поўнай стратай суверэнітэту.

Паводле сяброў рады, сёлетняя прэзідэнцкая кампанія характарызуецца пашырэннем пратэстных настрояў у грамадстве. «У гэтай сітуацыі звыклая практыка фальсіфікацыі вынікаў галасавання і ўжывання рэпрэсій супраць пратэстоўцаў можа прывесці да вялікай трагедыі», — падкрэсліў Уладзімір Колас.

Вось чаму, каб прадухіліць трагедыю і вярнуць сітуацыю ў нармальнае легітымнае рэчышча, Рада беларускай інтэлігенцыі патрабуе спыніць выбарчую кампанію, вызваліць усіх незаконна затрыманых грамадзян, адкласці выбары на тры месяцы і правесці іх у адпаведнасці з заканадаўствам і дэмакратычнымі нормамі.

Сябры Рады беларускай інтэлігенцыі заклікалі усіх кандыдатаў на прэзідэнцтва і грамадзянаў Беларусі далучыцца да гэтага патрабавання.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: