Рада БНР узнагародзіць медалямі грамадскіх, палітычных і культурных дзеячаў

Сёння Рада БНР з нагоды 101 угодкаў абвяшчэння БНР уганаруе сваімі медалямі грамадскіх і культурных дзеячаў, а таксама амбасадараў ЗША.

Фота  www.svaboda.org

25 сакавіка ў Вашынгтоне на ўрачыстым прыёме ў гонар 101 угодкаў незалежнасці БНР медаль Рады БНР будзе ўручаны палітычнай актывістцы Ірыне Красоўскай, грамадскай дзяячцы Алесі Кіпель, праваабаронцу Дэвіду Крэймеру, былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Майклу Козаку, Джорджу Кролу, Дэвіду Сўорцу, Кенету Ялавіцу, Дэніэлу Спекгарду, кангрэсменам Крыстаферу Сміту і Джону Шымкусу, даследчыку Курту Вулгайзеру, фатографу Джону Кунстадтару, былому палітычнаму дарадцу АБСЕ Арэсту Дэйчакоўскаму і старшыні Аб’яднанага балтыйскага-амерыканскага нацыянальнага камітэту Карлу Алтаў. За Васіля Сёмуху медаль атрымае ягоная дачка Алеся.

Васіль Сёмуха — выбітны беларускі перакладчык, дзякуючы якому сусветная беларускамоўная бібліятэка папоўнілася творамі Гётэ, Шылера, Гайнэ, класікаў польскае і латышскай літаратуры, а таксама адным з найбольш вядомых перакладаў Бібліі. Дэкрэт аб узнагароджанні быў падпісаны 24 снежня 2018 года. Васіля Сёмухі не стала 3 лютага 2019 года

Таксама медалямі адзначаны намаганні ЗША па абароне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У гэтым вялікая заслуга амбасадараў ЗША ў Беларусі, кангрэсменаў, экспертаў і грамадскіх дзеячаў сяброўскіх да беларусаў дыяспар.

Арганізатарам урачыстага прыёму выступіў Вашынгтонскі аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА).

"Мы ўхваляем рашэнне Рады БНР узнагародзіць менавіта гэтых людзей, якіх мы вельмі добра ведаем і з якімі трымаем прафесійныя і сяброўскія адносіны цягам многіх гадоў. Дарэчы, большасць узнагароджаных амерыканцаў добра размаўляе па-беларуску. Нашае мерапрыемства таксама адрасуецца шырокім колам амерыканскай грамадскасці — і тым, хто займаецца пытаннямі Беларусі, і тым, хто робіць першыя крокі ў гэтым напрамку", — патлумачыў Вячаслаў Бортнік, старшыня Вашынгтонскага аддзела БАЗА.

 Паводле прэс-службы БАЗА


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!