Рада інтэлігенцыі — на баку народа

Сакратарыят Грамадзянскай ініцыятывы «Рада беларускай інтэлігенцыі» прыняў заяву, у якой адзначаецца, што «сваімі дзеяннямі па фальсіфікацыі вынікаў галасавання і жорсткім разгоне мірных пратэстоўцаў улада цалкам страціла давер грамадзян. Яна не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права выступаць ад імя народу і прымаць любыя рашэнні на міжнародным узроўні».
Акцыя жанчын 12 жніўня ў Мінску. Фота Алены Ляшкевіч

Акцыя жанчын 12 жніўня ў Мінску. Фота Алены Ляшкевіч


Сакратарыят Рады беларускай інтэлігенцыі 12 жніўня прыняў заяву: «Рада інтэлігенцыі — на баку народа».

«Уся сёлетняя кампанія па выбарах прэзідэнта, як і ў папярэднія гады, праходзіла пад знакам самапрызначэння аднаго кандыдата — Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які карыстаўся неабмежаваным манапольным доступам да ўсіх дзяржаўных СМІ дзеля ўласнага самапіяру, — адзначаецца ў заяве. — Некаторыя з прэтэндэнтаў, які пачалі набіраць найбольшую папулярнасць, былі арыштаваны. Усе астатнія кандыдатуры былі зарэгістраваны выключна для таго, каб забяспечыць яўку выбарнікаў і стварыць ілюзію палітычнай канкурэнцыі і дэмакратычнасці працэсу.

Тым не менш народ скарыстаўся легальнай магчымасцю змены ўлады і зрабіў свой выбар. Падчас працэдуры датэрміновага і асноўнага галасавання адбыліся беспрэцэдэнтныя парушэнні з боку выбарчых камісій і ЦВК, што зафіксавана многімі назіральнікамі. Незалежных назіральнікаў не дапускалі да працэдуры падліку галасоў, ім адмаўляліся прад’яўляць выніковыя пратаколы.

Журналістаў незалежных СМІ, якія вялі стрымы з выбарчых участкаў, затрымлівалі і вывозілі ў невядомым кірунку. Кандыдатка Святлана Ціханоўская, якая верагодна атрымала большасць галасоў, была вымушана з’ехаць з Беларусі. Такія факты ў сваёй сукупнасці дазваляюць прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Недавер да афіцыйных вынікаў галасавання выказалі шматтысячныя групы людзей у розных гарадах Беларусі, якія выйшлі на вуліцы з мэтай адстаяць сваё права на годнае жыццё.

Нелігітымная ўлада схавалася за спінаю сілавых структур і перайшла да гвалту ў дачыненні да ўласнага народа. Сваімі дзеяннямі па фальсіфікацыі вынікаў галасавання і жорсткім разгоне мірных пратэстоўцаў улада цалкам страціла давер грамадзян. Яна не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права выступаць ад імя народу і прымаць любыя рашэнні на міжнародным узроўні.

Менавіта народ быў і застаецца адзіным паўнавартасным і паўнамоцным суб’ектам улады. Мы ганарымся тым, што беларускі народ сваімі штодзённымі пратэстнымі дзеяннямі нагадвае ўсяму свету, хто з’яўляецца сапраўдным гаспадаром у нашым беларускім доме.

Але такі стан не можа працягвацца надалей. Па ўзроўні жыцця мы даўно павінны былі стаць у адным шэрагу з заможнымі еўрапейскімі краінамі. Гэты шанс чарговы раз збіраюцца ў нас адабраць.

У цяперашняй сітуацыі процістаяння ўлады і народа мы бачым выйсце ў скліканні круглага стала, на які мы запрашаем прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі і ўладных структур. У выніку яго правядзення павінна быць выпрацавана прававая аснова выхаду з крызіснай сітуацыі і правядзення выбараў новай легітымнай улады».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: