«Рада, што ўжо не відаць гематомы на твары». Што родныя палітвязняў думаюць пра іх сустрэчу з Лукашэнкам

На сустрэчы ў «Амерыканцы», акрамя Лукашэнкі, прысутнічалі яшчэ 12 чалавек. Апазнаць удалося 11 з іх.
Навіна пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з групай палітзняволеных у СІЗА КДБ з'явілася ў другой палове дня 10 кастрычніка. Спачатку пра яе паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого», а пазней кадры з сустрэчы паказалі дзяржаўныя тэлеканалы. Той жа «Пул Первого» таксама апублікаваў кароткае відэа і паведаміў, што сустрэча працягвалася больш за 4 гадзіны. Яе поўны змест застаецца невядомым. Дзяржаўныя СМІ толькі намякаюць, што размова датычылася будучых зменаў у Канстытуцыю.

Па апублікаваных фота і відэа можна апазнаць 11 з 12 удзельнікаў сустрэчы. Там былі

былы прэтэндэнт на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка,
ягоны сын Эдуард Бабарыка,
дырэктар менскага офісу кампаніі PandaDoc Дзмітры Рабцэвіч,
сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады юрыстка Лілія Уласава,
былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт,
уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч,
Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасля сыходу Бабарыкі,
паліттэхнолаг Віталь Шкляраў,
сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак,
адвакат Ілля Салей,
бізнэсовец і сябра выбарчага штабу Бабарыкі Юры Васкрасенскі.
Акрамя іх, за авальным сталом на размове з Лукашэнкам прысутнічаў невядомы ў кепцы і з гадзіннікам на руцэ.

«Дыялог трэба весці не ў СІЗА КДБ»

Сустрэча Лукашэнкі з палітзняволенымі стала нечаканасцю як для экспертаў, так і для родных арыштаваных. Пра гэта ў размове са Свабодай расказала жонка Юрыя Васкрасенскага Алеся.

«Я думаю, нават палітолагі, палітычныя аглядальнікі ацэньваюць гэту сустрэчу па-рознаму, – кажа яна. – Яны ацэньваюць з пункту гледжання дасягнення мэты, этычнасці і гэтай далей. Ідэя дыялогу прагучала, але ўсе ж разумеюць, што дыялог неабходна весці з людзьмі на роўных умовах, калі яны знаходзяцца не за кратамі, не ў СІЗА, а на волі».

Юрыя Васкрасенскага трымаюць у СІЗА КДБ з 12 жніўня. Ён ужо станавіўся героем публікацый дзяржаўных СМІ. Толькі цягам апошняга тыдня было 10-хвіліннае інтэрвʼю Васкрасенскага праграме «Контуры», а 8 кастрычніка ён быў героем гадзіннай праграмы кіраўніка АНТ Марата Маркава.

«Шчыра кажучы, гэтыя два сюжэты з удзелам майго мужа выклікалі ў мяне неразуменне, – прызнаецца Алеся Васкрасенская. – Навошта ўвесь гэты тэатр, калі чалавек не зʼяўляецца небяспекай, ён цалкам адкрыты?

Я перажываю за яго здароўе, бо ў Юрыя ёсць дыягназы, пацверджаныя медычнымі заключэннямі, якія патрабуюць пастаяннага медычнага кантролю: праблемы з сэрцам, ціскам, з хрыбетнікам. У першы тыдзень пасля затрымання ён знаходзіўся наагул бязь лекаў. Пасля першых двух сюжэтаў, якія паказалі ў жніўні, можаце ўявіць мой стан. Былі вельмі нядобрыя прадчуванні. Браць інтэрвʼю ў чалавека, які ледзьве трымаецца на нагах... Ну неяк нядобра.

Я хадайнічала, каб мне дазволілі спатканне з мужам, каб адчуць ягоны стан. На жаль, на ўсе свае звароты атрымала адмову. Я рада, што ўжо не відаць гематомы на твары, ён паголены, сядзіць роўна. Але ў лістах ён піша пра пагаршэнне здароўя, і адвакат гэта пацвярджае. Я лічу, што трымаць хворага чалавека за кратамі недапушчальна».

Бацька былога выканаўцы абавязкаў старшыні праўлення «Белгазпрамбанку» Кірыла Бадзея Георгі кажа, што ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ для яго была таксама нечаканай.

«Магу толькі сказаць, што рух пачаўся, але да чаго ён прывядзе, што гэта азначае – пакуль тайна, – гаворыць Георгі Бадзей. – Нічога не магу прагназаваць».

Георгі Бадзей у 1990-я гады займаў пасады міністра працы, міністра кіравання дзяржаўнай маёмасцю, міністра эканомікі. Сына ён у суботу 10 кастрычніка пабачыў на відэа ўпершыню пасля яго затрымання. Георгі Бадзей кажа, што на фота і відэа, якія паказалі, сын выглядае больш-менш нармальна.

«Толькі крыху схуднеў, а так нармальна, мяркуючы па «карцінцы», – сказаў Георгі Бадзей. – Лісты ад сына сям’я атрымлівае. Піша, што трымаецца ён бадзёра, робіць зарадку, шмат чытае. Мы выпісваем для яго і прэсу, і кнігі. Гэта ўсё, што магу сказаць».

Нечаканасць сустрэчы Лукашэнкі з палітзняволенымі падкрэслівае і адвакат Юрыя Васкрасенскага Міхаіл Кірылюк.

«Зразумела, я ня ведаю дакладна, што яны абмяркоўвалі, – кажа Кірылюк. – Але я думаю, што галоўны пасыл сказаў нам тэлеграм-канал «Пул першага»: «Канстытуцыю на вуліцах не напішаш».

Адзінае, што ня можа атрымаць былы прэзідэнт самастойна і дзеля чаго ён мог пайсці прасіць даць яму палітвязняў – гэта суцішыць вулічныя пратэсты. Але хітрык у тым, што нават калі Бабарыка, ці Знак, ці Калеснікава, ці ўсе разам выйдуць да людзей на плошчу і скажуць: «Ідзіце дахаты, мы ўсё вырашылі«, адзінае, што яны пачуюць у адказ: «Ідзіце дахаты самі«.

Гэта добрая навіна для ўсіх нас. І гэта тое, чаго не разумеюць Эйсмант, Лукашэнка, некаторыя старыя апазіцыянеры. Вуліца кіруецца ўжо не палітыкамі, а самімі грамадзянамі. Людзі ладзяць канцэрты, лекцыі і проста чаяванні ў дварах не на загад мясцовага аддзелу БРСМ, а самі дзеля сабе. Гэта і ёсць нараджэнне грамадзянскай супольнасці, якой мы ўсе чакалі 26 гадоў. І яе ўжо немагчыма «нарадзіць назад».


svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: