«Радыё Марыя» ў Беларусі чарговы раз адмовілі ў рэгістрацыі ў якасці СМІ

Цяпер перадачы "Радыё Марыя" транслююцца праз інтэрнэт, але ў многіх слухачоў няма магчымасці іх слухаць.


У чарговы, ужо пяты раз, каталіцкаму «Радыё Марыя» ў Беларусі адмовілі ў ліцэнзіі СМІ, без якой радыё не можа атрымаць частоты вяшчання і трапіць у радыё-пакет «Белтэлекаму» Zala, піша katolik.life. Адзіная магчымасць, якая застаецца ў «Радыё Марыя» ў Беларусі — трансляцыя праграм праз інтэрнэт, паведаміла ўдзельнік каманды валанцёраў Яўгенія Найдовіч.

— «Радыё Марыя» ёсць амаль ва ўсіх краінах свету, нават у Кітаі і ў Сірыі. Наша радыё не камерцыйнае, існуе за кошт ахвяраванняў. Працэдура падачы заяўкі на ліцэнзію СМІ ў нашым выпадку звычайна выглядала так: плаціш 27 тыс. рублёў, прыносіш тону паперы, чакаеш месяц. Грошы месяц гуляюць па дзяржаўных рахунках. Месяц Міністэрства інфармацыі маўчыць. У самы апошні дзень дасылаюць адмоўны адказ. Прычына — умоўна, коска не ў тым месцы. Грошы, праўда, вяртаюць (яшчэ тыдні праз тры) разам з тонай тваёй паперы, — распавядае Яўгенія.

Некалькі разоў у выдачы ліцэнзіі адмаўлялі па «размытых прычынах», гаворыць валанцёр. Затым прапаноўвалі падаць заяўку пасля прыняцця новага закона аб СМІ, але і гэта не дапамагло:

— Чацвёрты раз ідзем разам з касцёльнымі ўладамі. Закон прыняты. Мы адпавядаем. Грошы заплацілі. Але не! Вочкі ў падлогу і давай мармытаць штосьці пра "ну вы ж разумееце, пры ўсёй павазе да вас, мы не можам прыняць гэтае рашэнне, выбачайце". Ну што ж. Не хочаце — мы перажывем. Навучым нашых старэнькіх бабуль карыстацца інтэрнет-радыё!

Тыдзень таму каманда «Радыё Марыя» зрабіла яшчэ адну спробу зарэгістравацца — у форме ліста-зварота ад імя ўсіх слухачоў па усёй Беларусі:

— Папрасілі проста даць нам дазвол вяшчаць. Асабліва там, дзе далёка, дзе ёсць частоты і яны не запатрабаваныя. І дазволіць нам гэта за танна, а лепей бясплатна, як сацыяльна-значнаму радыё. Але не, паважаныя, не. Ізноў "пена з мозгу" на пяці аркушах. Мы не існуем. Мы смецце.

Паводле Яўгеніі, узрост вялікай колькасці слухачоў «Радыё Марыя» ў Беларусі — 90+, шмат з іх жыве ў вёсачках, дзе не ловіць інтэрнет:

— Шмат амаль не чуюць, шмат сляпых, каму складана карыстацца смартфонам. У пераважнай большасці няма ўвогуле ані кампутара, ані тэлефона, альбо аплата за інтэрнет па сучасных тарыфах — гэта дорага. Велізарная колькасць слухачоў мае патрэбу наведваць касцёл кожны дзень, але не могуць гэтага рабіць праз старасць, інваліднасць, самотнасць і іншыя немачы. А цяпер, калі здарыўся гэты дурны ковід-19, да касцёлу не могуць хадзіць амаль усе.

Валанцёр гаворыць, што вельмі запатрабаваныя малітвы, якія гучаць на «Радыё Марыя»:

— Спадар Юзаф просіць, каб дарослы сын змог урэшце працаўладкавацца, дзяўчынка моліцца таксама аб працы для таты, спадарыня Ядзвіга перажывае за ўнукаў, каб яны крочылі добрым і сумленным шляхам па жыцці. Старэнькі дзядуля патэлефанаваў, каб памаліцца і павіншаваць свайго адзінага суседа і сябра Яна, якому споўнілася 87 гадоў. А ў спадарыні Алены два сына інваліда...

Яўгенія перакананая, што простыя чалавечыя размовы і перадачы — гэта магчымасць нібыта выходзіць туды, дзе крышачку лягчэй і больш радасна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: