Радзіма Цішкі Гартнага і беларускага экідэну

Нясвіж, Наваградак, Мір, Горадня, Ліда… Хто не чуў пра старажытную гарадзенскую Каложу ці гару Міндоўга ў Наваградку?



А Мірскі замак і палац Радзівілаў у Нясвіжы кожны з нас бачыць літаральна кожны дзень (ну, ці ў дзень атрымання заробку) на купюрах вартасцю 50000 і 100000 рублёў.

А што вы ведаеце пра Капыль, Старыя Дарогі ці Ганцавічы? Не ўсім гарадам у свой час пашанцавала разжыцца парай-тройкай замкаў і палацаў. Таму турысты туды і носа не паказваюць. І дарэмна.

Капыль — радзіма Цішкі Гартнага і беларускага экідэну, горад фантастычных краявідаў і шматлікіх археалагічных помнікаў. Своеасаблівы рэльеф «пасадзейнічаў» таму, што ў Капылі працяглы час размяшчалася трэніровачная база беларускіх біятланістаў. Наогул, горад мае багатыя спартыўныя традыцыі: тут праводзяцца спаборніцтвы па пляжным валейболе, горад мае сваю футбольную каманду, штогод праводзяцца спаборніцтвы па бегу.

Самым вядомым спартыўным мерапрыемствам, якое з нядаўняга часу мае міжнародны статус, з’яўляецца Нацыянальны фестываль эстафетнага бегу «Капыльскія пагоркі» (Капыльскі экідэн).

Экідэн — спартыўнае спаборніцтва ў бегу па шашы, якое ўяўляе сабой эстафету на марафонскай дыстанцыі.

Дыстанцыя на 42 195 метраў прабягаецца за 6 этапаў, якія размеркаваныя ў наступным парадку: 5 км, 10 км, 5 км, 10 км, 5 км, 7,195 км. Гэта найбольш распаўсюджаны варыянт, бо толькі на ім фіксуюцца сусветныя рэкорды.

«Капыльскі» экідэн ад самага пачатку меў свой фармат — класічная марафонская дыстанцыя (42 195 м) пераадольвалася за 8 этапаў. З 1998 па 2001 год каманды выступалі змешанымі складамі — 4 мужчыны, 4 жанчыны.

З 2002 па 2011 год мужчынскія і жаночыя каманды выступалі паасобку.

У 2012 годзе спаборніцтвы займелі міжнародны статус — гасцямі «Капыльскіх пагоркаў» былі каманды з Літвы, Латвіі і Расіі. Тады ж усталяваўся сучасны фармат «капыльскага» экідэну: камады зменшыліся колькасна (да 6 чалавек) і зноў сталі змешанымі.

Адпаведна вызначылася колькасць этапаў і іх працягласць: 1 этап — 6000 м (жан.), 2 этап — 6000 м (муж.), 3 этап — 6000 м (жан.), 4 этап — 6000 м (муж.), 5 этап — 6000 м (жан.), 6 этап — 9195 м (муж.).

Падрабязней з гісторыяй і рэгламентам «Капыльскіх пагоркаў» можна азнаёміцца тут.

Сёлета «Капыльскія пагоркі» праводзіліся ўжо сямнаццаты раз. Гэтым разам міжнародны статус спаборніцтваў пацвердзіўся ўдзелам каманды з Літвы.

У галоўнай дысцыпліне спартыўнага мерапрыемства — марафонскай эстафеце — мацнейшай была каманда з Гарадзеншчыны.

Другое месца заняла каманда Магілёўскай вобласці.

Сімвалічную бронзу выйгралі госці спаборніцтваў — каманда з Літвы.

Каманда-пераможца атрымала прыз у выглядзе сертыфіката на суму 20 млн беларускіх рублёў, а агульны прызавы фонд склаў сёлета 170 млн.

Капыль варты ўвагі не толькі дзеля наведвання фестывалю бегу. Тут насамрэч ёсць на што паглядзець.

Старыя габрэйскія могілкі

Найперш, багатая археалагічная спадчына: у горадзе размяшчаюцца курганы Х-ХІ стст. Непадалёк — старыя габрэйскія могілкі і татарскі мізар — як напамін пра тое, што ў Беларусі доўгі час мірна суіснавалі самыя розныя культуры.

Дом Цішкі Гартнага ў Капылі

Тут знаходзіцца дом аднаго з заснавальнікаў БССР, старшыні першага савецкага ўрада Беларусі Цішкі Гартнага.

І, безумоўна, фантастычныя краявіды.

Улічваючы, што ад Капыля да Нясвіжа ўсяго 25 км, то можна смела планаваць маршрут аднадзённай вандроўкі ў абодва гарады.

Павел Печанько, www.gazetaby.com

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: