Рак: што пра яго варта ведаць?

Да сёй пары не існуе лекаў ад раку. Дый хваробы такой не існуе — пад гэтым словам разумеюць больш за 200 захворванняў, пры якіх клеткі пачынаюць ненармальна расці, утвараць пухліны і паражаць іншыя органы і тканкі. Тлумачым, што можа зрабіць кожны з нас, каб мінімізаваць для сябе рызыкі захворвання.

 

Ці можна папярэдзіць з’яўленне раку?

Пакуль не існуе спосабаў пазбегчы захворвання на рак. Анкалагічныя захворванні застаюцца адной з галоўных прычын смерцяў па ўсім свеце. Але ёсць і добрыя навіны: паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прынамсі траціну ўсіх выпадкаў захворвання можна прадухіліць. А ўзровень смяротнасці ад рака падае ўжо чвэрць стагоддзяСамая эфектыўная па кошце доўгатэрміновая стратэгія для барацьбы з ракам — прафілактыка. Ужыванне тытуню (не толькі паленне, але і жаванне ды нюханне), алкаголь, адсутнасць фізічных нагрузак, лішняя вага, інфекцыі, забруджанае навакольнае асяроддзе, выпраменьванне і канцэрагены, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю, — дадатковыя фактары рызыкі. Каб мінімізаваць развіццё хваробы, трэба па магчымасці іх выключыць.

 

Якія сімптомы могуць сведчыць пра анкалагічнае захворванне?

Незвычайныя вузельчыкі, уздуцці і прыпухласці. Ракавыя пухліны часта бываюць бязбольнымі, асабліва на ранніх этапах захворвання. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на шыю, яечкі ў мужчын і малочныя залозы ў жанчын, і таксама падпахавыя западзіны.

Таксама сімптомам можа быць зацяжны кашаль, дыхавіца ці цяжкасці пры глытанні. Не варта ігнараваць і змены ў звыклай працы кішачніка, калі раптам пачаліся запоры ці, наадварот, частыя прыступы дыярэі — асабліва са слядамі крыві.

Трывожны сімптом — нечаканыя крывацёкі, уключаючы невялікія выдзяленні крыві з вагіны, прамой кішкі, кроў у мачы або макроцці пры кашлю. Беспрычынная страта вагі, хранічная стомленасць і катастрафічны недахоп энергіі нягледзячы на нармальны здаровы сон. Невытлумачальныя болі любога характару і перыядычнасці; з'яўленне новых радзімак або трансфармацыя ўжо існуючых; праблемы пры мочавыпусканні, у тым ліку больш частыя або больш вострыя пазывы, а таксама цяжкасці ці болі ў працэсе.

Падставай для турботы можа быць нечаканая змена памеру або формы грудных залоз, а таксама змены адчуванняў пры дотыку, у тым ліку да скуры грудзей, або болю; страта апетыту; незагойная язвачка або іншая рана, асабліва ў роце; хранічная пякотка або іншыя рэгулярныя расстройства стрававання; моцнае потааддзяленне ў начны час.

 

Што рабіць, калі ў вас ёсць падазрэнні на анкалагічнае захворванне?

Першае — не панікаваць. Ёсць меры другаснай прафілактыкі, накіраваныя на ранняе выяўленне ракавых і папярэдніх ім захворванняў, вылучэнне груп рызыкі і фарміраванне анкалагічнай насцярожанасці. Самастойна вы можаце атрымаць больш ведаў аб хваробе (толькі не спяшайцеся ставіць сабе дыягназ!), на іх аснове можна праводзіць рэгулярную самадыягностыку.

Не ігнаруйце прафілактычныя медагляды і рэкамендаваныя лекарамі абследаванні. Найбольш важна гэта для тых, хто знаходзіцца ў групе рызыкі. У выпадку з’яўлення невыразных, падазроных сімптомаў тэрмінова звяртайцеся да ўрача.

 

Якія даследаванні дапамогуць выявіць найбольш распаўсюджаныя віды анкалагічных захворванняў, калі яшчэ можа не быць сімптомаў?

  • Штогадовая флюараграфія, УГД малочных залоз — да 40 гадоў і мамаграфія жанчынам пасля 40 — раз у год-два;
  • наведванне гінеколага і цыталагічнае даследаванне мазка з шыйкі маткі — жанчынам раз у год;
  • наведванне ўролага для даследавання прастаты і аналізу на прастатспецыфічны антыген — мужчынам пасля 40 гадоў раз на год;
  • цытагенетычнае даследаванне пры высокай верагоднасці паталогіі, абумоўленай генетычнымі механізмамі — рак малочнай залозы, прастаты, яечнікаў;
  • камп’ютарная тамаграфія, МРТ, кантраставанне; эндаскапія, гастраскапія — пры верагоднасці развіцця пухліны страўніка, бронхаскапія — калі ёсць рызыка рака лёгкіх і бронх;
  • выяўленне анкамаркераў у аналізах крыві — у большасці відаў раку ёсць хімічныя рэчывы, колькасць якіх павялічваецца пры росце пухліны.
 

Як прайсці скрынінг?

Скрынінг — рэгулярнае правядзенне абследаванняў, якое дазваляе выявіць бессімптомны рак у групе рызыкі. У межах Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады ва ўсіх рэгіёнах Беларусі можна прайсці скрынінг і раннюю дыягностыку раку.

Для таго, каб прайсці скрынінг рака шыйкі маткі, тоўстай кішкі, прастаты, малочнай залозы трэба звяртацца да ўчастковага тэрапеўта па месцы жыхарства. 

 

Дыягназ пацвердзіўся. Як з гэтым жыць?

Два гады таму расійскі анколаг Андрэй Паўленка даведаўся, што ў яго рак страўніка ў трэцяй стадыі. Шанец на выздараўленне ў яго выпадку складаў каля 5%. Для таго, каб дапамагчы іншым людзям, якія сутыкнуліся з анкалогіяй, ён завёў тэлеграм-канал «Жыццё чалавека», у якім кожны тыдзень распавядаў пра сваё лячэнне і з якімі праблемамі яму даводзілася сутыкацца.

Напачатку гэтага года Андрэя Паўленкі не стала, але яго парады застаюцца актуальнымі: «Калі вы зацыкліліся толькі на лячэнні, будзе дрэнна, будзеце пастаянна пра гэта думаць. Вам трэба падзяліць вашу ментальную сферу на некалькі частак: першая — лячэнне раку, другая — рэалізацыя тых праектаў, якія вы сапраўды можаце рэалізаваць у бліжэйшы час, трэцяя — сям'я і ўсё, што звязана з яе дабрабытам, гэта значыць, зрабіць тыя рэчы, якія вы яшчэ не зрабілі для сям'і. Зрабіце так, як я, і паверце, займаючыся гэтымі трыма праектамі адразу, у вас не будзе часу думаць пра рак».

Памятайце, што ў многіх выпадках анкалагічны дыягназ не з'яўляецца прысудам. Дыягназ прадугледжвае, што прыйдзецца доўга і інтэнсіўна лячыцца, траціць сілы, грошы і час. Таму варта настройвацца на барацьбу, хоць лёгка не будзе. Але ад настрою часам залежыць поспех лячэння, якое выяўляецца не толькі ў дзеяннях медыкаў і лекаў, а ў супрацы пацыента з урачамі.

У гэты час вельмі важна знайсці падтрымку блізкіх і прафесіянальных псіхолагаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: