Ракетны комплекс урэзаўся ў дом у Асіповіцкім раёне: паўдома няма, гаспадыня цудам ацалела

У вёсцы Маісеевічы Асіповіцкага раёна раніцай 5 красавіка ракетны комплекс урэзаўся ў прыватны дом — і знёс ледзь не палову будынка. 85-гадовая гаспадыня дома цудам ацалела: яна ў гэты момант выйшла на вуліцу. На месцы аварыі працавала ДАІ. Прыязджала і «хуткая», бо пенсіянерцы стала дрэнна — падняўся ціск.
Як распавяла TUT.BY дачка ўладальніцы дома, яна была ў маці — знаходзілася ў двары, — калі каля 10-й раніцы пачула жудасны трэск і ўдар. Выбегла за плот — і ўбачыла ваенную тэхніку, што ўехала ў сцяну дома. Па шчаслівым супадзенні яе маці, 85-гадовая Ганна Мікалаеўна, якая звычайна жыве ў доме адна, якраз у гэты момант выйшла ў двор. І тым самым выратавалася.

 Кіроўца гэтай ваеннай машыны — зусім малады хлопец, тэрміновік, напэўна. Сказаў, што яны з асіповіцкай вайсковай часці 61 732. Кажа, ехалі кудысьці ў бок Слуцка: ці то пераганялі машыну, ці то яшчэ што. А тут у нас у вёсцы паварот круты. Я не ведаю, з якой хуткасцю яны ехалі, хоць у нас стаіць абмежаванне ў 40 км/г, але, відавочна, не справіліся з кіраваннем і ўрэзаліся ў дом, — кажа дачка Валянціна Рыгораўна.

Ваенная тэхніка, што ўрэзалася ў дом, — гэта тактычны ракетны комплекс «Кропка-У».



Ракетны комплекс са сцяны дома вайскоўцы ўжо выцягнулі з дапамогай грузавіка. Яны сказалі, што пакрыюць шкоду, дадала жанчына. Пры гэтым на ацэнку шкоды чакаюць страхоўшчыка. Паводле слоў Валянціны Рыгораўны, жыць у хаце немагчыма, яна пакуль забярэ маці да сябе ў Асіповічы.

 У доме і печка паехала, і сцяны няма. Я не ведаю, у якім стане знаходзяцца канструкцыі ў цэлым, для ацэнкі гэтага патрэбныя спецыялісты, — сказала жанчына. — Але вось візуальна дом «паехаў» — ён перакошаны.

У доме сям'я нядаўна рабіла рамонт: у мінулым годзе змянілі шыфер, умацавалі бярвёны перакрыцця, у гэтым — абшылі сцены і столь гіпсакардонам, змянілі падлогі, літаральна заўтра збіраліся ляпіць шпалеры.

Паводле слоў дачкі гаспадыні дома, ваенная тэхніка асіповіцкіх ваенных частак часта ездзіць праз вёску, па якой праходзіць былая дарога ваеннага прызначэння.

Мінабароны пакуль не выказвалася адносна інцыдэнту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: