«Раней ішлі на смерць, а цяпер баяцца атрымаць штраф»

У дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага ўшанаваць памяць героя ў Мінску прыйшлі шэсць чалавек.
Актывісты прыходзяць да гарэльефа Кастуся Каліноўскага ў дзень яго нараджэння штогод. Такія падзеі — у дзень нараджэння і ў дзень смерці героя — павінны мець нацыянальны маштаб, перакананы мастак Мікола Купава.
Мікола Купава

Ён памятае, як першая мемарыяльная шыльда Кастусю Каліноўскага з’явілася ў Мінску ў 1988 годзе на тагачасным будынку кінатэатры «Вільнюс» (цяпер Палац барацьбы на вуліцы Каліноўскага).

— Тады сабралася народу, як мінімум, тысяч пяць — такі быў уздым. Выступаў прэзідэнт Акадэміі навук, навукоўцы, гісторыкі, — узгадвае мастак.

Але праз некаторы час шыльду скралі і, як кажуць актывісты, канцоў не знайшлі. Паводле іншай інфармацыі, шыльда ўсё ж была знойдзеная і перададзеная на назаванне ў мясцовае ЖРЭА, паколькі кінатэатр знаходзіўся на рэканструкцыі.

У 2013 годзе новы гарэльеф з’явіўся ўжо на адноўленым будынку. Аднак адкрыццё яго прайшло ціха, без урачыстасцяў.

Як і сённяшняе ўшанаванне нацыянальнага героя, дзеля якога сабралося ўсяго шэсць чалавек, уключаючы журналістку НЧ. На пытанне, чаму такі дзіўны кантраст — на нядаўняе перапахаванне паўстанцаў у Вільню з’ехаліся сотні беларусаў — актывісты даюць розныя адказы.

— Я прыходзіла сюды і ў мінулым годзе, не ведаю, чаму не рабіла гэтага раней. Герояў шмат, але Каліноўскі мне чымсьці блізкі. Хочацца верыць, што мы сёння тут першыя, але не апошнія. Але ўсё ж адна справа — у вольнай Вільні, са сцягамі, нікога не баючыся, прымаць удзел ва ўшанаванні, а іншая — тут, калі людзі ведаюць, што яны нават сцяг не ўздымуць, бо будуць за гэта пакараныя, — кажа актывістка Святлана Каваленка.

Святлана Каваленка (у цэнтры)

Святлана Каваленка (у цэнтры)

— Я лічу, што гэта адсутнасць інфармацыі, бо не кожны памятае, калі дзень народзінаў Каліноўскага. Я сама прыйшла, бо ўбачыла абвестку ў фэйсбуку. Для мяне ён — як сцяг, — дзеліцца яшчэ адна спадарыня.

Ці ёсць у сучаснай Беларусі свой Каліноўскі — і ці патрэбны ён нам? Святлана Каваленка хоча спадзявацца, што ён недзе ходзіць нашымі беларускімі вуліцамі, проста мы яго яшчэ не ведаем. А можа, ён і не адзін такі, гатовы пакласці сваё жыццё за Радзіму.

 Калі чалавек баіцца нават «засвяціцца» падчас ушанавання памяці Каліноўскага, дык адкуль возьмецца герой, здольны на большае? — задаецца пытаннем актывіст Мікола Бамбіза. — У часы Каліноўскага яшчэ была шляхта, якая насіла ідэі незалежнасці. Людзі памяталі, што яны — ліцвіны, і што маюць за сабой вялікую спадчынуі гатовыя былі бараніць яе са зброяй у руках. Людзі выйшлі супраць гармат з косамі! Яны разумелі, што ў іх нічога не атрымаецца, але ішлі на смерць. А цяпер усе русіфікаваныя і вельмі асцярожныя, людзі баяцца нават атрымаць штраф.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: