«Раней узнагароджвала толькі дзяржава, а цяпер — краіна» (фота)

Сёння, 30 жніўня, у знак прызнання заслугаў дзеля беларускай незалежнасці і дэмакратыі быў узнагароджаны медалем БНР-100 старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Медаль быў зацверджаны ў дні святкавання 100-годдзя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з дэкрэтам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, медаль уручаецца асобам, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі, выбітным грамадскім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа, замежнікам, якія спрычыніліся да даследванняў і папулярызацыі Беларусі ў свеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Цягам 2019 году медалём узнагародзяць больш за 130 асобаў з Беларусі і замежжа.

28 і 29 жніўня намесніка старшыні Рады БНР Мікола Пачкаеў ва ўрачыстаў абстаноўцы ўзнагародзіў тых, хто спрыяе дэмакратыі і незалежнасці Беларусі.


29 жніўня ў ПЭН-цэнтры за навуковую і культурніцкую дзейнасць медаль да 100-годдзя БНР атрымала навукоўка і грамадская дзеячка Ірына Дубянецкая.

Падчас узнагароджання Ірына падзялілася думкамі наконт Беларускай Народнай Рэспублікі:

"Гэта той выпадак, калі краіна і дзяржава супадае. Рада БНР для мяне была заўсёды яркім персанажам. Гэта тая мроя пра краіну, якую мы самі ствараем і ў якую ідзем. Гэта інтэлегентная і творчая краіна, у якой усім камфортна жыць. Гэта надзея і вера не толькі на ўзроўні краіны, але дзяржавы: прававой і дэмакратычнай, якая апіраецца на гістарычнае мінулае. Раней узнагароджвала толькі дзяржава, а цяпер — краіна. І гэта выдатная”.

30 жніўня на "Тэрыторыі правоў" у знак прызнання заслугаў дзеля беларускай незалежнасці і дэмакратыі быў узнагароджаны медалем БНР-100 старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Праваабаронца адзначыў, што ўвогуле ў Беларусі шмат людзей вартых гэтай узнагароды, якія працавалі на карысць і адстойванне незалежнасці Беларусі, на развіццё дэмакратыі і правоў чалавека.


Ён таксама зазначыў, што Рада БНР з’яўляецца пэўным сімвалам і легендай. “Сама ідэя БНР — эталон незалежнай, дэмакратычнай і прававой Беларусі, дзе б выконваліся правы чалавека”, — адзначыў праваабаронца.

Днямі ў Мінску ўзнагародзілі юбілейнымі медалямі Рады БНР кіраўнікоў Таварыства беларускай мовы: дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім і былога кіраўніка арганізацыі Алега Трусава, а таксама кіраўніц Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніну Шыдлоўскую і Алену Макоўскую.

Раней медалі атрымалі першы акадэмік Радзім Гарэцкі; пісьменнік Уладзімір Арлоў; стваральнікі эталону дзяржаўнага гербу «Пагоня» Аляксей Марачкін і Леў Талбузін, палітычныя вязні Ірына Волкава (Шэйбак), Міхась Кукабака, Аляксандар Малчанаў, грамадзкія дзеячы Глеб Лабадзенка, Андрэй Стрыжак, Андрэй Сцепанюк, Барыс Хамайда і іншыя.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!