Раніцай транспарт у Мінску будзе хадзіць часцей

Раніцай грамадскі транспарт Мінска стане хадзіць з інтэрваламі, як у гадзіну-пік. Такі расклад будзе дзейнічаць у працоўныя дні да 10-й раніцы ўжо з наступнага панядзелка, 23 сакавіка.


Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» паведаміў дырэктар ГУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў.

Яшчэ ўчора, 19 сакавіка, падчас учорашняй нарады па эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэспубліцы кіраўнік Беларусі запатрабаваў ад Міністэрства адукацыі перагледзець час пачатак заняткаў у студэнтаў ВНУ і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных установаў — перанесці на больш позні, каб развесці плыні пасажыраў, якія едуць на працу і на вучобу. Гэта мусіла знізіць запаўняльнасць транспарту раніцай і стаць прафілактыкай распаўсюджвання каронавіруса.

Транспартнікі лічаць, што пачатак заняткаў у навучальных установах сталіцы аптымальна было б перанесці на 10:00.

Сумесна з Міністэрствам адукацыі прапрацоўваем пытанне наконт працягвання ранішняй гадзіны-пік. Звычайна найменшыя інтэрвалы ў руху гарадскіх маршрутаў ідуць у перыяд з 7:00 да 9:00. Хочам зрабіць іх такімі ж да 10:00. Ужо перапрацоўваем расклад гарадскога транспарту. Змены закрануць 278 маршрутаў. Плануем уводзіць новы расклад з панядзелка, — сказаў Валерый Шкуратаў.

Ён таксама дадаў, што такія ж карэкціроўкі раскладу чакаюцца і ў метрапалітэне.

Між тым, паводле дадзеных установы «Сталічны транспарт і сувязь», за апошні тыдзень штодзённая колькасць пасажыраў у метро знізілася на 115 тысяч, а ў наземным транспарце — на 102 тысячы. Да таго ж дзеля прафілактыкі каронавіруса рухомы састаў рэгулярна апрацоўваецца антысептыкамі.

Паводле minsknews.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: