«Расія імкнецца адціснуць беларускія ваенныя прадпрыемствы. Бабіч прыглядаецца»

На думку ваеннага эксперта, Крэмль падштурхоўвае Беларусь да распродажу фамільнага срэбра.
Фота Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота Вольга Шукайла, TUT.BY

— У апошні час ідзе планамерная спроба з боку Расіі адціснуць вядучыя прадпрыемствы беларускага ваенна-прамысловага комплексу, — адзначыў Аляксандр Алесін на канферэнцыі «Будучыя выбары як інструмент змяненняў у сферы бяспекі Беларусі. Армія, ВПК і расійская ваенная прысутнасць».

Па словах эксперта, гаворка ідзе пра такія прадпрыемствы, як «Інтэграл», Мінскі завод колавых цягачоў, спадарожнікавыя прадпрыемствах і іншыя беларускія актывы, на якія паклала вока Расія.

— І для таго, каб зрабіць тутэйшыя ўлады больш згаворлівымі вядзецца пэўная інфармацыйная праца, — кажа Алесін. — Памятаеце, як у 2018 годзе ТАСС са спасылкай на нейкую ананімную крыніцу паведаміў аб тым, што ў Расіі ўжо прынялі на ўзбраенне ракетныя шасі, на якіх будуць ездзіць ракеты? Аднак у рэальнасці гэта ўсяго адна машына, якая нават не прайшла поўны цыкл дзяржаўных выпрабаванняў і ва ўмовах прымянення ядзернай зброі не можа наогул функцыянаваць. Для чаго гэтыя публікацыі? Каб зрабіць Беларусь больш рахманай у дачыненні да продажу Мінскага завода колавых цягачоў, чые шасі пакуль выкарыстоўваюць расійскія мабільныя комплексы.

Да таго ж Расія рэзка скараціла закупкі з шэрагу прадпрыемстваў, абвясьціўшы лозунг імпартазамяшчэння.

— Але пад гэтым лозунгам вельмі часта змяшчаецца палітыка выкручвання рук, каб уключыць шэраг беларускіх прадпрыемстваў у склад расійскіх дзяржаўных канцэрнаў. МЗКЦ, «Інтэграл» і шэраг іншых прадпрыемстваў даўно знаходзяцца на прыцэле ў Расіі, — адзначае эксперт.

Зноў-такі звяртае на сябе ўвагу актыўнасць расійскага пасла Міхаіла Бабіча, які рэгулярна наведвае беларускія прадпрыемствы, у тым ліку абароннай прамысловасці. Так, у студзені Бабіч наведаўся на той самы Мінскі завод колавых цягачоў, а таксама наведаў ААТ «Пеленг», дзе, па паведамленнях СМІ, «абмеркаваў пытанні супрацоўніцтва» і «азначыў перспектывы развіцця».

Я тады заявіў, што Бабіч прыглядаецца да патэнцыйнай уласнасці РФ. Пасля гэтага адзін з кіраўнікоў Дзяржкамваенпрама ў нефармальнай гутарцы стаў шчыра завяраць мяне, што гэтага ніколі не будзе, што ўжо ёсць рашэнне вышэйшых уладаў Беларусі, і РФ гэтыя прадпрыемствы не атрымае, — распавядае Аляксандр Алесін. — Але я, на жаль, ў гэта з цяжкасцю веру. Паглядзіце на сітуацыю з нафтавым манеўрам, з цэнамі на газ... Яшчэ не вечар. Можа скласціся такая сітуацыя, што гэта будзе наша апошняе фамільнае срэбра, якія мы памяняем на расійскія сыравінныя льготы.

На сённяшні дзень беларускі ВПК паказвае добрыя вынікі і здольны сябе ўтрымліваць. Аднак эксперт не бярэцца прагназаваць, як сітуацыя будзе развівацца далей:

Расія мае вельмі шмат эканамічных рычагоў ціску. І, нягледзячы на ​​тое, што Лукашэнка рэгулярна кажа пра тое, што не пойдзе на саступкі Расіі, гарантаваць, што гэтыя прадпрыемствы не стануць філіяламі расійскіх канцэрнаў, я, на жаль, не магу.

Паводле Салідарнасці

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!