Расія — лідар па нелегальнаму працаўладкаванню беларусаў

Расія — лідар па нелегальнаму працаўладкаванню беларусаў. Пра гэта 26 снежня ў Кобрыні на круглым стале па выніках прэвентыўных захадаў у рамках праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Умацаванне ў Рэспубліцы Беларусь нацыянальнага механізму перанакіравання пацярпелых ад гандлю людзьмі» паведаміла сябра грамадскага аб’яднання «Клуб дзелавых жанчын» з Брэста Валянціна Пухцеева.


Паводле яе, грамадскае аб’яднанне на сродкі прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Беларусі ананімна і бязвыплатна па тэлефонах гарачай лініі (113 – са стацыянарнага, 8-801-201-5555 — з мабільнікаў аператараў Велком і МТС, з-за межаў Беларусі — +375-162-21-8888) абслугоўвае жыхароў Берасцейскай, Гарадзенскай і Гомельскай абласцей па пытаннях бяспечнага выезду за межы краіны. За апошнія восем гадоў на тэлефоны гарачай лініі звярнуліся 1.557 жыхароў Беларусі, у тым ліку 1066 мужчынаў і 491 жанчына, якія планавалі нелегальнае працаўладкаванне ў Расіі.

Прамаўляе Валянціна Пухцеева


Як распавяла Пухцеева, калі раней вярбоўка беларусаў адбывалася ў гарадах, дык зараз гэты працэс перакінуўся ў вёскі. Вярбоўшчыкі прыязджаюць легкавікамі і аўтобусамі, абяцаюць высокія заробкі (па 800 — 1000 долараў ЗША), шасцідзённы працоўны тыдзень з васьмігадзінным працоўным днём, бязвыплатнае пражыванне і харчаванне, без працоўнай дамовы садзяць людзей ў аўто і вывозяць у Расію.

А там падманутыя жыхары Беларусі, якія па-ранейшаму лічаць рускіх братамі, пакутуюць ад рабскай эксплуатацыі. У нелегальных працоўных мігрантаў забіраюць пашпарты, яны працуюць па 12 — 16 гадзін у суткі, харчаванне і начлег не вытрымліваюць аніякай крытыкі, безабаронных людзей трымаюць за высокім плотам, як вязняў, іх зневажаюць, б’юць, а іншы раз пагражаюць забойствам. Атрымліваецца, што ў Расіі з нелегальных працоўных мігрантаў з Беларусі здекуюцца, як з рабоў, падкрэсліла Валянціна Пухцеева.

Супрацоўнікі Кобрынскага РАУС Максім Пстыга і Ірына Карповіч распавялі пра сітуацыю з гандлем людзьмі ў Кобрынскім раёне. Гаворка ідзе пра выпадкі нелегальнага працаўладкавання за межамі краіны жыхароў Кобрыншчыны і іх эксплуатацыі, а таксама пра выпадкі педафіліі, прычым апошнія злачынствы ўсё часцей спалучаюцца з ўжываннем непаўнагадовымі алкаголю.

Выступае Максім Пстыга


Арганізатарам круглага стала выступіла ГА «Кобрынскі клуб дзелавых жанчын «Бона» (старшыня — Ала Сапяжынская), які шмат гадоў плённа займаецца праблемай барацьбы з рознымі формамі гандлю людзьмі.

Намесніца старшыні клубу «Бона» Алена Мезенцава прадставіла канчатковую версію першай у Беларусі настольнай гульні «Не сучаснаму рабству!», праца над якой доўжылася амаль тры гады. Гульня створана ў рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, што рэалізуюць прадстаўніцтва МАМ у Беларусі і Агенцтва ЗША па міжнароднаму развіццю (USAID). Настолка будзе карысная тым, хто займаецца з моладдзю прафілактыкай гандлю людзьмі. Сабраныя ў гульне розныя факты па папярэджванню гандлю людзьмі ў інтэрактыўнай форме дапамогуць маладым людзям замацаваць тэарэтычныя веды і набыць навыкі бяспечных паводзінаў і знаходжання па-за межамі Бацькаўшчыны.

Апавядае Алена Мезенцава


Напрыканцы Ала Сапяжынская падаравала ўдзельнікам сустрэчы настольную гульню «Не сучаснаму рабству!» і павіншавала з надыходзячым Новым годам.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!