Расіяніну, які пабіў маршрутчыка ў Мінску, пагражае да шасці гадоў турмы

Падазраваны ў збіцці кіроўцы маршрутнага таксі расіянін заключаны пад варту, паведаміла карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Кадры з відэарэгістратара, tut.by

— Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па факце здарэння з удзелам вадзіцеля маршруткі. У рамках расследавання затрыманыя двое грамадзян Расійскай Федэрацыі. Да аднаго з падазраваных прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. З другім падазраваным зараз праводзяцца следчыя дзеянні, — патлумачыла Юлія Ганчарова.

Згодна з ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за хуліганства, здзейсненае групай асобаў, грамадзянам Расійскай Федэрацыі пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

 Інцыдэнт, у выніку якога пацярпеў кіроўца маршрутнага таксі, адбыўся 24 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай у Мінску. Двое мужчын на аўтамабілі Hyundai Santa Fe і Mercedes заблакавалі ў першай паласе маршрутку № 1077. Затым адзін з іх утрымліваў маршрутчыка, а другі нанёс яму ўдар па твары з-за таго, што той нібыта залез не ў сваю паласу.

«Мінск-Навіны»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!