Расійскага палітуцекача затрымалі ў Беларусі

Расійскага палітычнага ўцекача Уладзіміра Ягорава затрымалі ў Беларусі. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве, паведамляе hromadske.ua.
Кастрычніцкі суд Мінску павінен быў разгледзець справу Уладзіміра Ягорава ў 12 гадзін 31 ліпеня, аднак слуханні перанеслі. Калі яны адбудуцца, пакуль невядома. Пра гэта паведаміла праваабаронца з Human Constanta — арганізацыі, якая займаецца праблемамі бежанцаў у Беларусі.

«Дробнае хуліганства — падстава для затрымання, якую часта выкарыстоўваюць праваахоўныя органы Беларусі. Цалкам магчыма, што Уладзіміра Ягорава пасадзяць на 15 сутак, за гэты час інфармацыя пра яго вышук у Расіі можа патрапіць у беларускія праваахоўныя органы, і яго экстрадуюць», — патлумачыла  hromadske.ua прадстаўнік Human Constanta Яна Ганчарова.

Уладзімір Ягораў бег з Расіі 12 чэрвеня. На радзіме на яго завялі справу з-за паведамленняў у сацыяльных сетках. Невядомыя спрабавалі падпаліць яго дом.

Уладзімір Ягораў спрабаваў атрымаць статус бежанца ў Украіне, аднак быў высланы з краіны невядомымі асобамі. Яны прадставіліся супрацоўнікамі Службы бяспекі Украіны, аднак у адказе на запыт СБУ hromadske.ua паведамілі, што служба не прымала рашэння аб дэпартацыі Ягорава і ўезд ва Украіну яму не забаронены.

28 ліпеня Ягораў перастаў выходзіць на сувязь. Праваабаронцы Human Constanta знайшлі яго аўтамабіль. У мінскім хостэле, дзе ён пражываў, ім паведамілі, што Ягорава забралі прадстаўнікі Камітэта дзяржбяспекі Беларусі.

За некалькі дзён да знікнення Уладзімір Ягораў атрымаў інфармацыю пра тое, што ён абвешчаны ў федэральны вышук у Расіі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: