«Расказваем не пра камбайны, а пра звольненых». Як былыя журналісты дзяржСМІ стварылі канал «Я снимаю»

Былыя журналісты дзяржаўных СМІ, пераважна супрацоўнікі МТРК «Мир» у Беларусі, якія звольніліся ці былі звольненыя пасля прэзідэнцкіх выбараў, стварылі свой youtube-канал «Я снимаю», у якім расказваюць пра рэальную Беларусь.


Рэжысёр Дзмітрый Шынгур і адна аўтараў праекту, Ганна Данілюк, расказваюць Свабодзе аб прапагандзе, звальненні і незалежнай журналістыцы.

Ганна Данілюк: Я звольнілася ў сярэдзіне жніўня. Тэлеканал «Мир» знаходзіцца ўсё ж трошкі ўбаку ад адыёзных і скандальных БТ, АНТ і СТВ. У жніўні я не змагла змірыцца з выбраным вектарам асвятлення сітуацыі ў Беларусі — замоўчваннем. Калі ўвесь свет глядзіць відэа з кадрамі гвалту ў Беларусі, а нашы журналісты расказваюць пра новыя камбайны ці як цудоўна ў нас усё склалася з унутраным турызмам падчас пандэміі. У мяне пачаў развівацца кагнітыўны дысананс.

Ганна Данілюк


Я была аўтарам праграмы «Беларусь сегодня», у кадры мусіла працаваць. Павінна была быць іншая назва праграмы. Мы выбралі тэмы — фемінізм у Беларусі, развіццё бізнесу. Працавалі над перафарматаваннем, але нас перыядычна прыцягвалі на навіны. Памятаю, як мне трэба было ехаць здымаць новы беларускі камбайн, а гэта было ўжо самае пекла пасля выбараў. З гэтым было немагчыма змірыцца. Былі бяссонныя ночы. Людзі на вуліцы пачалі падыходзіць, калі мы ішлі з мікрафонам «Мир», і гаварыць непрыемныя рэчы. Прафесія журналіста не пра тое, каб усім падабацца, і з гэтым можна было змірыцца, але я сама ўнутры з гэтым не пагаджалася. Я вырашыла, што больш я тут працаваць не магу, і звольнілася.


«Калі былі падзеі ў жніўні, працы стала значна менш, бо людзі адмаўляліся ўдзельнічаць у нашых праграмах»

Дзьмітрый Шынгур: Мне пашанцавала не працаваць на навінах, толькі на сацыяльных праграмах. Калі былі падзеі ў жніўні, праграм стала значна менш, бо людзі адмаўляліся ўдзельнічаць у нашых праектах. Часу свабоднага стала болей. Выходзіш у горад і бачыш, што адбываецца. Прыходзіш на працу — і гэтага нічога не бачыш, а паказаць вельмі хочацца. Атрымліваецца, ты тэлевізійнік, працуеш, а дзеля чаго? Каб гэтага ніхто не бачыў? Тады з’явілася ідэя неяк паказаць рэальнае жыццё. І мы вырашылі зрабіць свой youtube-канал, у якім будзем рабіць тое, што не можам рабіць для тэлевізіі, і даць слова тым, каго ніколі там не пакажуць. Пачалі рабіць гэта ў свой вольны час. Потым мяне і звольнілі за працу над праектам «Я снимаю». Калі каротка, то мне сказалі: «Хлопец, ты занадта гучна думаеш». І адразу ж звольнілі.

Дзьмітрый Шынгур


Прывітанне Ніне Багінскай

Ганна Данілюк: Назва на нашага каналу — гэта прывітанне Ніне Багінскай, адказ на яе «Я гуляю». Я гуляю насуперак рэпрэсіям. Я здымаю насуперак рэпрэсіям, якія адбываюцца над журналістамі ў Беларусі.

Мы вырашылі расказваць пра людзей, якія страцілі працу, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Найперш гэты быў наш боль, бо мы самі засталіся без працы з той жа прычыны. Такія людзі ёсць сярод дыпламатаў, акцёраў, дактароў — паўсюль, і мы вырашылі даць ім слова. Кожны дзень мы чытаем, што кагосьці звольнілі, кагосьці затрымалі на працоўным месцы, да некага начальнік прыйшоў ледзь не ў СІЗА і папрасіў падпісаць заяву «пры згодзе бакоў». За кожнай навіной стаіць чалавечая гісторыя. А што далей з гэтым чалавекам? Мы глядзім, як развіваецца гэтая гісторыя, як людзі спраўляюцца з крызіснай сітуацыяй. Людзі працягваюць звальняцца, і наш праект патрэбны для тых, хто можа апынуцца ў гэтай сітуацыі.

Мы сутыкнуліся з неймавернай салідарнасцю і падтрымкай. Нас кансультуюць СЕО буйных кампаній, нам даюць парады ў прасоўванні. Аператары працуюць бясплатна, графічны дызайнер дапамагае бясплатна. Каб не ўсе гэтыя людзі, гэтага б праекту не было.


Аб працы і жыцці ў новай Беларусі

Дзьмітрый Шынгур: Мы не займаемся прапагандай. Мы расказваем пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы не атрымліваем ніякіх грошай, робім гэта на ўласную ініцыятыву. Унутры я ўжо жыву з пераменамі, жыву ў новай Беларусі. Не ведаю, што заўтра са мной будзе, але я ўжо жыву ў новай Беларусі. Я яе ўжо пабачыў і магу сабе ўявіць. І мяне гэта цалкам задавальняе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: