Распачаты збор подпісаў супраць забойства жывёл да ІІ Еўрапейскіх гульняў

На сайце petitions.by распачаты збор подпісаў з заклікам да ўладаў не дапусціць масавага знішчэння безнаглядных жывёл у рамках падрыхтоўкі Мінска да II Еўрапейскім гульняў 2019 года.

У Мінску з 21 па 30 чэрвеня пройдуць ІІ Еўрапейскія гульні. У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 4000 спартсменаў з 50 краін Еўропы. Плануецца задзейнічаць каля 8000 валанцёраў і чакаецца, што дазвол на асвятленне падзеі атрымаюць больш за тысячу прадстаўнікоў СМІ з розных краін.

Аўтары петыцыі падкрэсліваюць, наколькі важна правесці годную падрыхтоўку да Гульняў, якая не кінула б цень на высокія ідэалы спорту і рэпутацыю нашай краіны. Яны ўзгадваюць, як у 2014 годзе адбылося масавае забойства безнаглядных жывёл перад правядзеннем Алімпіяды ў Сочы. Праз чатыры гады ўжо ў 11 расійскіх гарадах пры падрыхтоўцы да Чэмпіянату свету па футболе гэтыя забойствы паўтарыліся, толькі ў значна большых маштабах. Па паведамленнях расійскіх абаронцаў жывёл, тэндэры на адлоў, эўтаназію і ўтылізацыю безнаглядных жывёл склалі парадку 110 мільёнаў расійскіх рублёў (1,9 мільёна долараў).

На жаль, ёсць падставы меркаваць, што падобны жорсткі падыход можа ўжывацца і ў Беларусі. У заканадаўчай сферы і ў практыцы абыходжання з жывёламі ў нашых краін занадта шмат агульнага. Напрыклад, праект беларускага Закона «Аб абыходжанні з жывёламі» грунтуецца на мадэльным Законе «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» СНД. У Грамадзянскіх кодэксах РФ і Рэспублікі Беларусь статус жывёл вызначаецца аднолькава — як маёмасць.

Пры гэтым, адзначаюць аўтары петыцыі, у Мінску сітуацыя з безнагляднымі жывёламі знаходзіцца пад дастатковым кантролем дзякуючы актыўнай дзейнасці ГП «Фауна горада», цэлага шэрагу зоаабарончых арганізацый, шматлікіх валанцёрскіх рухаў і асобных валанцёраў.

Нельга дапускаць, каб праблема чысціні і бяспекі беларускіх гарадоў і вёсак працягвала вырашацца з дапамогай забойстваў жывёлаў. Аўтары петыцыі заклікаюць прадэманстраваць усяму свету гуманнасць і цывілізаванасць беларускага народа, яго імкненне вырашаць праблемы не шляхам гвалту, а карпатлівай сумеснай працай выканаўчай, заканадаўчай улады і грамадзянскай супольнасці.

Петыцыю плануецца накіраваць у Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Адміністрацыю прэзідэнта.
Далучыцца да зварота можна тут.

Калі вы хочаце і можаце зрабіць для бяздомных жывёл больш, звяжыцеся з аўтарамі петыцыі:

facebook.com
vk.com
ok.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: