Распачаўся працэс «ашмянскіх мытнікаў»

У судзе Партызанскага раёну Мінску пачаўся працэс па справе ашмянскіх мытнікаў. На лаве падсудных — 11 асобаў, якім высунутае абвінавачванне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу).


Фота www.svaboda.org

Пяцёра абвінавачаных знаходзяцца пад вартай, астатнія — пад хатнім арыштам. Сярод абвінавачаных — беларускамоўны мытнік-краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць.

Справа слухаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Супруна, дзяржабвінавачванне прадстаўляюць два пракуроры.

Увесну 2015 года некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў пункта пропуску «Каменны лог» былі затрыманыя. Іх абвінавацілі ў карупцыі і хабарніцтве, арганізацыі наладжанай схемы па няплаце мытных плацяжоў. Сумы хабару складалі ад $ 250 да $ 3 тысяч — у залежнасці ад колькасці грузаў.

Па справе мытнікаў выказваўся Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны заявіў, што нелегальны прыбытак мытнікаў “ішоў на мільярды”. Пасля КДБ паведаміў, што па месцы жыхарства ўдзельнікаў групы сканфіскавалі больш за $ 2,2 мільёна наяўнымі.

Паводле арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэксу абвінавачаным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.




belsat.eu





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: