Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Суд над блогерам Максімам Філіповічам (дапоўнена, фота)

Суд Савецкага раёна Гомеля разглядаў справу Максіма Філіповіча. Яшчэ не было абвешчана рашэнне, аднак каля залы суда ўжо чакалі два супрацоўнікі міліцыі. Вырак быў прадказальны — 7 сутак арышту. Прысутныя адгукнуліся на яго воклічамі: "Ганьба!"

Сёння, 21 красавіка, у судзе Савецкага раёна Гомеля разглядалася справа Максіма Філіповіча. На судовае пасяджэнне не змаглі патрапіць усе ахвочыя, бо далі маленькую залу, не здольную змясціць усіх, хто прыйшоў падтрымаць Максіма Філіповіча.

Напачатку пасяджэння Максім Філіповіч хадайнічаў пра вядзенне фота- і відэаздымкі. Аднак суддзя Андрэй Лагуновіч адмовіў, бо не пабачыў неабходнасці ў вядзенні фота- і відэафіксацыі. Тады Максім хадайнічаў пра далучэнне матэрыялаў справы ўласных здымкаў з Пінска. Блогер патлумачыў, што не ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах.


Распачаўся разгляд матэрыялаў справы. Філіповічу высоўваць абвінавачванні, што ён, нібыта, знаходзіўся на плошчы Леніна ў горадзе Пінску і размаўляў з людзьмі, абураўся дзейснай уладай.

А таксама Максіма абвінавацілі ў тым, што "паводзіў сябе агрэсіўна, у адзін з момантаў упаў на зямлю і імкнуўся схапіць за нагу начальніка міліцыі".

Максім Філіповіч патлумачыў, што ён папросту хацеў пацалаваць бот начальніка міліцыі. І папросту прасіў у таго дапамогі, бо ён начальнік. А дапамогі прасіў, бо за некалькі хвілін да гэтага Філіповіча спрабавалі выкрасці і збіць — нават паставілі дзве гематомы. Максім удакладніў, што быў вымушаны прасіць дапамогі на каленях, бо на звычайную просьбу супрацоўнікі міліцыі не адрэагавалі.

Таксама суддзя падчас працэсу запытаў у Філіповіча, чаму, на яго погляд, за пінскую акцыю пратакол склалі толькі на яго, хаця на акцыі было каля 400 чалавек. Максім адказаў, што гэта, відаць, звязана з тым, што ён здымае і паказвае праўду.

Яшчэ да вынясення рашэння каля залы, дзе адбывалася судовае пасяджэнне, з'явіліся два супрацоўнікі міліцыі, каб узяць блогера пад варту.

Андрэй Лагуновіч абвясціў чаканы вырак — 7 сутак арышту. Прысутныя адгукнуліся на прысуд воклічамі: "Ганьба!"




Каментаваць