Распальвалі варожасць: у Магілёве вынесены жорсткі прысуд за заклікі ў сацсетках «біць АМАП»

Магілёўскі абласны суд 27 верасня вынес рашэнне  па крымінальнай справе Сяргея Пруса і Дзмітрыя Бондарава, якіх абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (ч. 3 арт. 130 КК РБ), паведамляе «Вясна».

Справу разглядала суддзя Ірына Цяплова.

Двое маладых людзей атрымалі па 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за відэа ў Instagram.

Абвінавачаныя, як паведамляе сайт Вярхоўнага суда Беларусі,  будучы ў стане алкагольнага ап'янення, дзейнічаючы ў групе, наўмысна, з мэтай распальвання іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, ажыццявілі ўзгодненыя дзеянні па сумесным стварэнні і размяшчэнні на інтэрнэт-старонцы сацыяльнай сеткі «Instagram» відэароліка, які схіляе нявызначаны круг асоб да непасрэднага здзяйснення агрэсіўных супрацьпраўных дзеянняў, суправаджаюцца прымяненнем гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама.

«Маладыя людзі заклікалі на відэа збіваць супрацоўнікаў АМАП і іншых праваахоўнікаў, — адзначылі ў пракуратуры. — У гэтым жа роліку быў паказаны іх удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах з пратэставай атрыбутыкай. Пасьля свой учынак фігуранты крымінальнай справы патлумачылі алькагольным ап’яненьнем і ўплывам на іх інфармацыі ад дэструктыўных групаў у сацыяльных сетках».

У аднаго падсуднага маецца інваліднасць; абодва вырашылі запосціць відэа, у якім заклікалі «біць АМАП» пад сценамі магілёўскай турмы, але самі на «стрэлку» не з'явіліся, дзяржпрапаганда гучна расшарыла іх затрыманне, абвясціўшы маладых людзей футбольнымі фанатамі, якімі, па іх словах, яны не з'яўляюцца.

У судовым пасяджэнні абвінавачаныя віну ў здзейсненым прызналі цалкам.

Судом абвінавачаныя Прус і Бондараў прызнаныя вінаватымі ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб, і на падставе ч. 3 арт. 130 КК ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму кожнаму.

У адпаведнасці з ч. ч. 1 і 2 арт. 106 КК у дачыненні да абвінавачанага Бондарава судом ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: