Распрацоўшчык «Спутника» назваў тых, на каго вакцына не дзейнічае

Дырэктар Цэнтра імя Гамалеі заявіў, што вакцына «Спутник V» не дае эфекту ў людзей, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, а таксама «дрэнна працуе» ў тых, хто прымае цытастатыкі і проціпухління прэпараты. Аляксандр Гінцбург растлумачыў, чаму гэта адбываецца.


«Пакутуюць тыя, у каго ўзровень этылавага спірту ў крыві падымаецца да 1%. Я неяк прыкінуў, голячыся раніцай перад люстэркам — гэта паўтары шклянкі гарэлкі ў дзень — заявіў Гінцбург. — Не так ужо і шмат для Расіі. Але аказваецца, такі аб’ём таксічны для клетак. Пры такім узроўні этылавага спірту клеткі імуннай сістэмы перастаюць дзяліцца. А для таго, каб выпрацаваліся антыцелы, клеткі дзяліцца павінны. Тое ж самае адбываецца з-за той гадасці, якая ідзе ад наркотыкаў», — прыводзяць яго словы naviny.online са спасылкай на партал doctorpiter.ru.

Гінцбург таксама дадаў, што дзяленне клетак спыняецца пад уздзеяннем цытастатыкаў, якія прымаюць анкалагічныя хворыя, знаходзячыся ў актыўнай стадыі лячэння.

«Яны душаць дзяленне анкалагічных клетак, а таксама ўсіх іншых», — удакладніў навуковец.

Гінцбург таксама распавёў, што праз дзевяць месяцаў пасля курсу вакцынацыі тытр антыцелаў у яго не паменшыўся. Але яго супрацоўніцы, у якіх узровень антыцелаў пасля прышчэпкі знізіўся праз 11 месяцаў, прайшлі паўторную вакцынацыю першым кампанентам.

«Праз чатыры-пяць дзён яны ўбачылі ў сябе ў высокі ўзровень антыцелаў. Гэта сведчыць пра тое, што ў іх у арганізме ёсць клеткі памяці, якія пры сустрэчы з вакцынай імгненна напрацавалі неабходны ўзровень антыцелаў, — заявіў Гінцбург. — Гэта значыць, што ў нас выдатныя клеткі памяці, і можна не прышчапляцца паўторна. Проста нашыя супрацоўніцы на сабе паставілі такі вопыт».

Вучоны таксама пацвердзіў, што вакцына « Спутник V», меркавана, будзе абараняць чалавека ад каронавіруса каля двух гадоў.

Нагадаем, вакцыну «Спутник V» пачалі «разліваць» у Беларусі. Яе робяць з паўпрадуктаў расійскай вытворчасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: