Расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі зноў прыпынена

Стала вядома, што 18 сакавіка папярэдняе следства крымінальнай справы па факце знікнення Юрыя Захаранкі зноў прыпынена: няма каго вінаваціць.
Адпаведнае паведамленне са Следчага камітэту атрымаў праваабаронца і давераная асоба сям'і Захаранка Алег Волчак.

«... органам крымінальнага пераследу ў далейшым, як непасрэдна, так і праз органы дазнання, будуць прымацца меры па ўсталяванні вінаватай асобы», — паведаміў у адказе начальнік аддзела Следчага камітэта Юрый Вараўка.


Пасля прызнальных паказанняў былога байца САХРу Юрыя Гараўскага папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе аб гвалтоўным знікненні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі працягнулі да 18 сакавіка.

Адмова следства Беларускай праўдзе пракаментаваў Алег Волчак:

— У мяне не выклікаў здзіўлення той факт, што следчы Юрый Вараўка зноў прыпыніў расследаванне па справе Юрыя Захаранкі. Ведаеце, у любым выпадку, следчы быў абавязаны выкарыстаць усе магчымасці для допыту Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ў забойстве і прадставіў свае доказы. Тым больш, што ўрад Швейцарыі яму б у гэтым не перашкаджаў. Атрымліваецца, што следству паказанні Юрыя Гараўскага не патрэбныя. Рашэнне следства яшчэ раз пацвердзіла, што пры гэтай уладзе ніхто не будзе праводзіць аб'ектыўнае расследаванне. Маглі б хоць бы правесці прэс-канферэнцыю і сказаць, што паказанні Юрыя Гараўскага не пацвердзіліся. Справы аб гвалтоўных выкраданнях міністра МУС Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага будуць зноў ляжаць у сейфе ў Вараўкі, а міліцыя будзе раз на год складаць рапарт, што прыклалі ўсе намаганні знайсці злачынцаў, але не змаглі.

Былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, які пасля адстаўкі спрабаваў аб'яднаць былых і дзеючых афіцэраў сілавых структур, стаў першай ахвярай «эскадронаў смерці». Палітыка выкралі 7 траўня 1999 года побач з уласным домам ...

Толькі 17 верасня 1999 года ўзбуджана справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй па пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

Адведзеныя законам на расследаванне 15 гадоў скончыліся 7 траўня 2014 года, таму справа аб знікненні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі падлягае спыненню па тэрмінах даўнасці.

1 жніўня 2016 года Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні скаргі 92-гадовай Ульяны Захаранкі, маці экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, аб прызнанні сына памерлым. На працягу 13 гадоў гэтым жа займаецца і жонка зніклага палітыка Вольга Захаранка.

Апошні раз расследаванне прыпынялася ў снежні 2018 года.

Расследаванне справы было адноўлена 18 снежня мінулага года — на другі дзень пасля выкрывальных прызнанняў Юрыя Гараўскага.

Папярэдняе расследаванне па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі падоўжанае да 18 лютага 2020 года.

Паводле belprauda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: