Рашэнне пра прымусовае лячэнне Марыі Аляксеенкавай пакінулі ў сіле

Мінскі гарадскі суд не знайшоў падставаў адмяняць пастанову суда Цэнтральнага раёна Мінска. Калі праз 10 дзён прысуд уступіць у сілу, Аляксеенкаву могуць прымусова забраць на лячэнне ў Навінкі.
Аляксеенкава з бацькам, які цяпер яе законны прадстаўнік

Аляксеенкава з бацькам, які цяпер яе законны прадстаўнік



Нагадаем, побытавы канфлікт мінчанкі Марыі Аляксеенкавай са знаёмай скончыўся крымінальнай справай і прызнаннем Марыі псіхічна нездаровым чалавекам — пра гэта мы падрабязна пісалі раней. Падчас следства Аляксеенкава, маючы юрыдычную адукацыю і досвед працы ў судзе, самастойна бараніла свае правы і актыўна скардзілася на незаконныя дзеянні праваахоўнікаў. Пасля скаргі ў КДБ Марыю скіравалі на псіхіятычную экспертызу ў Навінкі, падчас якой у яе быццам бы знайшлі псіхіятрычнае захворванне. У сувязі з дыягназам ад крымінальнай адказнасці Аляксеенкаву вызвалілі. Але цяпер маладая жанчына не ведае, як ёй аспрэчыць дыягназ медэкспертаў. У дадзены момант яна для суда — ніхто, яе падчас судовых працэсаў нават ні разу не апыталі. Законным прадстаўніком Аляксеенкавай з’яўляецца яе бацька, Карэн Іоанісіані.

Падчас судовага паседжання Карэн Іоанісіані выступіў з палымянай прамовай, разбураючы ў пух і прах пазіцыю следчых ды раённага суда. Нават суддзі калегіі па крымінальных справах Людміла Шапашнікава, Жанна Брысіна і Сяргей Хрыпач, якія напачатку выглядалі мала зацікаўленымі, падчас прамовы ажывіліся і, выглядала, што прыслухоўваліся да аргументаў законнага прадстаўніка. Аднак, на жаль, гэта толькі так выглядала, бо пасля доўгай супольнай нарады суддзі абвясцілі, што ўсё ж пакідаюць рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска без зменаў.

Чытайце таксама:

Мільёны еўра ЕС для судовай сістэмы РБ


Не паўплывалі на меркаванне суддзяў і аргументы адваката Ульянцава, які абгрунтавана крытыкаваў спосаб правядзення экспертызы. Як мы пісалі раней, гэта экспертыза заняла ўсяго паўтары гадзіны і ўяўляла сабой простую гутарку з Марыяй, правядзенне нескладаных псіхіятрычных тэстаў ды вывучэнне экспертамі матэрыялаў справы. У той жа час абаронца Аляксеенкавай гаварыў пра неабходнасць працяглага даследвання, адсочвання дынамікі, пра важнасць правядзення аналізаў — усяго гэтага зроблена не было.

Цяпер Марыя Аляксеенкава рыхтуецца да падачы нагляднай скаргі ў Вярхоўны суд, а пасля і ў Камітэт ААН па правах чалавека. Нягледзячы на тое, што з-за стрэсу апошнім часам у Аляксеенкавай пагоршылася здароўе, яна не вешае нос і настроена абараняцца да канца. Акрамя скаргі ў суд і ААН, законны прадстаўнік Марыі Аляксеенкавай ужо падаў скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта, адкуль яе перанаправілі ў пракуратуру.

Мы будзем і надалей сачыць за гэтай гісторыяй.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: