Размаўляйце на нармальнай мове!

Шмат хто з беларускамоўных грамадзян чуў ад менш адукаваных асобаў: «Гаварыце на нармальным языке!» Але шчыра радуе тое, што такіх невукаў усё менш і менш. 21 лютага краіна адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы.


Гэтае адзначэнне было, з аднаго боку, даволі дзіўным, а з іншага — даволі прыемным. Першае, здзіўляючае, — усё ж гэта быў «міжнародны» дзень. Прыемнае — тое, што зараз ён адзначаўся ледзь не на дзяржаўным узроўні. Які яшчэ міжнародны дзень у нас займеў такі статус? Хіба 8 сакавіка — але гэта традыцыя.

Канешне, парадавалі нас беларускія тэлеканалы, якія нарэшце ўзгадалі, што яны беларускія. 21 лютага беларускамоўнымі сталі праграма ОНТ «Наша раніца», выпускі «Нашых навін», «Навіны спорту» і надвор’я. У сераду ўсе інфармацыйныя праграмы на Сталічным тэлебачанні выходзілі выключна на беларускай мове.

Прыемна, што такім чынам беларуская мова паступова вылузваецца з «інфармацыйнага гета». Але, канешне, узнікае пытанне: чаму б беларускім тэлеканалам не прыгадваць, што яны беларускія, ва ўсе іншыя дні, а не толькі ў моўнае свята? І ўвогуле, чаму беларускія тэлеканалы грэбуюць мовай ва ўсе астатнія дні? Можа, атрыманы ва ўсіх гэтых эфірах досвед падштурхне да змянення мовы вяшчання не толькі па адметных днях?

У любым выпадку, тэлеканалы зараз упэўніліся, што нічога страшнага ў беларускамоўным вяшчанні няма. Праўда, такі досвед у іх быў — яшчэ ў часы СССР і перабудовы, калі айчыннае тэлебачанне таксама было больш беларускамоўным. Але гэты досвед, пэўна, ужо забыты.

Падтрымалі ініцыятыву і іншыя дзяржаўныя інстытуцыі. Напрыклад, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, падзяліўся планамі мовазнаўцаў на 2018 год. У прыватнасці, для папулярызацыі роднай мовы. Навукоўцы плануюць стварыць партал, які пакуль умоўна называецца «Правапіс.бай». «Мы адчуваем сёння вострую неабходнасць у стварэнні электроннай даведачна-інфармацыйнай службы Правапіс.бай на ўзор расійскага партала «Грамота.ру» для папулярызацыі роднай мовы», — заявіў Капылоў.

«Грамота.ру» — зручны партал, на якім кожны ахвочы можа задаць любое пытанне па функцыянаванні мовы і атрымаць кваліфікаваны адказ ад лепшых моўных спецыялістаў. На сайце таксама шмат слоўнікаў, даведнікаў, зручны пошук.

Планы беларускіх навукоўцаў, канешне, можна толькі вітаць. Але гэтыя ініцыятывы нагадваюць мне стары бандэраўскі анекдот. Пра тое, як устаў мужык-беларус зранку, худобу пакарміў, есці згатаваў, шмат спраў перарабіў, каня запрог, паехаў у поле араць. Арэ, арэ, стаміўся, сеў, люльку зацяпліў… Чуе, як недзе ўдалечыні зайграла радыёкропка: «Московское время — шесть часов!» І кажа сабе ў вусы: «О! Маскалікі прачнуліся!»

Менавіта гэтых «прачнуўшыхся маскалікаў» і нагадвае мне Інстытут мовазнаўства. Яны зараз пачнуць дубляваць тое, што ўжо дзясяткі гадоў як зроблена грамадскімі актывістамі на сайтах «Слоўнік.орг», «Беларуская палічка», «Камунікат» і іншых. А група «Беларускі N-corpus» увогуле распрацавала ўбудоўваемую ў Word праверку беларускай арфаграфіі. «Корпус мае больш за 50 тысяч тэкстаў (прыкладна 30 мільёнаў словаўжыванняў) мастацкай літаратуры (проза і вершы) і публіцыстыкі з граматычнай разметкай і пашпартызацыяй (аўтар, назва твора і г.д.)», — пішуць стваральнікі праекта.

Так што хіба не ўвесь «Правапіс.бай» ужо зроблены і дасяжны — праўда, на розных рэсурсах, але тым не менш. І што немалаважна — зроблены на голым энтузіязме, без засваення дзяржаўных сродкаў.

Шырэйшы распаўсюд беларускай мовы адзначыла і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. «Беларуская мова ўсё больш выкарыстоўваецца ў рэкламе. Мы бачым, што кампаніі робяць з беларускай мовы «фішку», паколькі некаторыя словы маюць настолькі арыгінальнае і цікавае гучанне, якое, абгульваючы ў рэкламе, прыцягвае вялікую ўвагу спажыўцоў», — сказала начальнік сектара па рэкламе ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай міністэрства Іна Гаўрыльчык.

Гаўрыльчык выказала здагадку, што часцей выкарыстоўваць беларускую мову ў рэкламе кампаніі падштурхнула ў тым ліку нарастаючая цікавасць да краіны з боку замежнікаў. «Турыстам цікавая аўтэнтычнасць, ім хочацца бачыць нейкія рысы краіны, якія вылучаюць яе на фоне іншых», — адзначыла яна і выказала спадзяванне, што тэндэнцыя «выкарыстання прыгажосці, мілагучнасці і пэўнай нестандартнасці беларускай мовы» будзе расці.

Аднак дзе была б гэтая тэндэнцыя без кампаніі «Будзьма беларусамі!» і іх фестывалю беларускамоўнай рэкламы «Аdnak!»? Будзем казаць шчыра — менавіта яны, замаўляючы даследаванні на рэкламным рынку, пераканалі бізнес, што беларускамоўная рэклама — больш заўважная, больш прываблівая, а значыць, больш эфектыўная, чым стандартная рускамоўная. Што бізнес на беларускай мове — больш адметны, а значыць, больш запамінальны, больш прыцягвае ўвагу.

Так што «мяккая беларусізацыя», як гэта часцяком называецца ў прэсе, рухаецца ў слушным кірунку. Яна збольшага ідзе знізу, з ініцыятывы грамадзян, але, у прынцыпе, так і павінна адбывацца. Галоўнае, каб грамадзяне прымусілі ўладу зразумець, што мова — гэта каштоўнасць. І што дзяржава павінна клапаціцца пра гэтую каштоўнасць таксама.

Пакуль яшчэ ёсць такія дырэктаркі школы і старшыні ўчастковых камісій, як Галіна Юрцэвіч, якая заявіла, што не абавязаная ведаць беларускую мову. Але намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец ужо выказаў думку, што іх трэба звальняць за прафесійную непрыдатнасць. «У нас ёсць Канстытуцыя і ёсць закон аб мовах, дзе сказана, што кожная службовая асоба павінна валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі для выканання сваіх службовых абавязкаў», — перадае БелаПАН словы прафесара на круглым стале ў Акадэміі навук.

І менавіта ж дзяржава павінна сачыць за тым, каб законы выконваліся, праўда?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: